Працуюць хлебаробы

3 жніўня ўборачны канвеер КСУПа “Бялёў” часова спыніўся. Мясцовым хлебаробам далей весці абмалот збажыны перашкодзіў спорны дождж. Гэтую вымушаную перадышку і скарыстаў старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК С. Месніковіч, каб аддзячыць іх за плённую працу на грамадскай ніве. У вучэбным класе па правілах дарожнага руху і тэхнікі бяспекі двум камбайнавым экіпажам гаспадаркі Сяргей Міхайлавіч уручыў падзячныя лісты.


— У нас яўнага лідара на жніве практычна няма, — расказвае намеснік дырэктара КСУПа па ідэалагічнай рабоце Лідзія Каралец. — Камбайнеры Мікалай Чэркас і Віктар Уханаў маюць на сваім працоўным рахунку 337 тон намалочанага зерня, а Аляксандр Макарэвіч і Віталь Чмыхун — 335 тон (на здымку). Адстае экіпаж у складзе Уладзіміра Шульгі і Анатоля Чмыхуна. Але тут трэба ўлічваць, што і ўборачны агрэгат у іх ужо не новы. Але стараюцца ўсе дабівацца высокай выпрацоўкі.


Што старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК у ліку першых былі адзначаны перадавыя экіпажы з КСУПа “Бялёў”, ёсць даволі важкая падстава. У гэтай гаспадарцы адны з самых высокіх тэмпаў уборкі збажыны. На вышэйазначаную дату ўборкі тут камбайнеры абмалацілі ўжо больш шасцідзесяці працэнтаў зерневых культур. Да гэтага ўбралі рапсавыя палеткі. Высокі тэмп на жніве ўзялі з першых яго дзён. Даражылі кожнай пагоднай хвілінай. Хаця і нялёгка даводзілася. Бывала, што на пераўвільготненых палетках і грузла тэхніка. Але не наракаюць на цяжкасці, робяць усё, каб убраць ураджай. Ен сёлета ў сельгаспрадпрыемстве намнога вышэй леташняга. З кожнага гектара намалочваюць амаль па 29 цэнтнераў.


Плённай працы камбайнераў спрыяе і стараннасць вадзіцеляў і механізатараў на адвозцы зерня. Гэтую работу выконваюць Вячаслаў Агіевіч, Васіль Бялько і Міхаіл Савіч. Вынік намаганняў камбайнераў у полі і механізатараў на адвозцы добра бачны на гаспадарчым збожжатаку. Тут пад павецямі на спецыяльныя пляцоўкі насыпаны вялікія гурбы зерня, якое паступае адразу на перапрацоўку. Яно дасушваецца, праходзіць ачыстку. Пасля гэтага пастаўляецца на хлебную базу ў лік дзяржзаказу або на захоўванне ў сваё сховішча. Трэба сказаць, што з пастаўкамі зерня ў сусекі дзяржавы сельгаспрадпрыемства не зацягвае. З 270 тон, што прадугледжана заданнем, на элеватар пастаўлена амаль дзвесце тон зерня.


Вялікую дапамогу мясцовым хлебаробам на збожжатаку аказвае школьная брыгада. Яна сёлета налічвае больш дваццаці чалавек.


— Мы разумеем, якая адказнасць кладзецца на нас, што на таку працуюць рабяты, — гаворыць Лідзія Мікалаеўна. — Таму мы ўлічылі ўсе нюансы заканадаўства: бацькі рабят напісалі заявы, што яны згодны, каб дзеці іх працавалі, усе прайшлі медагляды, правялі неабходныя інструктажы па тэхніцы бяспекі і іншае. Увогуле, рабяты малайцы. З вялікім энтузіязмам працуюць.


Уборка ўраджаю — справа даволі адказная. І каб яна прайшла паспяхова, патрэбна вырашыць шмат самых розных пытанняў: і бытавых, і па тэхніцы бяспекі, і іншыя. Кіраўніцтва КСУПа “Бялёў” гэта зрабіла. Таму і ідуць справы на жніве нядрэнна. Дарэчы, дбаюць тут ужо і пра будучую сяўбу. Механізатары вядуць падрыхтоўку глебы пад сяўбу азімага рапса. Нездарма ж кажуць, што камбайн з поля — плуг у баразну. Менавіта так і паступаюць у сельгаспрадпрыемстве “Бялёў”.


С. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.