Аляксандр ЛУКАШЭНКА: «Росквіту дзяржавы без развіцця вёскі дасягнуць нельга”

2 верасня, пасля наведвання 31 жніўня Петрыкаўскага і 1 верасня Столінскага раёнаў, працягнулася рабочая паездка Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па беларускім Палессі. Аляксандр Лукашэнка наведаў Жыткаўшчыну. На базе створанага нядаўна ААТ “Тураўшчына” кіраўнік беларускай дзяржавы азнаёміўся з перспектывамі стварэння і стратэгіяй развіцця вертыкальна інтэграванай сельскагаспадарчай структуры. Прэзідэнт таксама наведаў ААТ “Тураў”, дзе яму было дакладзена аб выкананні даручэнняў па развіцці вытворчасці і перапрацоўкі гародніны ў Гомельскай вобласці. Была нададзена ўвага пытанням укаранення ў сельгасвытворчасць новых узораў кормаўборачнай тэхнікі, якая выпускаецца ВА “Гомсельмаш”. Аляксандр Лукашэнка таксама азнаёміўся з ходам уборкі кукурузы на сілас і падрыхтоўкай глебы да сяўбы азімых культур.


Наша даведка: ААТ “ТУРАЎШЧЫНА”


Па выніках працы за студзень-ліпень 2009 года аб’ёмы вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічыліся на 20,9 працэнта. Дынамічна развіваецца жывёлагадоўля. Валавы надой малака павялічыўся на 18,2 працэнта да адпаведнага перыяду 2008 года, рэалізацыя жывёлы ў жывой вазе — на 75,8 працэнта. Сярэдні надой малака ад каровы за адзначаны перыяд атрыманы 2303 кілаграмы пры сярэднераённым паказчыку — 2275 кілаграмаў. Сярэднесутачныя прыбаўленні буйной рагатай жывёлы на гадоўлі і адкорме склалі 590 грамаў, што вышэй сярэднераённага паказчыка на 11 грамаў. Па стану на 1 жніўня 2009 года атрыманы прырост валавога збору збожжа на 15,1 працэнта, які адпавядае перыяду 2008 года, рапсу — у 2,4 раза. Ураджайнасць збожжавых павялічылася на 3,3 цэнтнера з гектара і склала 45,2, рапсу, адпаведна, — на 5,8 цэнтнера з гектара і склала 33,0. Рост аб’ёмаў вытворчасці дазволіў стварыць базу для павышэння эфектыўнасці гаспадаркі. Атрымана чыстага прыбытку за адзначаны перыяд 2,4 млрд. рублёў, рэнтабельнасць усёй гаспадарчай дзейнасці склала 36,7 працэнта. У бягучым годзе сярэднемесячная зарплата аднаго працаўніка ўзрасла на 42 працэнты і склала 535 тыс. рублёў.


НАША ДАВЕДКА


Спецыялізацыя вытворчасці вызначана зыходзячы з сыравіннай базы рэгіёна, кан’юнктуры рынка садавінагароднінных кансерваў і іх імпартазамяшчэння. На прадпрыемстве ўведзены ў эксплуатацыю тэхналагічныя лініі па перапрацоўцы зялёнага гароху, цукровай кукурузы, кансерваваных агуркоў, праведзена рэканструкцыя кацельні з пераводам яе на газ, набыты 2 гарохавыя і 1 кукурузаўборачны камбайны. Увогуле, у нашым раёне сфарміравана стабільная сыравінная зона па пастаўках гародніны, у тым ліку зялёнага гароху і цукровай кукурузы. Аб’ём перапрацоўкі складае 4,1 тысячы тон.


Верталёт кіраўніка дзяржавы прызямліўся а дванаццатай гадзіне побач з кукурузным палеткам новастворанага на базе КСУП “Агра-Прыпяць” адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Пасля прывітання Аляксандр Лукашэнка і сустракаючыя яго афіцыйныя асобы накіраваліся на поле.


Тут старшыня Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Якабсон далажыў Прэзідэнту аб ходзе ўборачных работ у рэгіёне. Уборка збожжавых у Гомельскай вобласці практычна завершана. Ураджай збожжа склаў каля 1,1 млн.т. Сярэдняя ўраджайнасць па рэгіёне — 34,2 ц/га. Гэта, як засведчыў кіраўнік вобласці, рэкордны паказчык за ўсю гісторыю Гомельшчыны.


