Тварыць дабро – святы наказ Кірылы Тураўскага
Як вядома, асветнік і святар уласным прыкладам, жыццём сваім вучыў сучаснікаў жыць па законах дабрыні, праўды і справядлівасці, спагады і міласэрнасці, гасціннасці і зычлівасці. Дзякуючы таленту літаратара, багатай творчай спадчыне працягвае праз стагоддзі вучыць і нас, беларусаў і ўвесь славянскі свет, гэтаму ж. Яго справы дагэтуль памятаюць і шануюць далёка за межамі Палесся. Вось чаму ў чарговы дзень памятных угодкаў праваслаўнага царкоўнага дзеяча, святло чыіх слоў дайшло праз вякі да нас, на яго малую Радзіму з’язджаюцца сотні людзей. Гэта, найперш, вернікі. Але шмат і навукоўцаў, і пісьменнікаў, грамадскіх дзеячаў, якія хочуць пакланіцца зямлі , што нарадзіла і дала нам “другога Залатавуста”.
Гэтак было і сёлета, калі на Замкавай гары, каля музейнай экспазіцыі “Старажытны Тураў” сабралася каля тысячы чалавек. Яны чакалі ганаровага і важнага госця, чый прыезд, бясспрэчна, становіцца цэнтральнай падзеяй свята.
І кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы, мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі Філарэт засведчыў ізноў сваім пастырскім візітам — зямля, якая нарадзіла выдатнага сына, сапраўды святая. І блаславіў на добрыя справы ўсіх, хто прыйшоў на богаслужэнне ў гонар беларускага асветніка…
Раз на год рэшткі фундаментаў старажытнага храма ХІІ стагоддзя нібыта ажываюць, становяцца месцам свяшчэннага набажэнства. Тут разасланы дываны, дарожкі, што вядуць у скрыпту, усланы жывымі вясеннімі кветкамі. А ўнутры — іконы, гараць свечкі, спавядаюцца вернікі. Некалі тут правіў службу і сам святы Кірыла…
Каля дзесяці гадзін трыццаці хвілін аўтамабіль мітрапаліта спыняецца на Чырвонай плошчы горада, дзе высокага госця вітаюць простыя людзі і кіраўнікі раёна, вобласці. Сярод прысутных — намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Кірычэнка і епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфаній, старшыня райсавета дэпутатаў Віктар Атліванаў і іншыя афіцыйныя асобы. Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі Філарэт ступае на святую зямлю і вітаецца са сваімі братамі і сёстрамі: “Хрыстос уваскрэсе!”, і гучыць яму ў адказ “Сапраўды ўваскрэсе!”…
Прыпынак на гэтым месцы невыпадковы: некалькі гадоў таму тут быў адкрыты памятны знак у гонар 1000-годдзя Тураўскай епархіі. Мітрапаліт Філарэт і намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Кірычэнка ўскладваюць кветкі да яго. Затым, яшчэ раз прывітаўшы вернікаў і сустракаючых, картэж Патрыяршага Экзарха накіроўваецца на Замкавую гару.
У гэты час уступы да Замкавай гары нагадвалі людскі муравейнік. Тут жа, акайміўшы сцяжынку да старажытных рэшткаў храма, — некалькі дзесяткаў святароў Турава-Мазырскай епархіі і суседніх епархій, святары з Украіны. І вось паказваецца картэж высокага госця.
Патрыяршы Экзарх звяртаецца да людзей з пасхальным прывітаннем “Хрыстос уваскрэсе!” — і голасна адзываецца ў паднябессі шматгалосае “Сапраўды ўваскрэсе!”. Ен прымае ад маладых тураўлянак хлеб-соль і бласлаўляе іх на добрае жыццё, затым вітае дэлегацыю ўкраінскіх святароў, прымае крыж ад мітрафорнага протаіерэя Тураўскай царкоўнай акругі і, ідучы да месца набажэнства, неаднаразова звяртаецца са святочным вялікодным прывітаннем да месцічаў і гасцей горада.
Амаль дзве з паловай гадзіны працягваецца свята духу пад склепеннямі магутных арак скрыпты, гучыць праваслаўная малітва-зварот да свяціцеля зямель славянскіх. Па завяршэнню набажэнства вернікі пачулі з вуснаў аднаго са святароў своеасаблівы зварот аб шматпакутнай зямлі тураўскай і яе святасці, пра тых, хто закладваў асновы праваслаўя на тутэйшай зямлі — святых Лаўрэнціі, Марціне і, канешне ж, Кірыле Тураўскім, які быў названы апосталам Беларускага праваслаўя. Тварыць дабро, як было засведчана, наказаў спадкаемцам светач царквы. У прамове нямала было сказана аб граху і прыкладах пакаяння, ратаванні душы чалавечай.
