Ганарыцца і горадам, і прадпрыемствам

У інфармацыйна-прапагандысцкай рабоце не можа быць перапынку. Гэта аксіёма. Разумеючы важнасць сустрэч як з працаўнікамі прадпрыемстваў і арганізацый, так і жыхарамі населеных пунктаў у Жыткавіцкім райвыканкаме плануюць працу сямі інфармацыйна-прапагандысцкіх груп такім чынам, каб яны змаглі на працягу года сустрэцца як мага з большай колькасцю насельніцтва.


Мэта іх — простая. Не сакрэт, што блізкі кантакт дапамагае вырашаць шэраг жыццёва важных праблем, з якімі прыходзіцца сутыкацца людзям у паўсядзённым жыцці. А што такая форма працы апраўдвае сябе — пераканала і чарговая сустрэча інфармацыйнай групы пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Какоры. Яна адбылася ў панядзелак з працоўным калектывам адкрытага акцыянернага таварыства “Тураў” — бадай, самага магутнага прадпрыемства старажытнага горада.


Цёплае сонечнае надвор’е дазволіла правесці сустрэчу не ў душных памяшканнях, а літаральна на рабочай пляцоўцы каля складскіх памяшканняў перапрацоўчага прадпрыемства. Сюды сышлася большая частка працуючых на заводзе і іх кіраўніцтва.


Звяртаючыся да прысутных, старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора адзначыў, што мясцовая і раённыя ўлады прымаюць шэраг намаганняў, каб забяспечыць функцыянаванне ўсіх напрамкаў жыццядзейнасці. Нямала робіцца для развіцця эканамічнага патэнцыялу рэгіёна, развіваюцца галіны эканомікі і абслугоўвання. Крочыць наперад бюджэтная сфера. Шмат робіцца для паляпшэння жыцця людзей і ў Тураве. Аднак, зразумела, жыццё не стаіць на месцы, узнікаюць новыя праблемы, якія часта вельмі складана вырашыць самаму чалавеку.


Таму кіраўнік раённай вертыкалі прапанаваў правесці гэтую сустрэчу ў форме дыялогу: працаўнікі акцыянернага таварыства могуць акрэсліць зараз тыя праблемныя пытанні, якія іх хвалююць і атрымаць, калі гэта магчыма, адразу кампетэнтныя адказы.


Тым больш што акрамя членаў інфармацыйнай групы з раёна (тут былі кіраўнікі розных структур), у сустрэчы браў удзел намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Кудзенчук, старшыня Тураўскага гарвыканкама І. Міцюрыч і іншыя службовыя асобы.


Працаўнікі акцыянернага таварыства на працягу гадзіны назвалі больш дзесяці пытанняў, як прыватнага, так і грамадскага гучання. У прыватнасці, многія хацелі б займець уласнае жыллё шляхам будаўніцтва асобнага дома альбо шматпавярхоўкі кааператыўнай формы. Праўда, не заўсёды мясцоваму кіраўніцтву ў Тураве, нягледзячы, здавалася б, на жаданне людзей, удаецца сфарміраваць паўнацэнны будаўнічы кааператыў. На жаль, і той, і іншы варыянт патрабуе часткі ўласных (а іх не заўсёды хапае, асабліва ў маладых сем’яў) і крэдытных рэсурсаў банкаў, якія ідуць на льготнае крэдытаванне насельніцтва. Што лепей — будаваць жыллё ці жыць на кватэры — павінны выбраць для сябе самі людзі. Але мяркуючы па тым, як расце колькасць новабудоўляў як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці, жыхары раёна вырашаюць для сябе пытанне станоўча. Пра гэта і было адзначана пад час сустрэчы. Сёлета, як адзначыў М. Какора, будзе ў раёне ўзведзена 13 тысяч квадратных метраў жылля, а на наступны запланавана ажно 17…


Было агучана шэраг праблем камуна-льнага характару. Размова ішла аб падсыпцы і выраўніванні пад’ездаў да новабудоўляў, дзе ў непагадзь нават дарослым складана прайсці, а што ўжо гаварыць пра дзятву, якой на наступным тыдні збірацца ў школу. Такіх пытанняў было некалькі. Кіраўнік інфармацыйнай групы даручыў адпаведным службам вырашыць гэтыя пытанні, тым больш, што зашмат намаганняў і сродкаў дзеля гэтага не запатрабуецца. Таксама будзе тэрмінова вырашана пытанне аб асвятленні часткі горада ў вячэрні час, калі рабочыя другой змены прадпрыемства вяртаюцца з працы дадому.


