На армейскую службу

У Жыткавіцкім райваенкамаце ў гэтыя дні ідуць адпраўкі прызыўнікоў у вайсковыя злучэнні. Аналізуючы вынікі чарговай прызыўной кампаніі, ваенны камісар Мікалай Акунец перш за ўсё падкрэслівае яе высокую арганізаванасць.


— Калі не лічыць дзевяці чалавек, якія праігнаравалі прызыўныя мерапрыемствы, то ў астатнім мы спрацавалі вельмі добра, — гаворыць Мікалай Барысавіч. — Прыкладна дзвесце чалавек прайшлі медыцынскія камісіі, з гэтай колькасці па стану здароўя і маральна-псіхалагічных якасцях на ваенную службу прызвана прыкладна дзевяноста юнакоў. Адной з асаблівасцей гэтай летняй прызыўной кампаніі, што падчас яе ажыццяўляецца набор на службу ў рэзерве. З нашага раёна яе будуць праходзіць восем юнакоў: трое па хадайніцтву арганізацый, дзе яны працуюць, і пяцера — па сямейных абставінах. Яшчэ, на чым спыніўся ваенны камісар, гэта стан здароўя прызыўнікоў. Ен па-ранейшаму жадае быць намнога лепшым, але па запэўніванню Мікалая Барысавіча, прызыўнікі ў залежнасці ад стану свайго здароўя накіроўваюцца ў тыя ці іншыя роды войскаў.


У дзень нашага наведвання райваенкамата на службу адпраўлялі магчыма самых лепшых па ўсіх якасцях прызыўнікоў. Яны будуць праходзіць службу ў часцях сіл спецаперацый (мабільныя сілы). Ужо толькі гэта сведчыць, якая адказнасць кладзецца на плечы юнакоў. І яны гэта разумеюць. Па іх адносінах да прызыўных мерапрыемстваў можна меркаваць наколькі сур’ёзна хлопцы ставяцца да будучай службы. Усе 19 чалавек з’явіліся ў райваенкамат строга ў вызначаны ў павестцы час. Без прамаруджвання і мітусні выконвалі ўсе каманды работнікаў ваенкамата. Таму працэс апошніх прыгатаванняў да адпраўкі на службу ішоў хутка, зладжана. Уважліва выслухалі і наказы ваеннага камісара, і яго віншаванні падчас уручэння ваенных білетаў. Пасля чаго хлопцы адразу, нібы памужнелі, бо з гэтага часу яны ўжо ваеннаслужачыя.


— Гэта трэцяя адпраўка з нашага раёна, — расказвае Мікалай Барысавіч. — Раней нашы землякі пайшлі служыць у пагранічныя і ўнутраныя войскі. Адпраўкі каманд працягнуцца да трыццатага ліпеня. Радуе, што сёлета вельмі шмат прызыўнікоў ідзе на службу, якія закончылі вышэйшыя навучальныя ўстановы. Такіх ад агульнай колькасці больш трэці. І яны не наракаюць. Ідзе служыць і Яўген Ранько. Ен сёлета закончыў Беларускі тэхналагічны універсітэт. Што яму выпала служыць у такіх элітных падраздзяленнях, ён толькі рады.


— Служыць у мабільных сілах, гэта значыць стаць сапраўдным абаронцам, мужчынам, — гаворыць Яўген Міхайлавіч. —Менавіта там гэтаму навучаць. Як кажуць, служыць дык ужо служыць.


— Мы ў сваім сыне ўпэўнены, што з яго выйдзе добры салдат, і ён не падвядзе ні нас з маці, ні наш раён, — зазначае бацька Яўгена Міхаіл Паўлавіч, які стаіць побач з прызыўніком. Тут жа і маці юнака. У яе на твары ўсё ж чытаецца хваляванне. Як не кажы, а жанчына – маці. І цэлы год яна практычна не будзе бачыць сваё, хай і дарослае, дзіця. Але мужчыны падтрымліваюць яе жартамі. Асабліва стараецца муж. Тым больш што і на скорую сустрэчу сям’я разлічвае. Восьмага жніўня ў сына прысяга і бацькі наведаюцца ў вайсковую часць на гэтае мерапрыемства.


Усе фармальнасці зроблены. Гучыць каманда на пастраенне ля аўтобуса. Хлопцы выконваюць яе без прамаруджвання. Прывыкаюць да вайсковай дысцыпліны. Прызыўнікам даецца некалькі хвілін, каб уладзіць асабістыя пытанні. Апошнія хвіліны цывільнага жыцця. Як хутка яны ляцяць, і так шмат патрэбна зрабіць за гэты кароткі момант. І самае галоўнае, па-добраму, шчыра развітацца з роднымі і блізкімі, сябрамі, даць надзею на хуткую сустрэчу. Далей пасадка ў аўтобус, апошнія ўзмахі рук праводзячых. І вось прызыўнікі ўжо імчаць да новага вайсковага жыцця.


С. МІКАЛАЕЎ.  


Фота В. КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.