Каб значна павысіць ураджайнасць у Гомельскай вобласці, ёсць неабходнасць правесці меліярацыю 116 тыс.га земляў, праінфармаваў Прэзідэнта А.Якабсон. Па агучаных ім ацэнках экспертаў, гэта дазволіць атрымаць да 300 тыс.т дадатковага ўраджаю збожжавых. У цяперашні час за год у вобласці праводзіцца меліярацыя ў сярэднім 4 тыс.га земляў. Зыходзячы з важнасці гэтага пытання старшыня аблвыканкама звярнуўся да кіраўніка дзяржавы з просьбай дазволіць выкарыстанне так званых чарнобыльскіх грошай, пакінутых у распараджэнне бюджэту Гомельскай вобласці, для вырашэння задач па меліярацыі земляў рэгіёна (адзначым, што выкарыстанне гэтых сродкаў на падобныя мэты раней не прадугледжвалася). Прэзідэнт даў сваю згоду, адзначыўшы пры гэтым: “Меліярацыя сёння для вас — гэта галоўнае”.


Да таго ж Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў недапушчальнасць зацягвання гэтага вельмі важнага для эканомікі краіны працэсу. “Будучы год — гэта год разбегу, уцягванні ў праграму па меліярацыі. Да першага года будучай пяцігодкі мы павінны выйсці на максімальныя тэмпы меліярацыі — прыкладна 25 тыс.га ў год. А за будучую пяцігодку мы павінны цалкам аднавіць меліяраваныя землі, не забываючы аб падтрымцы тых земляў, якія прыдатныя сёння”, — падкрэсліў Прэзідэнт.


“Вы адказваеце галавой за цану кожнага меліяраванага гектара, — сказаў Прэзідэнт, звяртаючыся да старшыні аблвыканкама. — У мяне ўжо ёсць горкі вопыт працы з будаўнікамі. Памятаеце, калі яны нічога не рабілі і стаялі на каленах: маўляў, дайце працу. Мы іх цалкам забяспечылі працай — і што мы атрымалі? Тры-пяць гадзін у дзень працуюць, а потым жывот грэюць. І гэта ва ўмовах рынкавай эканомікі!”. Прэзідэнт дзяржавы параіў не браць з іх прыклад, праводзячы меліярацыю.


“Кантроль будзе належны, — папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка. — Трэба бачыць выразна: вось гэты ўчастак меліяраваць варта за такую цану, і больш, чым гэтая сума, ты не атрымаеш. Трэба выразна ведаць кошт кожнага канала, кожнай дрэнажнай трубкі і гэтак далей”, — дадаў кіраўнік дзяржавы.


З меліярацыяй недапушчальна зацягваць, бо “з кожным годам кошт падвойваецца”, падкрэсліў Прэзідэнт.


Як адзначыў пры гэтым кіраўнік беларускай дзяржавы, меліярацыя набывае асаблівую актуальнасць на фоне росту попыту на сусветных рынках на прадукцыю сельскай гаспадаркі. “Попыт і далей будзе расці неймаверна. І мы павінны быць у гэтай рынкавай нішы, каб выгадна прадаць сваю прадукцыю і атрымаць добрыя грошы. Такім чынам, мы зможам вярнуць тыя сродкі, якія ўклалі ў праграму адраджэння сяла”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.


Згодна рашэнню А.Лукашэнкі, меліярацыя раёнаў Брэсцкай і Гомельскай абласцей будзе на 50% прафінансавана з рэспубліканскага бюджэту. Для меліярацыі сельгасугоддзяў Гомельскай вобласці будзе выдзелена 100 млрд. беларускіх рублёў, з іх з рэспубліканскага бюджэту — 50 мільярдаў.


“Тураўскія землі ўяўляюць надзвычайную важнасць не толькі з пункта гледжання гісторыі, але і ў плане эканомікі і турызму, улічваючы прыроднае багацце краю і наяўнасць высокапладародных глеб. Таму мы абавязаны вывесці гэты рэгіён на еўрапейскі ўзровень”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка пад час азнаямлення з праектамі інтэграванай сельскагаспадарчай структуры ў нашым раёне.


