НА ПРЫРОДУ, ДА САЖАЛАК…
Досвітак. Ужо не спіцца. Ціхенька апранаюся, каб не патрывожыць сон сваіх дамачадцаў, акуратна зачыняю дзверы і падаюся ў бок сажалак, водныя люстэркі якіх плешчуцца непадалёк ад нашага мікрараёна Азёрны яшчэ ў глыбокім сне, толькі ў тым ці іншым шматпавярховым доме бразне посудам ранняя гаспадыня ды ў аддаленым кутку мікрараёна прашыбуе заклапочаны толькі яму вядомымі справамі рэдкі прахожы.
Хрыплымі спевамі сустракаюць раніцу новага летняга дня пеўні, што яшчэ не звяліся ў нашых хлеўчуках-“шанхайчыках”. А сонца! Якое сонца ўрачыста, святочна ўзнімаецца з-за лесу, над такім далёкім і блізкім небакраем! Толькі з-за гэтага дзівоснага малюнка варта было прачнуцца раней і пайсці насустрач узыходу сонца. Зараз менавіта такія імгненні, калі на агромністае, аранжава-чырвонае сонца можна глядзець не маргаючы. Дзе ты начавала, сонца? І дзе той трон, той пасад, на які ты ўладна і гожа ўзнімаешся?
Вечназялёны сасновы лес паглынае мяне. Блішчыць на траве раса. Спрабуюць галасы нябачныя на першы погляд у галінках дрэў дробныя птушкі. І вось цуд – салавей! Міжволі спыняю крок і заміраю: во дае, што толькі не вытварае гэты славуты спявак, натхняльнік паэтаў, мастакоў і музыкантаў усіх часоў і народаў! Якія каленцы выкідае, якімі трэлямі заліваецца… Неяк пабачыў яго ўвачавідкі — нічога зайздроснага няма: маленькая шэранькая птушка з чорнымі выпуклымі вочкамі. А вось жа зачароўвае сваімі непадражальнымі спевамі нават самыя жорсткія сэрцы і зачарсцвелыя душы. У народзе кажуць, што салавей пачынае спяваць тады, калі нап’ецца вады з бярозавага лістка. Гэта значыць, што ў бярозы ліст настолькі разгорнецца з пупышкі, што на ім можа змясціцца кропля расы. Звычайна гэта прыпадае на першыя дні мая.
Салавей сціх гэтак жа раптоўна, як і распачаў свае дзівосныя рулады. Я яшчэ некалькі хвілін сцішана стаяў за сасною ў чаканні далейшага сольнага канцэрта, але антракт зацягнуўся і, уздыхнуўшы на поўныя грудзі лясным водарам, пайшоў далей знаёмай сцежкаю. Як усё-такі лёгка, здорава дыхаецца ў сасонніку. Нездарма ж санаторыі, пансіянаты, дамы адпачынку ўзводзяць у гаючых сасновых барах.
У якую б пару года ні зойдзеш у лес, заўсёды рана ці позна пачуеш тут стук дзятла. Не здраджвае гэты барабаншчык сваёй дамоўцы ні летам, ні зімой. Вось і зараз абраў стракаты лясны доктар тоўстую сухадрэвіну, прымасціўся зручней на сук і давай стукаць. Ударыць і слухае. І не абы-як дзяўбе дзяцел той хворы ствол. Кожны раз па-асабліваму гучыць яго пашчак на ўсе лады. Не-не ды і аглянецца музыкант, галавою сюды-туды пакруціць. Быццам хоча пахваліцца, сказаць: “Вось які я здольны! Слухай, лес, маю музыку!”
А над сажалкамі, да якіх набліжаюся, без перастанку крычаць-носяцца гаманкія, задзірлівыя чайкі, неверагоднымі зігзагамі крэсляць паветра ластаўкі і стрыжы, застылі на тычках, што высяцца над хвалямі, бясстрасныя, быццам суддзі, чаплі. Зрэдку праляціць, плаўна, важна памахваючы крыламі, яго вялікасць бусел-бацян. У сажалках зараз раздолле карпам, у абводным канале, што патанае ў траве і кустарніках і бярэ сажалкі ў нязменную аблогу, добра пачуваюць сябе дзікія качкі, смачна крэкчуць жабы. Рай дый годзе! Усім. Дрэвам і раслінам. Птушкам і рыбам.
Сядаю на беражок. І хочацца растварыцца, зліцца з прыродаю. Каб знутры адчуць яе прыгажосць, вечнасць, боскі пачатак.