Людзей хвалявалі і праблемы медыцынскага характару. На іх погляд, недастаткова наладжана праца вузкіх спецыялістаў, а дабрацца ў Жыткавічы ці нават Гомель сёння можа не кожны. Як паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення аховы здароўя абласнога выканаўчага камітэта Мікалай Кудзенчук, вузкія спецылісты будуць часцей выязджаць у раён, будуць прымаць хворых і ў Тураве. Вахтавым метадам — гэтая форма ўжо прыжылася — будуць ажыццяўляць прыём хворых і ўрачы Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы. А вось адкрыццё спецыяльнага аддзялення ці нават некалькіх ложкаў для лячэння дзяцей на базе Тураўскай гарадской бальніцы неабгрунтавана, на думку кіраўніцтва ЦРБ і вобласці. Былі агучаны і яшчэ шэраг прапаноў адносна медыцынскага абслугоўвання, якія ўзяты на кантроль.


Напрыклад, як паскардзіліся работніцы прадпрыемства, зімой на заводзе няўтульна, холадна, таму многія хварэюць на прастудныя захворванні, але не заўсёды ўрач выдае бальнічны ліст. Як адзначыў М. Кудзенчук, толькі ўрач вызначае ступень захворвання пацыента, яго працаздольнасць. А кіраўнік прадпрыемства С. Бугук адзначыў, што зараз на заводзе разгарнулася паўнамаштабная рэканструкцыя, якая скіравана найперш да паляпшэння ўмоў працы. Вядзецца замена вокнаў, праведзены рамонты раздзявалак і душавых, іншых спецыяльных службовых памяшканняў, зроблены рамонт цеплазабеспячэння, і сёлета сітуацыя на заводзе значна зменіцца да лепшага.


Шэраг пытанняў было адрасавана і камунальнай службе раёна: ад заключэння дагавораў па арганізаванаму вывазу смецця ад прыватнага сектара, дзе жыве большасць працаўнікоў прадпрыемства, да адлову бадзяжных сабак. Кіраўнік раёна даручыў новаму кіраўніку КУП “Жыткавіцкі камунальнік” А. Савосценка і кіраўніку Тураўскага гарвыканкама І. Міцюрычу адпрацаваць належную сістэму працы з насельніцтвам.


Хвалявала працаўнікоў прадпрыемства і праблема забеспячэння бяспечнага руху ў горадзе. На думку людзей, ёсць неабходнасць пабудовы штучнай перашкоды перад САШ №2. На вырашэнне гэтага пытання кіраўніком інфармацыйнай групы акцэнтавана ўвага начальніка раённага аддзела ўнутраных спраў. В. Белакур, у сваю чаргу, звяртаючыся да жыхароў Турава, адзначыў, што пытанне прынята да ўвагі. Але ён адзначыў, што кожны дзень у горадзе працуе нарад дарожна-патрульнай службы, аднак культура ваджэння аўтамабілем у многіх вадзіцеляў далёкая да патрабуемай…


Працаўнікі прадпрыемства атрымалі адказы на шэраг іншых хвалюючых іх пытанняў, многія з якіх былі ўзяты на кантроль і вывучэнне. Завяршаючы ж сустрэчу старшыня райвыканкама Мікалай Какора падзякаваў тураўлян за адназначна карысны і патрэбны дыялог, заклікаў іх любіць свой горад, сваё прадпрыемства, якое, дзякуючы немалой дзяржаўнай падтрымцы, становіцца сучасным высокатэхналагічным прадпрыемствам. Ен адзначыў, што выпускаемая прадукцыя завода будзе яшчэ больш запатрабавана. Чалавечы рэсурс – не апошні ў тэхналагічным ланцужку, таму вельмі важна, каб да справы сваёй людзі адносіліся з вялікай адказнасцю, нават з любоўю.


У.МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.