Уклад будаўнікоў
На трох асноўных аб’ектах завіхаюцца штодня работнікі ўнітарнага прадпрыемства “Рытм-Будсервіс”. У КСУПе “Чырвоны Бор” працягваецца ўзвядзенне малочнатаварнай фермы на 600 галоў дойнага статка. Будуюцца два кароўнікі з сучасным даільным абсталяваннем, сенасклады, сянажныя траншэі, склад для захоўвання канцэнтратаў. Падводзяцца неабходныя камунікацыі. Першая чарга павінна быць уведзена ў строй дзеючых на новай МТФ у жніўні бягучага года. Было б стабільнае фінансаванне, а за будаўнікамі справа не стане.
Акрамя гэтага, брыгады прадпрыемства ўзводзяць 28-кватэрны дом у пасёлку Чырвонае, увод якога запланаваны на лістапад, будуюць шэсць аднакватэрных домікаў у вёсцы Сяменча. У канцы трэцяга — пачатку чацвёртага квартала 2009 года будзе распачата будаўніцтва 20-кватэрнага жылога дома ў мікрараёне Азёрны горада Жыткавічы.
Да гонару мясцовага кіраўніцтва варта адзначыць, што не толькі адным будаўніцтвам абмяжоўваецца ўнітарнае прадпрыемства “Рытм-Будсервіс”: стабільна працуе швейны цэх, значна пашырана плошча пад цяпліцай, дзе вырошчваюцца памідоры і агуркі.
С. ВІЛЬЧЫК.