Як было даложана Прэзідэнту, ААТ “Тураўшчына” створана ў жніўні 2009 года з удзелам ААТ “Белаграпрамбанк” шляхам рэарганізацыі КСУП “Агра-Прыпяць”.


Як асноўны акцыянер гаспадаркі, ААТ “Белаграпрамбанк” распрацаваў план эфектыўнага гаспадарання на гэтай зямлі. Аб стратэгіі развіцця вертыкальна інтэграванай структуры на базе ААТ Тураўшчына” праінфармаваў кіраўніка дзяржавы старшыня праўлення “Белаграпрамбанка” Сяргей Румас.


Як было агучана, сельскагаспадарчыя ўгоддзі гаспадаркі складаюць 15476 гектараў.


Па словах кіраўніка банка, перадача КСУП “Агра-Прыпяць” створанаму акцыянернаму таварыству абумоўлена неабходнасцю стварэння на яго базе магутнага прадпрыемства, здольнага ў найболей спрыяльных для нашай краіны кліматычных умовах забяспечыць вытворчасць шырокага спектру сельскагаспадарчай прадукцыі. Нараўне з вырашэннем задачы па эфектыўнаму выкарыстанні ўрадлівых земляў Прыпяцкай поймы ў сельскагаспадарчым абарачэнні, банкам будзе рэалізаваны комплекс мер па фармаванні на тэрыторыі Прыпяцкага Палесся інфраструктуры для аграрнага і экалагічнага турызму, а таксама развіццю паляўнічай гаспадаркі. У гэтых мэтах ААТ “Белаграпрамбанк”, як асноўны акцыянер ААТ “Тураўшчына”, мяркуе ажыццявіць наступны комплекс мер. Запланавана будаўніцтва сучаснай малочнатаварнай фермы на 1050 галоў.


Мэтазгоднасць будаўніцтва новай сучаснай фермы абумоўлена неабходнасцю павышэння эфектыўнасці ўтрымання дойнага статка і стварэнні неабходных умоў для жывёлы і працаўнікоў. На новай МТФ мяркуецца арганізацыя круглагадовага ўтрымання жывёлы з аднатыпным кармленнем і сучаснай даільнай залай. Яе будаўніцтва пачнецца ўжо ў лістападзе 2009 года і будзе завершана ў 2010 годзе. Пры гэтым, як адзначыў Сяргей Румас, існуючыя малочнатаварныя фермы будуць рэканструяваны ў мэтах забеспячэння належнага ўтрымання жывёлы.


А. Лукашэнка пагадзіўся са старшынёй праўлення банка па вырашэнню дадзенай праблемы. Але звярнуў увагу, што патрэбна мэтазгоднасць пры рэканструяванні старых аб’ектаў. Трэба пралічыць, каб “дарэмна не закапваць” грошы, можа, мэтазгодней будаваць новае, чым даводзіць да ладу старое.


Як далей заўважыў С. Румас, у якасці эксперыменту мяркуецца арганізацыя гадоўлі буйной рагатай жывёлы мясных парод з круглагадовым утрыманнем у пойме ракі Прыпяць. У загоне пад павеццю будуць размешчаны першыя 50 галоў жывёлы пароды “лімузін” ужо ў бягучым годзе. Пры гэтым, калі ўзімку жывёла будзе ўтрымлівацца на прывазным харчаванні, то ў астатнія перыяды — на натуральным гадаванні. Плюсы гэтай тэхналогіі ў практычна поўнай адсутнасці выдаткаў на ўтрыманне жывёлы, нават калі яго прыбаўленне не будзе значным. Аднак гэтая ідэя патрабуе эксперыментальнага пацвярджэння ў кліматычных умовах поўдня Беларусі. Таму што, адзначыў Румас, некаторыя вучоныя скептычна ставяцца да дадзенай тэмы. У выпадку эфектыўнасці дадзенага праекту, у пойме Прыпяці ў 2010 годзе будзе арганізавана не меней 6 месцаў для круглагадовага ўтрымання мясных парод жывёлы.


Зразумела, па словах Румаса, будзе актыўна праводзіцца інтэнсіфікацыя раслінаводства.


