Упэўненыя крокі “Пратона”
Нягледзячы на ўсе цяжкасці, крызісныя з’явы нашага часу стабільна, у напружаным рытме працуе калектыў металаапрацоўшчыкаў адкрытага акцыянернага таварыства “Пратон-М”. Работа ў цэхах тут наладжана ў дзве поўныя змены, як і раней, людзі працуюць у рэжыме поўнай занятасці, захоўваецца пяцідзённы рабочы тыдзень.
За 6 месяцаў года паспяхова выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі вытворчай дзейнасці, чым можа пахваліцца далёка не кожны працоўны калектыў нашага раёна. Так, аб’ём вытворчасці прадукцыі пры даведзеным заданні 112,5 працэнта фактычна склаў 115,8 працэнта. Тэмпы вытворчасці тавараў народнага спажывання замест даведзенай лічбы 112,5 працэнта дасягнулі за студзень – чэрвень 2009 года 115,4 працэнта. Запасы складской прадукцыі пры даведзенай дапушчальнай норме 70 працэнтаў фактычна складаюць 27 працэнтаў. За паўгоддзе рэнтабельнасць рэалізаванай прадукцыі замест даведзенага задання 4,5 працэнта фактычна склала 6 працэнтаў.
— Поспех пачынаецца з парадку і дысцыпліны, уліку і кантролю, — упэўнена дырэктар акцыянернага таварыства Ніна Рамановіч. — Наш калектыў, у якім каля 60 работнікаў рознага профілю і спецыяльнасцяў, працуе згодна гадавога плана, які на працягу месяцаў і кварталаў карэкціруецца, дапаўняецца і абагачаецца. Неад’емным правілам і законам для нас стала выкананне графіка адгрузкі прадукцыі, распрацаванага і даведзенага да нашага калектыва Міністэрствам прамысловасці Рэспублікі Беларусь. Каб людзі працавалі высокапрадукцыйна і якасна, не забываем пра іх дастойны заробак, а таксама адзначыць лепшых цёплым, ухвальным словам. Гэта тыя галоўныя стымулы, якія робяць нашы дэталі канкурэнтаздольнымі, запатрабаванымі, дазваляюць выконваць даведзеныя аб’ёмы работ, працаваць у зададзеным рытме, без непажаданых прастояў, а затым раскачак і аўралаў.
Да гонару металаапрацоўшчыкаў “Пратона”, спецыялістаў і кіраўніцтва варта адзначыць, што яны займаюць свае нішы ў прамысловасці нашай рэспублікі, у бягучым годзе выйшлі на новыя прадпрыемствы-спажыўцы краіны, значна пашырылі сетку паставак сваёй прадукцыі. Тут таксама добра ўсведамляюць, што ў сітуацыі, што склалася ў прамысловасці, узнаўленне ранейшых аб’ёмаў вытворчасці немагчыма без асваення і выпуску новых відаў прадукцыі. Паралельна вядуцца пошукі аднаразавых заказаў у перапрацоўчай, сельскагаспадарчай і другіх галінах, механічнай апрацоўкі і вырабаў розных дэталяў.
Якую агульную стратэгію выбрала кіраўніцтва акцыянернага таварыства па мінімізацыі негатыўнага ўплыву крызісу?
У першую чаргу — гэта распрацоўка і ўкараненне ў вытворчасць новых, запатрабаваных на традыцыйным рынку відаў прадукцыі, здольнай дастойна канкурыраваць па якасных характарыстыках з аналагамі другіх прадпрыемстваў рэспублікі, пашырэнне геаграфіі паставак, планамерная работа па зніжэнні сабекошту прадукцыі. Над гэтым тут і працуюць творча, з дзелавым, гаспадарлівым падыходам, увесь час трымаючы руку на пульсе часу. Немалаважнай задачай да таго ж з’яўляецца захаванне высокапрафесіянальнага, зладжанага працоўнага калектыву, цвёрда настроенага па завяршэнні ўплыву на эканоміку сусветнага крызісу выйсці на больш высокія рубяжы вытворчасці.
Пашыраецца пералік на прадпрыемстве металаапрацоўчых вырабаў, адгрузку якіх адсюль сваім спажыўцам пратонаўцы стабільна ажыццяўляюць два разы на тыдзень. Гэта дазваляе працаваць не на склад і разам з тым раўнамерна, згодна агавораных тэрмінаў пастаўляць свае дэталі на канвееры заводам-спажыўцам.
Калі размова заходзіць пра праблемы, найбольш вострыя пытанні, якія непакояць кіраўніка таварыства, то Ніна Мікалаеўна называе неплацяжы. Ёсць, напрыклад, прадпрыемствы, якія разлічваюцца з жыткавіцкімі металаапрацоўшчыкамі толькі за май-месяц… Тым не менш сітуацыя трымаецца пад кантролем, што вельмі немалаважна ў наш няпросты час.
Станоўчую ролю адыгрывае і тое, што ў “Пратоне” ўзяты курс на тэхнічнае пераўзбраенне, мадэрнізацыю станкоў і абсталявання. Есць цвёрды намер набыць у недалёкай перспектыве новыя станкі, у прыватнасці два з лічбавай праграмай кіравання. Ашчадна, з найбольшай аддачай імкнуцца выкарыстоўваць на прадпрыемстве кожны квадратны метр плошчы, паўнавартасна загружаць вытворчыя магутнасці.
Нездарма кажуць, што нават самыя вялікія здольнасці могуць памерці ў чалавеку, калі ён не будзе працаваць, развівацца, імкнуцца да самаўдасканальвання. І ў гэтым плане вялікую ролю адыгрывае здаровы лад жыцця, прапаганда якога мае ў калектыве прыярытэтны накірунак. Яго прыхільнікі ўпэўненыя, што ў першую чаргу трэба захоўваць рэжым працы і адпачынку. Пасля напружанага працоўнага тыдня, калі ты якасна і эфектыўна выканаў свае прафесіянальныя абавязкі, неабходна добра адпачыць. Гэта можа быць паездка ці прагулка на прыроду, духоўныя і душэўныя зносіны з родзічамі, сябрамі, суседзямі, гульні з хатнімі ўлюбёнцамі — сабакамі і катамі. Што тут казаць: нават паходы па магазінах для многіх — цудоўны спосаб зняць напружанне.
Да таго ж даўно даказана, што ўсе думкі матэрыяльныя. Таму ад настрою чалавека залежыць вельмі многае. Калі ўвесь час думаць негатыўна, з лішкавай недаверлівасцю прыслухоўвацца да свайго арганізма, то можна ў рэшце рэшт “прыцягнуць” да сябе хваробу. І наадварот, аптымісты хварэюць радзей і хутка выздараўліваюць.
Работнікі “Пратона” заўсёды прытрымліваліся адзінага накірунку — усе высілкі аддаваць развіццю вытворчасці, мацаваць і прымнажаць славу роднага прадпрыемства. Яны ўпэўнены, што з пастаўленымі задачамі справяцца. Бо абапіраюцца на настойлівасць, прафесіяналізм і творчы падыход да справы.
С. КУЛАКЕВІЧ.