Чырвоны, жоўты, зялёны…

У мінулую суботу наш райцэнтр з раніцы нагадваў сабою вялікі, растрывожаны руплівай працай муравейнік — работы па навядзенню парадку, добраўпарадкаванне праходзілі ў рамках рэспубліканскага суботніка. Не выключэннем была і Жыткавіцкая сярэднеадукацыйная школа №1, суботнік на тэрыторыі якой супаў з раённым конкурсам юных інспектараў дарожнага руху.


Пасля занальных спаборніцтваў у фінал трапіла 6 каманд: Жыткавіцкія сярэднеадукацыйныя школы №№1, 2, 3 і 4, гімназія і Чырвоненская сярэдняя школа. У пачатку адзінаццатай гадзіны раніцы каманды юных інспектараў дарожнага руху і выстраіліся на прышкольнай пляцоўцы.


Капітаны каманд здаюць рапарты старшаму дзяржаўтаінспектару ДАІ Жыткавіцкага РАУС Ігару Луцко. Затым слова прадастаўляецца начальніку ДАІ капітану міліцыі Уладзіміру Кулакевічу. Ен жадае ўдзельнікам конкурса засяроджанасці, цярплівасці, майстэрства, а суддзям — аб’ектыўнасці і справядлівасці.


Вядучы спецыяліст аддзела адукацыі райвыканкама Надзея Зевакіна прадставіла прысутным склад журы, і конкурс распачаўся. Ен уключаў у сябе 4 намінацыі: «Уважлівы ўдзельнік дарожнага руху», тэарэтычны экзамен на веданне правілаў дарожнага руху, аказанне першай дапамогі пацярпеўшаму і фігурнае ваджэнне веласіпеда.


Трэба было толькі бачыць, як хваляваліся вучні, якім моцным было жаданне перамагчы! Конкурс па фігурнаму ваджэнню веласіпеда, які праводзіўся ў школьным двары, складаецца з 10 элементаў. І кожнаму з 8 удзельнікаў каманды, стаўшы на старт, трэба было, што называецца, узяць сябе ў рукі, набрацца спакою, стрыманасці, каб без парушэнняў, віртуозна выконаць усе гэтыя элементы і да таго ж укласціся ў мінімальна кароткі адрэзак часу. Па даўняй добрай традыцыі, якой ужо не адзін дзесятак гадоў, гэты конкурс праводзіць начальнік раённай арганізацыйнай структуры ДТСААФ Віктар Ярмош. Вось і цяпер ён, аддаючы чарговую каманду на старт, пільна сачыў за сваім секундамерам. І дапамагалі яму ў аб’ектыўным судзействе яго таварышы па арганізацыі.


Чародкаю, па дзве дзяўчыны і два хлапчукі, з кожнай каманды, заходзяць удзельнікі конкурса па аказанню першай медыцынскай дапамогі пацярпеўшаму ў адзін з класаў школы, дзе іх ветліва сустракае старшыня раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Ларыса Фралова. Выцягваюць зялёныя і жоўтыя білецікі, у якіх практычныя і тэарэтычныя заданні. Схіліўшы галовы, раяцца і прыступаюць да адказаў. Называюць віды апёкаў, першую дапамогу пры іх, віды і прыкметы крывацячэння, правілы транспарціроўкі хворых і г.д.


— Дзеці прадэманстравалі даволі нядрэнныя веды, — дае каментарый пасля намінацыі Ларыса Фёдараўна. — Асабліва вызначыліся каманды гімназіі, Жыткавіцкіх сярэдніх школ №№ 2 і 1.


А ў двух суседніх класах веды школьнікаў па правілах дарожнага руху ацэньваюць старшы дзяржаўтаінспектар Ігар Луцко, метадыст вучэбна-метадычнага кабінета Таццяна Русая і інспектар ДАІ Алег Юшко.


Паралельна ішоў конкурс і на лепшую газету атрада. Найлепшай змястоўнасцю і маляўнічым афармленнем вызначаліся газеты Жыткавіцкай гімназіі і сярэдняй школы №3.


І заключным акордам спаборніцтва стала агітацыйна-мастацкае прадстаўленне каманд. Тут ужо хлопчыкі і дзяўчынкі на сцэне далі волю сваёй фантазіі, творчым здольнасцям, накіраваным на прапаганду ведання і выканання правілаў дарожнага руху.


Нарэшце — самы хвалюючы момант: падлік балаў і вызначэнне месцаў. Пераможцамі, як і летась, стала каманда юных інспектараў дарожнага руху Жыткавіцкай сярэднеадукацыйнай школы №2. На другіх і трэціх месцах — гімназія і сярэдняя школа №1. На лінейцы прызёрам былі ўручаны граматы начальнікам Жыткавіцкай ДАІ У.Кулакевічам. Граматы і падарункі былі ўручаны таксама ў асобных намінацыях прадстаўнікамі раённай арганізацыйнай стурктуры ДТСААФ і раённай арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.


Ганаровае права прадстаўляць наш раён на абласных спаборніцтвах заваявала каманда Жыткавіцкай сярэднеадукацыйнай школы №2. У добры шлях, юныя інспектары!


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.