Клопаты вясковага фельчара

Больш за дваццаць гадоў на варце здароўя жыхароў вёсак Мілевічы і Грабава стаіць Любоў Мікалаеўна Кочка.


Паміж вышэйадзначанымі пунктамі адлегласць складае прыкладна чатыры кіламетры. Але кожны чацвер фельчар нязменна кіруецца гэтым маршрутам у вёску Грабава. Якое б не было надвор’е, калі на веласіпедзе, калі на аўтамабілі, медык заўсёды прыбудзе ў населены пункт згодна раскладу. Тут, у Грабава, у памяшканні клуба для медработніка абсталяваны пакойчык. Менавіта ў ім яна ладзіць прыём грамадзян. Толькі гэтым справа не абмяжоўваецца, абавязкова яна наведаецца і пацікавіцца станам здароўя тых, каму па ўзросту цяжка прыйсці на прыём. Такі абход па дамах справа гонару. Асабліва любіць Любоў Мікалаеўна прыходзіць да самых маленькіх пацыентаў – дзетак да года. Настрой медработніка значна ўзнімаецца, калі яна пасля агляду бачыць, што дзіця здаровае. Не так шмат такіх пацыентаў. У Грабаве – усяго трое, ды чацвёра ў Мілевічах. Але ж то будучае вёсак, таму і клопат пра дзетак найгалоўнейшы.


Асноўнае месца працы Любові Мікалаеўны ў Мілевічах. Тут знаходзіцца фельчарска-акушэрскі пункт, якім столькі гадоў загадвае жанчына. ФАП, па словах фельчара, абсталяваны ўсім, каб аказаць неабходную медыцынскую дапамогу людзям, правесці неабходныя працэдуры. Працуе пры медустанове і аптэчны кіёск. У ім хворыя могуць набыць патрэбныя лекі. Дарэчы, у Мілевічах Любоў Кочка працуе з першага дня пасля заканчэння медыцынскага вучылішча. Прыжылася ў гэтых краях, стала, вобразна кажучы, сваёй. У гэтым таксама маецца вялікі “плюс” пры абслугоўванні насельніцтва. Ведае добра кожнага чалавека, так бы мовіць, чым кожны дыхае. А пры такой умове намнога лепей весці і прафілактыку захворванняў, і змагацца з негатыўнымі з’явамі, і прапагандаваць сярод аднавяскоўцаў неабходнасць весці здаровы лад жыцця. З апошнім вельмі складнавата. Усё больш людзей цягнецца на вёсцы да чаркі, і гэта вельмі непакоіць вясковага медработніка. Таму прафілактыка заган на першым месцы ў яго рабоце. Са сваімі лекцыямі яна наведвае і навучальныя ўстановы, і культурныя. Проста праводзіць гутаркі з наведвальнікамі на ФАПе.


Шмат даводзіцца працаваць вясковаму фельчару. Але, як гаворыць Любоў Мікалаеўна, калі ты любіш людзей, для якіх працуеш, сваю справу, валодаеш дасканала прафесійнымі навыкамі, тады ніякія цяжкасці не страшны. Гэта яе прафесійны прынцып, па якім яна працуе ўжо больш двух дзесяткаў гадоў. Наколькі паспяхова выходзіць? Першае таму сведчанне, што Мілевіцкі ФАП неаднаразова быў прызнаны лепшым сярод аналагічных лячэбных устаноў раёна кіраўніцтвам ЦРБ.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.