На жніве не падвядуць, збожжа з поля прыбяруць

Добрая традыцыя — ушаноўваць лідараў уборкі ўраджаю з мэтай іх заахвочвання ў перыяд, калі большая палова збожжа ўжо сабрана, закладзена абласным аб’яднаннем прафсаюзаў яшчэ чатыры гады таму. У мінулую сераду, па абедзе, яна знайшла свой сёлетні лагічны працяг.


Арганізатарам сустрэчы не давялося спыняць уборачны канвеер, няхай на некалькі хвілін, як было ў мінулыя гады. Запанурылася неба ў гэты дзень, пацерушыў дождж, засмуціўшы хлебароба, не даў вывесці камбайны ў поле. Што ж — з прыродай не паспрачаешся. Але ж гэта дало магчымасць хоць на нейкі час ім перадыхнуць і… пачуць добрыя словы за выдатную працу.


Адкрыў сустрэчу з перадавікамі жніва-2009 старшыня Жыткавіцкай раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Сяргей Месніковіч. “Гаспадарскія адносіны да ўборкі вырашчанага ўраджаю, адказнасць і добрасумленнасць у працы вельмі яскрава характарызуюць прысутных на нашай сустрэчы людзей. Прыемна, што большасць лідараў сёлетняга жніва маюць адносіны да адной гаспадаркі, якая сёння знаходзіцца ў стадыі рэфармавання, — камунальнага сельскагаспадарчага ўнітарнага прадпрыемства “Агра-Прыпяць”, — адзначыў кіраўнік раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК. Ен пажадаў прысутным яшчэ большых выніковых поспехаў, перамогі ў раённым, абласным і нават рэспубліканскім спаборніцтве сапраўдных герояў жніва.


Трымаў слова і старшыня абласнога камітэта прафсаюза работнікаў лесу Віктар Крыўко-Крысько, які ў прыватнасці адзначыў, што завітаў на жыткавіцкую зямлю з прыемнай місіяй — уручыць узнагароды і падарункі абласнога аб’яднання прафсаюзаў, прадстаўніком якога ён з’яўляецца. Больш таго, на перыяд вясенне-летніх палявых работ з’яўляецца ў пэўнай ступені не проста куратарам жыткавіцкіх сельгасвытворцаў, а і актыўным памочнікам і прапагандыстам іх нялёгкай працы. Віктар Аляксеевіч паведаміў, што такая акцыя — не чакаўшы вынікаў жніва падтрымаць добрым словам яе лідараў, падаахвоціць іх да яшчэ большай стараннасці і дбайнасці, падтрымана абласным выканаўчым камітэтам і перарастае ў сапраўдную, на гады, добрую традыцыю. І ён з задавальненнем прыязджае на Жыткаўшчыну, бачыць станоўчыя моманты, змяненні, якія тут адбываюцца ва ўсіх сферах, радуецца, што вынікі працы вяскоўцаў паляпшаюцца год ад году. Вось і сёлета ўборка ў раёне праводзіцца арганізавана, без замінак, маецца добры хлеб. Ён падзякаваў за вырашчаны ўраджай хлебаробам і выканаў даручаную яму пачэсную місію.


На мінулую сераду па валавому намалоту сярод гаспадарак лідзіруюць прадстаўнікі КСУПа “Агра-Прыпяць” Жыганюкі Іван Мікалаевіч і Васіль Мікалаевіч, якія на КЗС-1218 намалацілі 881 тону збожжа новага ўраджаю. Віктар Крыўко-Крысько павіншаваў камбайнераў з выдатным вынікам, разам са старшынёй раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК С.Месніковічам ўзнагародзілі іх падзячнымі лістамі абкама прафсаюза АПК і падарункамі абласнога аб’яднання прафсаюзаў. Такой жа ўзнагароды ўдастоены вадзіцель, заняты на адвозцы збожжа Уладзімір Мікалаевіч Клімовіч (на МАЗе-5551 перавёз з поля на ток 1033 тоны збожжа). Камбайнавы экіпаж у складзе Фёдара Міхайлавіча Мажака і Сяргея Рыгоравіча Матараса (зараз ідуць на другой пазіцыі — намалацілі таксама на КЗС-1218 801 тону збожжа) адзначаны падзячным лістом раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК.


Адзначаны ўзнагародамі і падарункамі лідары сярод маладзёжных экіпажаў. Падзячнымі лістамі абкама прафсаюза АПК і падарункамі абласнога аб’яднання прафсаюзаў адзначаны Іван Мікалаевіч і Аляксей Мікалаевіч Кошманы. Маладыя камбайнеры на КЗС-1218 намалацілі амаль 600 тон збожжа. Іншага ад іх і не чакалі, адзначыла в.а. першага сакратара райкама БРСМ Жана Савосценка, бо хлопцы — члены нашай маладзёжнай арганізацыі. Яна ўручыла ім падзячныя пісьмы арганізацыі і памятныя падарункі. Таксама ўсім сённяшнім перадавікам жніва былі ўручаны кветкі ад прафсаюзных лідараў сельгаспрадпрыемстваў, якія ступілі на шлях аб’яднання і рэфармавання.


Атрымала кветкі і каштоўны падарунак з рук старшыні абласнога камітэта прафсаюза работнікаў лесу Віктара Крыўко-Крысько і прафсаюзны лідар КСУП “Агра-Прыпяць” Ніна Ільеня. Чалавек, які знаходзіцца на сваім месцы, дбае пра справу і людзей — так было сказана аб гэтай працавітай жанчыне, а камбайнеры пацвердзілі гэтыя словы гучнымі апладысментамі.


Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч, прадстаўнікі адміністрацыі аб’яднанай гаспадаркі КСУП “Агра-Прыпяць”.


Напрыканцы сустрэчы яшчэ адзін выдатны падарунак чакаў механізатараў: невялікую, але вельмі добрую канцэртную праграму для іх падрыхтавалі ўдзельнікі народнага ансамбля “Верас” Верасніцкага сельскага Дома культуры пад кіраўніцтвам Віктара Калоська. Асабліва прыйшліся даспадобы лідарам сёлетняга жніва прыпеўкі старэйшыны калектыву Лідзіі Пятрычыц, а таксама гумарыстычныя песні. Камбайнеры засталіся вельмі ўдзячнымі за такую ўвагу да сваёй, зразумела, вельмі цяжкай, адказнай і пачэснай працы. І хоць урачыстасць была для іх прыемнай, але час ад часу яны кідалі свой позірк на вуліцу: магчыма, дождж ужо перайшоў і выгляне сонца?


Добрага надвор’я і здароўя вам, хлебаробы!


У. МІКАЛАЕЎ.


РS. На наступны дзень кіраўнік раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК С.Месніковіч і прадстаўнікі БРСМ наведалі КСУП “Чырвоны Бор”, дзе ўзнагародзілі падзячным лістом абкама прафсаюза АПК і падарункам абласнога аб’яднання прафсаюзаў маладога вадзіцеля Віталія Акунца, які на сваім МАЗе-5551 перавёз з поля на ток 883 тоны збожжа. Гэта лепшы паказчык у раёне сярод маладых вадзіцеляў. Так трымаць, Віталій!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.