У мэтах павышэння эфектыўнасці раслінаводства мяркуецца паэтапнае стварэнне парка сучаснай сельскагаспадарчай тэхнікі, а таксама мадэрнізацыя, якая адпавядае інфраструктуры. Вынікам гэтай працы павінна стаць укараненне перадавых тэхналогій арганізацыі раслінаводства і дасягненне ўраджайнасці збожжавых і зернебабовых культур у памеры не меней 60 цэнтнераў з гектара.


Поспех новастворанаму прадпрыемству можа прынесці і арганізацыя вытворчасці па перапрацоўцы малака і выпуску плаўленых сыроў.


Цяпер, падкрэсліў С. Румас, у Рэспубліцы Беларусь адсутнічае вытворчасць плаўленых сыроў, аналагічных запатрабаваным “Hochland” і “President”. У выніку таго, што асартымент айчынных і імпартных плаўленых сыроў практычна не перасякаецца, гэта прыводзіць да штогадовага імпарту такой прадукцыі на суму больш 2 млн. долараў ЗША. У гэтай сувязі мяркуецца стварэнне новай імпартазамяшчальнай вытворчасці і вывад на спажывецкі рынак якаснай беларускай гандлёвай маркі. Пры ўсталяванні канкурэнтаздольнага кошту і дасягненні высокай якасці гатовай прадукцыі, айчынныя плаўленыя сыры змогуць практычна цалкам выцесніць імпартныя аналагі.


Мяркуецца таксама арганізаваць імпартазамяшчальную вытворчасць па шокавай замарозцы гародніны. Дадзены кірунак дзейнасці з’яўляецца вельмі перспектыўным. Так, штогадовыя аб’ёмы імпарту краіны замарожанай гародніны перавышаюць 5 тысяч тон, пры відавочна недастатковым развіцці вытворчасці аналагічнай прадукцыі ўнутры краіны. 90 працэнтаў продажу замарожанай гародніны ў рэспубліцы, а гэта больш 6 млн. долараў ЗША, прыходзіцца на імпартную прадукцыю, у асноўным польскую. Як перакананы С. Румас, вытворчасць замарожанай гародніны на аснове мясцовай сыравіннай базы дазволіць значна скараціць аб’ёмы імпарту аналагічнай прадукцыі ў краіну. Разам з тым, для паспяховай рэалізацыі дадзенага праекту запатрабуецца прыняцце шэрагу мер па забеспячэнні высокай якасці вырашчанай гародніны, забеспячэнне безумоўнасці выканання вытворчых планаў іх вытворцаў. Акрамя гэтага, беларуская прадукцыя павінна каштаваць менш імпартных аналагаў, што ў першую чаргу залежыць ад эфектыўнасці і тэхналагічнасці агародніцтва.


У гэтых мэтах плануецца глыбокая інтэграцыя з вытворцамі свежай гародніны, дапамога ў наладжванні імі неабходнага ўзроўню вытворчасці.


Да канчатковага спажыўца замарожаная гародніна зможа пастаўляцца як пад уласнай гандлёвай маркай, так і праз фасовачныя вытворчасці. Пры гэтым сумарны аб’ём вытворчасці замарожанай гародніны на першапачатковым этапе можа скласці каля 1,2 тыс. тон у год.


Новае кіраўніцтва збіраецца пабудаваць і новую свінагадоўчую ферму.


На думку С. Румаса, мэтазгоднасць рэалізацыі дадзенага праекту абумоўлена фактычнай адсутнасцю айчыннай нятлустай свініны, у значнай ступені запатрабаванай на мясакамбінатах краіны для вытворчасці далікатэснай прадукцыі і некаторых відаў каўбас. У выніку вытворцы мясной прадукцыі змушаныя закупляць такую свініну за мяжой, а гэта нарастанне імпарту.


Мяркуецца будаўніцтва буйной свінагадоўчай фермы, арыенціровачна на 50 тысяч галоў. У мэтах арганізацыі ўласнай вытворчасці мясной прадукцыі плануецца таксама будаўніцтва забойнага і мясаперапрацоўчага цэха.


Не менш важны накірунак дзейнасці ААТ “Тураўшчына” — развіццё турыстычнай галіны.


