Тут будуць з радасцю вучыцца дзеці

Нарэшце, можна смела сказаць: першага верасня расчыніць дзверы для паўтары сотні школьнікаў Верасніцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа. Такое перакананне з’явілася ў мяне пасля наведвання будаўнічага аб’екта, на якім яшчэ вядуцца паўнамаштабныя работы.


— Другі паверх фактычна мае ўжо завершаны выгляд, там толькі вядуцца работы па наладцы супрацьпажарнай сігналізацыі. А мы, настаўнікі і тэхнічны персанал школы, таксама не бавім час дарэмна: вычысцілі вокны, навялі парадак, заносім і расстаўляем новыя сталы, шафы, якія дастаўляюцца ў школу цэнтралізавана і ў асноўным ужо ў сабраным выглядзе, — распавядае мне дырэктар школы Валянціна Казак. — Шмат працы перароблена рукамі настаўнікаў, якіх мы вымушаны былі адклікаць з чарговых водпускаў. Але ж гэта вымушаная патрэба: мы ж столькі год чакалі рамонту школы, а тым больш поўнай рэканструкцыі з важнымі для ўстановы прыбудовамі — сталоўкі і спартыўнай залы. Пакуль не паступіла чарговая партыя мэблі і будаўнікі не вызвалілі першы паверх, стараемся навесці пэўны парадак на школьнай тэрыторыі, дзе таксама трэба гаспадарскае вока. Увогуле, яшчэ шмат праблем, якія ўсё ж вырашаюцца…


Нягледзячы на стомленасць, якая адбілася нават у вачах кіраўніка школы, у іх нельга не заўважыць адбітак радасці: нарэшце, дзякуючы дзяржаве, верасніцкія педагогі і вучні займеюць належныя, адпавядаючыя дваццаць першаму стагоддзю ўмовы для працы, навучання і выхавання.


Гэты аспект як самы важны не выпадкова пры сустрэчы з журналістам “НП” на будаўніцтве школы падкрэслілі намеснік старшыні райвыканкама Валерый Рагалевіч і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Ганна Лукашэвіч.


Што тут хаваць: нават ім яшчэ некалькі месяцаў таму, як мне падалося з размовы, не да канца верылася, што свята першага званка ў верасні ўсё ж завітае ў Верасніцу. Так, вельмі слаба, пры недастатковай колькасці людзей, і не заўсёды якасна вялося будаўніцтва першай стадыі аб’екта Мазырскім будаўнічым трэстам “Палессебуд”. Сумнеў гэты не пакідаў і бацькоў, якія, перажываючы, што зноў іх дзеці будуць вазіцца ў суседнія школы, а гэта, зразумела ж, адбіваецца не толькі на якасці навучання, але і на здароўі дзяцей, вымушаны былі звярнуцца з калектыўнай скаргай у сродкі масавай інфармацыі краіны, у тым ліку і ў нашу раёнку. Аднак перакананні кіраўніцтва будаўнічага трэста іх супакоілі: першы этап будзе завершаны ў абяцаныя тэрміны. І, да гонару будаўнікоў, іх словы не разышліся са справамі.


— Будаўнікі сваё абяцанне — увесці першы пускавы комплекс ( будынак школы і сталовую, каналізацыйна-помпававую станцыю) да 1 верасня — стрымліваюць, — каменціруе ход работ на аб’екце начальнік упраўлення капітальнага будаўніцтва Канстанцін Друк. — Так, засталося яшчэ шмат дзе прыкласці рукі, але гэта даволі нязначны аб’ём.


…На калідорах — працуюць муляры і тынкоўшчыкі, якія папраўляюць пэўныя недахопы. Тут жа завяршаюць працу электрыкі і іншыя спецыялісты. У светлым і прасторным памяшканні сталоўкі вядуцца работы па ўстаноўцы і наладцы тэхналагічнага, спецыяльнага абсталявання. Набліжаецца да завяршэння ўкладка пліткай пляцоўкі перад школай і дарожкі, выпраўляюцца асобныя недахопы па тынкаванню і фарбаванню знешніх фасадаў. Актыўна вядуцца работы па будаўніцтву каналізацыйна-помпавай станцыі.


У дзень майго наведвання Верасніцы тут прайшла чарговая нарада па завяршэнню работ. У ёй прынялі ўдзел намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Быстрэнка і Валерый Раагалевіч, генеральны дырэктар будаўнічага трэста “Палессебуд” Валерый Усікаў, кіраўнікі падрадных арганізацый, якія задзейнічаны на будаўніцтве школы. Размова, а яна датычылася асфальтавання тэрыторыі, завяршэння ўнутраных работ як у будыныку, так і ў самой школе, мяне запэўніла: будзе зроблена ўсё магчымае, каб першага верасня ў Верасніцы надарылася цудоўнае свята. Яно, перакананы таксама, будзе радасным і памятным: адміністрацыя ўжо рыхтуе яго сцэнарый…


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.


НА ЗДЫМКУ: хутка прыме Верасніцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа сваіх выхаванцаў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.