А ў канцы дамбы, якая злучае першую па ліку сажалку рыбгаса з другой, — напаўразбуранае складское памяшканне, ад якога цяпер засталіся толькі сцены з чырвонай цэглы. Некалі ж гэтае дыхтоўнае гаспадарчае памяшканне поўнілася спецыялізаваным камбінаваным кормам для карпоў-гадаванцаў. Прывязлі і выгрузілі аднойчы з раённага элеватара залацістую канадскую пшаніцу. Дык у мясцовых рабочых-вартаўнікоў нават рукі не падымаліся, каб браць шуфлі і засыпаць яе ў катамараны. Доўга хадзілі ля склада, абураліся: такое дабро ды рыбам на корм…
На золку, яшчэ да пачатку кармлення карпоў, таўсталобікаў і белых амураў, прыязджала сюды дзяўчына-лабарант з канторы рыбгаса. Для кантрольнага вылаву рыбы, на колькі грамаў у сярэднім прыбывае кожны гадаванец у вазе за суткі. Рабочыя забівалі ў бераг магутную расоху, закідвалі ў сажалку “павука” і клалі яго дзяржыльна ў гэтую самую расоху, кідалі ў “павука” камбікорм для прыманкі. Праз мінут пяць-дзесяць адзін рабочы не мог сам падняць “павука” — столькі ў ім збіралася гадаванцаў. Рады давалі агулам і праз хвіліну-другую залацістая рыба толькі дружна падскоквала ў траве пад першымі промнямі сонца. Смачную, з перчыкам і кропам, юшку з яе мог паспрабаваць кожны жадаючы ў дзень рыбака, які штогод адзначаўся ў ліпені. Варта было толькі наведаць тут, за складам, рыбаводаў і павіншаваць іх са святам…
Перад грушай-дзічкаю ёсць ледзь прыкметная сцяжынка да абводнага канала. Нехта клапатліва паклаў ля вады пару-другую дошчачак: ці то рыбку вудзіў, ці то проста аматар паназіраць за жыццём гэтай цікавай, загадкавай воднай артэрыі. Часта збочваю ў гэтую глухамань і я. Неяк трапіў тут пад драбнюсенькі, быццам скрозь густое сіта, дожджык, які лагодна церусіў-шапацеў аб ваду, кусты і маю куртку. І здзівіўся безлічы ластавак, якія наладзілі над самаю вадою бязлітаснае паляванне на камароў і мошак. Нібы самалёты-штурмавікі ішлі яны на чарговае пікетаванне, чыркаючы крыламі ваду і сцябліны на ёй. А ўся паверхня заросшага, быццам дзікі ручэй, канала пакрыта дробнаю зялёнаю раскаю, якую так любяць, на ўсю дзюбу ядуць свойскія качкі. Мы, вясковыя хлапчукі, добра памятаем гэта.
Прысеў і на гэты раз на кукішках, назіраю. І маё чаканне было ўзнагароджана. Хаця толькі дабавіла загадак. Уздоўж супрацьлеглага берага канала, акуратна рассякаючы раску, плыве нейкі звярок. Відаць толькі галаву на шыі. Плыве роўненька, упэўнена, у толькі яму вядомым накірунку. А хто гэта: выдра, бабёр? Па сённяшні дзень не ведаю. Толькі доўга праводзіў яго поглядам на канале. Пакуль гэтая невядомая вадзяная істота не ператварылася ў ледзь бачную кропку і не знікла.
Пасядзеў крышку ў роздуме і ўжо хацеў падымацца на бераг, як сэрца ёкнула: справа, у метрах пятнаццаці-дваццаці, цяжка шлёпнуліся на ваду адна за другой тры качкі. Выцягнуліся над вадой, абтрэслі крылы і плывуць якраз у мой бк. Я стаіўся за карчом, ператварыўся ў адзін вялікі пытальнік. А на воднай роўнядзі — дзіўны малюнак, любоўны трохкутнік: спрытная шэрая самачка ды два дужыя, не раўня ёй, качары, пер’е якіх пераліваецца на сонцы рознымі колерамі. Двое плывуць параю, а другі качар трымаецца ад іх на некатарай адлегласці. Толькі такое становішча доўга не захоўваецца. “Жаніх” рэзка разварочваецца ў бок трэцяга лішняга і пачынае яго праследаваць. Пасля чаго яны спакойна плывуць па каналу ідылічнаю параю.
Навакольная мясцовасць багатая на разнастайныя лекавыя расліны, зёлкі самага шырокага прызначэння і ў першую чаргу на аер балотны. Вось і зараз я вырываю высокую сцябліну, разламваю яе бліжэй да корня і ўдыхаю ні з чым не параўнальны пах, які салодка кружыць галаву. Раней, як распавядалі старэйшыя людзі, ім набівалі пасцель. У пацвярджэнне гэтага мне ўспамінаюцца прачытаныя ў дзяцінстве радкі аднаго з беларускіх паэтаў: “Пасцялі ты мне, матулька, пасцельку з аеру…”
Зведаныя раней, старыя сцежкі-дарожкі падарылі мне ў тую светлую раніцу новую, нечаканую сустрэчу. З агністай, неўтаймаванай вавёрачкай. Я ледзь не аслупянеў, пабачыўшы яе ў некалькіх метрах ад сябе на галінцы адной з маладых бярозак, што ў шарэнгу выстраіліся між дарогаю і сажалкамі. А потым мы распачалі між сабою невядомую гульню. Як толькі вавёрка хацела збегчы па ствале дрэва ўніз і схавацца ад маіх вачэй ў траве, я хуценька набліжаўся да яе, і тады яна імгненна ўзлятала ўверх і вогненнай маланкаю скакала з галінкі на галінку, з дрэва на дрэва. Не памятаю, колькі доўжыўся гэты пераслед, толькі яна знікла гэтак жа раптоўна, як і паявілася. Я яшчэ некаторы час шукаў прыгожую, грацыёзную гімнастку на дрэвах і на зямлі, толькі нідзе больш не пабачыў. На змену расчараванню прыйшло супакаенне і я накіраваўся дадому.
А вось і каплічка, што так хораша ўпісваецца ў наш скверык, у якім цягнуцца да сонца маладыя дрэўцы. Бабулька сцішвае крок насупраць яе, хрысціцца, шэпчучы словы малітвы. Новы дзень распачынаецца. Спяшайся рабіць дабро, чалавек. Жыццё ж такое кароткае…
С. ВЕЧАРОВЫ.