Свята прайшло з аншлагам
У мінулую суботу ў актавай зале Жыткавіцкай музычнай школы не было ні аднаго вольнага месца. У гэтым доме музыкі праводзілася свята. Свята ўрачыстае і сумнае. Свята жаданае і адзінае. У гэты вечар для выпускнікоў навучальнай установы празвінеў апошні званок.
Прысутныя ў зале бацькі, навучэнцы вітаюць віноўнікаў урачыстасці, якія пад музыку выходзяць са сваімі педагогамі на сцэну. Сёлетні выпуск немалы –- 53 навучэнцы пакідаюць сцены музычнай школы. Усе прысутныя ў зале, педагогі стараліся, каб свята апошняга званка надоўга засталося ў памяці выпускнікоў. Таму і панавала на ўрачыстасці своеасаблівая атмасфера еднасці і блізкасці духу, якую стваралі і прывітанні выпускнікам, і словы-наказы на будучае, і падзякі, яшчэ цэлае мора чароўных гукаў музыкі, гарачых апладысментаў і рознакаляровыя букеты. Бясспрэчна, што вельмі цяжка забыць такое.
Першымі на сцэну падняліся выпускнікі падрыхтоўчага класа, каб прывітаць сваіх старэйшых таварышаў. Для самых маленькіх навучэнцаў вялікі гонар прысутнічаць на такім свяце, але яны запэўнівалі вершаванымі радкамі, што стануць годнай зменай цяперашнім выпускнікам, і будуць гэтак жа ўмела і смела іграць на інструментах. Свае словы яны пацвердзілі, выканаўшы на розных інструментах некалькі музычных кампазіцый для выпускнікоў.
І вось на сцэне зноў з’яўляюцца выпускнікі. На гэты раз, каб сказаць словы ўдзячнасці роднай школе, дзе яны пазналі чароўны свет музыкі, педагогам, якія ўвесь час вялі іх па гэтых непаўторных прасторах, адкрываючы сваім выхаванцам усё новыя і новыя таямніцы і сакрэты. Таму ў адрас педагогаў гучаць самыя высокія эпітэты, іх без сумнення параўноўваюць з зоркамі, падкрэсліваючы іх талент і высокае майстэрства, якія падмацоўваюцца вялікімі прыгожымі букетамі.
Слоў удзячнасці і пажаданняў, віншаванняў было на вечары вельмі шмат. Яны гучалі не толькі ад выпускнікоў. Іх выказалі начальнік аддзела культуры райвыканкама Сяргей Агіевіч, ад бацькоў — Наталля Макарэвіч.
Гучыць апошні званок. Яго гук — гэта, так бы мовіць, развітанне з дзяцінствам і пропуск у новае жыццё, дзе прыйдзецца самім вырашаць няпростыя задачы, пераадольваць шматлікія выпрабаванні. Пакуль выпускнікі яшчэ толькі на пачатку гэтага жыццёвага шляху, але дзякуючы атрыманай падрыхтоўцы, яны маюць упэўненасць, што пройдуць любую перашкоду годна. Заканчваецца развітанне са школай і яе педагогамі музычнай кампазіцыяй “Да пабачэння, любімая школа”!
І вось самы хвалюючы момант вечарыны. На сцэну запрашаецца дырэктар музычнай школы Валянціна Хаміцэвіч. Пасля хвалюючых і цёплых слоў у адрас выпускнікоў і іх бацькоў яна ўручае юнакам і дзяўчатам пасведчанні аб заканчэнні навучальнай установы, а таксама граматы і падарункі тым выхаванцам, што напрацягу года праяўлялі вялікую актыўнасць у грамадскім жыцці, паказвалі добрыя веды па вучэбных дысцыплінах. Адзін за другім паднімаюцца на сцэну выпускнікі. І перш чым уручыць ім пасведчанне Валянціна Арсенцьеўна адзначае самыя добрыя якасці кожнага свайго выхаванца. Усё адбываецца вельмі ўрачыста: пад туш духавога аркестра і авацыі гледачоў. Несумненна, што і словы выпускнікоў, якія былі адрасаваны кіраўніку навучальнай установы, былі самымі прачулымі. Яе называлі і мудрым дарадцай, і сябрам, які пастаянна ў рабоце, вечна ў пошуках і клопатах, што ў любую хвіліну яна дапаможа і многае іншае.
Як тонка падмячаюць усё добрае дзеці. Такія словы расчуляць любога. Не пакінулі раўнадушнай яны і Валянціну Арсенцьеўну. Гэта дванаццаты яе выпуск на пасадзе дырэктара. А, увогуле, колькі яна ў якасці выкладчыка навучыла жыткаўчан музыцы, сама Валянціна Хаміцэвіч падлічыць не можа цяпер. І заўсёды на такіх мерапрыемствах у яе душы перамешваюцца два пачуцці: радасць, што яшчэ некалькі дзесяткаў хлопчыкаў і дзяўчынак далучыліся да музыкі, якая для некаторых з іх стане галоўнай у жыцці, і сум, што з імі прыходзіцца развітвацца.
Сапраўды, многа прыемных успамінаў звязана ў Валянціны Арсенцьеўны з навучальнай установай. І самае галоўнае, што больш радасных момантаў. Радуецца яна за поспехі сваіх выхаванцаў і выкладчыкаў на творчых конкурсах (перамагаць на іх штогод стала традыцыяй), калі на мерапрыемствах у школе поўныя аншлагі. Ды і сама навучальная ўстанова за час яе кіраўніцтва вельмі папрыгажэла, многае зроблена па добраўпарадкаванню. Есць чым ганарыцца дырэктару. Не адзін дзесятак выпускнікоў звязаў свой лёс з музыкай, паступіўшы ў адпаведныя навучальныя ўстановы. Нездарма яе праца адзначана шматлікімі ганаровымі граматамі як на ўзроўні раёна, так і вобласці. А колькі сіл і старання, эмоцый укладзена жанчынай у харавы калектыў “Усмешка”. Нават цяжка прыпомніць якое-небудзь раённае мерапрыемства, што абыходзілася без выступлення гэтага творчага калектыва. Так, за сорак гадоў працы на культурнай ніве раёна Валянціна Арсенцьеўна вырасціла важкі ўраджай. Але спадзяецца, што тыя, амаль чатырыста хлопчыкаў і дзяўчынак, якія наведваюць музычную школу зараз, яшчэ не раз праславяць сваімі творчымі дасягненнямі. Есць у дырэктара такая моцная ўпэўненасць. Яе пацвердзілі сёлетнія выпускнікі, якія закрывалі свята ўрачыстым канцэртам. Па-асабліваму гучалі музычныя інструменты ў той вечар, якія ва ўмелых руках рабят выдавалі асабліва чароўныя і меладычныя гукі.
С. МІКАЛАЕЎ.