Дзяцінства, апаленае вайной
Напярэдадні 9 Мая ў раёне праходзіла шмат урачыстых мерапрыемстваў. Вось і я са сваімі вучнямі пабывала на сустрэчы з ветэранамі і сведкамі падзей Вялікай Айчыннай вайны. Сустрэча была арганізавана загадчыцай чытальнай залы цэнтральнай бібліятэкі Валянцінай Ахрамовіч.
Раней я ведала пра Галіну Васільеўну як пра вопытнага педагога і мудрага дарадчыка, але толькі сустрэўшыся ў бібіліятэцы зразумела, што гэта чалавек незвычайнага лёсу, дзяцінства якога апалена вайной. Яна — малалетні вязень фашысцкіх канцлагераў. Мяне крануў расповед, і хачу, каб аб тым, праз што прайшла гэта жанчына, прачыталі людзі. — На пачатку вайны, — расказала Галіна Васільеўна, — мне пайшоў чацвёрты год. Пра тое, што пачалася вайна, мы, дзеці, не разумелі, не ўсведамлялі тады. Праз некалькі тыдняў з’явіліся першыя самалёты, іх было многа. Здзіўленыя, мы пабеглі, каб паглядзець на такую вялікую іх колькасць. І раптам — бамбёжка. Пасыпаліся снарады, бомбы. Дзеці ўрассыпную пабеглі хавацца, хто куды. З’явіліся ў горадзе першыя ахвяры: гэта былі параненыя, забітыя людзі. Цэнтр горада быў разбураны. А яшчэ праз некалькі дзён на машынах і матацыклах уварваліся немцы з аўтаматамі, у мундзірах. Урываліся ў двары, лавілі ўсё, што траплялася пад рукі: курэй, свіней, кароў… Потым рэзалі, раскладвалі палявыя кухні. Памятаю, як яны, смела ўвайшоўшы ў хату, патрабавалі масла, сала, яйкі. Людзі закопвалі ў ямы дабро, каб ўберагчы. Але ворагі знаходзілі, вырывалі гвалтам. Глядзелі на нас, як на дзікуноў. Для іх мы былі ніхто. Першымі пачалі расстрэльваць яўрэяў, камуністаў. Затым пачалі забіваць за сувязь з партызанамі. Старэйшы сын мамінага брата пайшоў у партызаны, калі ён браў нямецкага “языка”, на яго данеслі ў камендатуру. А раніцай наступнага дня ўсю сям’ю (9 чалавек, сярод іх маленькія дзеці былі) расстралялі, на вачах бацькі старэйшую дачку згвалтавалі і забілі. У гэты дзень 50 чалавек загінула ад рук фашыстаў.
У пачатку 1944 года быў масавы ўгон мясцовага насельніцтва ў Германію. Пад’ехала к дому грузавая машына з нямецкімі аўтаматчыкамі. Фашысты акружылі двор, уварваліся ў хату і скамандавалі, каб тэрмінова збіраліся. Гэта было 11 ліпеня 1944 года. Пагрузілі нас на машыну і павезлі на чыгуначны вакзал, які таксама быў акружаны нямецкімі салдатамі. Стаялі таварныя вагоны, у якіх ужо былі людзі. Пагрузілі нас у вагоны для жывёлы. Было цесна, душна, не хапала паветра, вады. Нас павезлі ў бок Лунінца, а потым на Беласток і на Асвенцым. Там высадзілі на адкрытае поле, пад праліўны дождж.