Традыцыйна ў вялікі дзень для Беларускай праваслаўнай царквы ўшаноўваюцца спадзвіжнікі і дабраахвотныя памочнікі яе. Не стала выключэннем і сёлетняе свята. Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі, Патрыяршы Экзарх Усяе Беларусі Філарэт, звярнуўшыся да прысутных, распавёў пра ўшанаванне памяці святога Кірылы. У яго гонар названа Мінская духоўная семінарыя, устаноўлены ўзнагароды. Дзеля памяці ж аб сённяшнім свяце ён падараваў епіскапу Тураўскаму і Мазырскаму Стэфанію кнігу святой Бібліі, якая, па словах мітрапаліта, павінна заняць самае выгоднае месца ў бібліятэцы епархіі. Таксама Граматай Беларускай праваслаўнай царквы за вялікую асветніцкую працу ўзнагароджаны Мазырскі педагагічны ўніверсітэт імя Івана Шамякіна.
Дарэчы, Уладыка хораша сказаў пра класіка беларускай літаратуры, з якім быў асабіста знаёмы і вельмі паважаў. Ен, у прыватнасці адзначыў: “Іван Шамякін шмат зрабіў дзеля літаратуры і асветы беларускага народа”.
Асаблівая ўзнагарода чакала і нашага земляка Міхаіла Саскевіча. Прадпрымальны кіраўнік зрабіў нямала ахвяраванняў дзеля выдатнай справы – будаўніцтва новага храма ў Жыткавічах. І гэтая справа не засталася незаўважанай — Патрыяршы Экзарх уручыў М.П. Саскевічу медаль Беларускай праваслаўнай царквы імя Кірылы Тураўскага.
Не засталіся няўважлівымі да высокага госця і гаспадары свята — ад імя ўсіх вернікаў і святароў епіскап Тураўскі і Мазырскі Стэфаній падзякаваў Уладыку за пастырскі візіт, здзяйсненне набажэнства, якое, на ягоную думку, дасць сілаў і моцы самааддана працаваць і тварыць надалей, з высокім блаславеннем. Як удзячнасць ён уручыў мітрапаліту абраз святога благавернага князя Барыса Тураўскага, чыю памяць таксама ўшаноўвае Беларуская праваслаўная царква.
Пасля гэтага і святары, і вернікі, і кіраўнікі ўладных структур накіроўваюцца да падножжа помніка К. Тураўскаму. Мітрапаліт Філарэт і намеснік старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Пётр Кірычэнка ўскладваюць кветкі да манумента. Гэта ж робяць царкоўнаслужыцелі, вернікі і паломнікі, дзеці.
Затым высокі царкоўны госць звяртаецца з прывітаннем і віншаваннем да месцічаў і ўсіх праваслаўных хрысціян — землякоў асветніка. Яго слова прасякнута павагай да Тураўскай зямлі, святы айцец гаворыць пра неацэнны ўклад К. Тураўскага ў развіццё духоўнасці беларускага народа, праваслаўя, зычыць яго працавітым нашчадкам шчасця і дабрабыту, далейшага росквіту і перамогі дабра, умацаванню ў святой праваслаўнай веры.
Слова было прадастаўлена і намесніку старшыні абласнога выканкама Пятру Кірычэнка. Пётр Аляксеевіч павіншаваў прысутных з вялікім праваслаўным святам, адзначыў, што яго свята мы адзначаем адразу пасля векапомнага Дня Перамогі. На працягу стагоддзяў царква разам з праваслаўным воінствам імкнулася дасягнуць міру. І цяпер Беларуская царква робіць шмат для духоўнага станаўлення народа, аб’ядноўвае маладых беларусаў на карысныя справы. А гэта вялікая справа, за што вельмі ўдзячны органы ўлады.
Гучыць многагалосае “Многае лета…”
Стоячы каля падножжа помніка Вялікаму Тураўляніну, кіраўнік Беларускай праваслаўнай царквы жадае росквіту гэтай зямлі і самага найлепшага яе людзям, развітваецца з вернікамі. Спускаючыся з замчышча, ён бласлаўляе дзесяткі людзей на добрыя пачынанні. І гучыць над замчышчам зноў шматгалосае “Хрыстос Уваскрэсе”!..
…Свята адбылося. Яно, на мой погляд, яшчэ раз засведчыла, што цікавасць да праваслаўных каштоўнасцяў не згублена на гэтай зямлі. Яна — нязрушна. Бо ёсць — святы Кірыла, які моліцца за нас. Каб мы, патомкі ягоныя, рабілі ўсё магчымае, не гасілі нашыя святыні. Так, відавочна, павінна быць, бо наш славуты зямляк — найперш быў святаром, духоўнай асобай. Таму і аддаваць яму даніну павагі патрэбна найперш як праваслаўнаму царкоўнаму дзеячу, святло чыіх слоў дайшло праз вякі да нас. І, як заўважаюць вернікі, ушанаванне гэтай асобы павінна адбывацца праз малітву, бо жыццё і дзейнасць Кірылы Тураўскага заслугоўвае захавання яго імя не толькі сучасным пакаленнем, але і нашымі нашчадкамі.
У. МІКАЛАЕЎ. НА ЗДЫМКУ: падчас Дня памяці Кірылы Тураўскага ў г. Тураве.