Праз некалькі дзён усіх распранулі нагала і прапусцілі праз санпрапускнік. Каго адправілі ў газавую камеру, каго павезлі ў Германію. Мне запамятаўся пах гару і ваганеткі з попелам…
Потым нас павезлі ў лагер “Kies” г. Штутгарт. Тэрыторыя была абнесена калючым дротам у некалькі радоў, ахова, паліцэйскія з аўтаматамі, аўчаркамі. Размясцілі нас у баракі па 20-25 чалавек на драўляныя двухярусныя нары. Ні коўдры, ні матрацаў, ні падушак не было. Спалі на голых дошках. Памяшканне не абагравалася. Заядалі клапы, у кожнага з’явіліся вошы. Пастаянныя бамбёжкі, бо горад быў прамысловы. Па 5-6 разоў бамбілі за ноч. Паветрана-баявая трывога і зараз стаіць у вушах маіх… Увесь час галадалі, кармілі баландой (1 чарпак вады з капуснымі лістамі і гусеніцамі на іх, сушаная бруква). На нядзелю выдавалі булачку эрзац-хлеба. Людзі ад голаду шукалі травінкі, што адрасталі, з’ядалі ўсё, што побач расло.
Бацькоў у 6 гадзін раніцы выганялі на работу, у 7 гадзін раніцы выганялі падлеткаў ад 8 гадоў. А мы знаходзіліся ў лагеры, нас прымушалі прыбіраць тэрыторыю. Я была захварэла на адзёр і коклюш, аслепла. Дапамогі медыцынскай не аказвалі . Знясіленыя людзі паміралі. І цяпер чую стуканне калодак па асфальце, у якія былі мы абуты…
…Вызвалілі нас саюзныя войскі 21 красавіка 1945 года. Немцы, адчуўшы, што амерыканцы ўваходзяць у горад, узарвалі мост праз раку Шпрэя.
Людзей ужо не пагналі на работу, мы адчулі канец вайны. Уся ахова лагера збегла. Нас было тут каля 3000 чалавек рускіх і беларусаў. Там яшчэ мы знаходзіліся да 7 чэрвеня 1945 года.
Затым нас павезлі ў Аўстрыю ў фільтрацыйны лагер г. Брук. Высадзілі пад павець і перадалі савецкім войскам. Харчаванне было атручана. Асабліва страшна паміралі дзеці. Страшна ўспомніць, як чалавек, які паспрабаваў ежу, адразу падаў і паміраў. Таму хадзілі красці, варылі зерне, якое бралі з разбомбленых вагонаў. Усё варылі, што траплялася…
Потым нас павязлі праз Чэхаславакію ў Львоў. Высадзілі пад адкрытае неба на полі. Тут таксама давялося перажыць выпрабаванне на голад і холад.
У таварных вагонах мы дабраліся да Калінкавіч. Дарога назад на Радзіму была вельмі доўгая і пакутлівая. Многа загінула людзей па дарозе назад.
У 1945-ым мне было 7 гадоў. Памятаю, як прыходзілася вучыцца ў школе. Партфеляў не было, чарніла таксама, адзін падручнік быў на ўвесь клас. Пісалі на газетах, сшывалі сшыткі з мяшкоў з-пад цэменту, чарніла рабілі з соку буракоў.
…Галіна Васільеўна ўспамінае пасляваенны 1947 год, галодны год… Жанчына ледзь стрымлівае слёзы, але яны з’яўляюцца на яе твары. Вельмі цяжка ёй успамінаць той час. Усё перажыла, выпакутавала…
40 гадоў жыцця яна аддала працы ў галіне народнай адукацыі, добрасумленна выконвала свае абавязкі на розных пасадах. Не шкадавала сіл, усю энергію сваёй душы аддавала для навучання дзяцей матэматыцы.
Галіна Васільеўна ўзнагароджана медалём “Ветэран працы”, “За доблесную працу”, Ганаровай граматай Міністэрства асветы Беларускай ССР “Пераможца сацыялістычнага спаборніцтва”, “60 гадоў Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў”.
Бывае, жывуць побач з намі людзі, простыя, сумленныя, працавітыя, але ў цяперашнім, такім імклівым жыцці не заўважаеш, што лёс у іх асаблівы, што вельмі патрэбна ім наша ўвага, дапамога…
В. ЗАБЕЛІЧ, настаўніца беларускай мовы і літаратуры САШ №1 г. Жыткавічы.