На бягучы момант турыстычны патэнцыял Прыпяцкага Палесся, на думку кіраўніка праўлення “Белаграпрамбанка”, выкарыстоўваецца не ў поўнай меры. Неабходна аб’яднанне на дадзенай тэрыторыі паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, створанай інфраструктуры для аграрнага і экалагічнага турызму ў адзіны эфектыўна функцыянуючы комплекс. Вынікам гэтай працы стане наданне Прыпяцкаму Палессю шырэйшых магчымасцяў па нарошчванні аб’ёму турыстычных паслуг, а таксама павышэнню іх якаснага ўзроўню. Дзеля гэтага плануецца: стварэнне сучаснай інфраструктуры на тэрыторыі паляўнічых і рыбалоўных угоддзяў, а таксама ў непасрэднай блізкасці ад іх, накіраванай на задавальненне запытаў самых патрабавальных аматараў палявання і рыбалкі; шырокае развіццё экатурызму, якое ўключае ў сябе арганізацыю турыстычных экамаршрутаў у пойме ракі Прыпяць;актыўнае садзейнічанне развіццю агратурызму ў рэгіёне, якое прадугледжвае ў тым ліку ўзнаўленне тыповай вёскі Прыпяцкага Палесся 18-19 стагоддзя з тым укладам, самабытнасцю і традыцыямі, якія былі характэрныя для жыцця сельскіх жыхароў. Па словах старшыні праўлення “Белаграпрамбанка” Сяргей Румаса, ужо праз 2 гады ад усіх відаў турыстычнага бізнэсу тут будзе атрымана выручка ў $1 млн.


Як завяршыў выступленне С.Румас, асноўнай мэтай рэалізацыі праектаў з’яўляецца пабудова магутнага прадпрыемства, якое функцыянуе на прынцыпах самаакупнасці. Пры гэтым ААТ “Белаграпрамбанк” плануе рэалізацыю часткі праектаў, звязаных з будаўніцтвам новых аб’ектаў, толькі з прыцягненнем зацікаўленых структур, што дазволіць знізіць, з аднаго боку, нагрузку на банк, з іншага — надасць ААТ “Тураўшчына” шырэйшыя магчымасці для эфектыўнай рэалізацыі вызначаных планаў.


Прэзідэнт дзяржавы ўхваліў распачынанні кіраўніцтва гаспадаркі. “Гэта вельмі цікавыя праекты, і, акрамя таго, я бачу, што ты шчыра хварэеш за сваю справу”, — сказаў Прэзідэнт Сяргею Румасу. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзяржава падтрымае намаганні, каб адзначаныя планы былі рэалізаваны. Больш таго, ён параіў пераняць вопыт вядомых гаспадарак “Сноў” і “Александрыйскае”.


Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Сямён Шапіра коратка распавёў кіраўніку дзяржавы аб ходзе ўборачнай кампаніі па краіне ў цэлым. Па словах міністра, ужо пачата ўборка кукурузы на сілас. У бліжэйшыя 10 дзён пачнецца ўборка кукурузы на семя. Нарыхтоўку сіласу плануецца скончыць у сярэдзіне кастрычніка.


Затым увазе кіраўніка беларускай дзяржавы былі прадстаўлены ўзоры кормаўборачнай сельгастэхнікі, якая выпускаецца ВА “Гомсельмаш”. А. Лукашэнка адзначыў неабходнасць нарошчвання айчыннай вытворчасці камплектуючых для камбайнаў. “Тое, што нам трэба забяспечваць пад экспартныя варыянты тэхнікі свае камплектуючыя, — гэта факт”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На бягучы момант толькі каля 50% камплектуючых для тэхнікі “Гомсельмаша” вырабляецца ў Беларусі. Гэта недастаткова, на думку кіраўніка дзяржавы.


Аляксандр Лукашэнка і прысутныя афіцыйныя асобы рэспублікі, вобласці і раёна мелі магчымасць паназіраць за ходам, а галоўнае якасцю працы кормаўборачнай тэхнікі. У рост чалавека кукуруза мясцовай сялекцыі ў імгненне вока ператваралася ў церуху, якая пасля стане выдатным кормам для жывёлы. У цэлым, намаганням ВА “Гомсельмаш” пастаўлена добрая адзнака, хаця адзін з комплексаў, які па сваіх характарыстыках поўнасцю адпавядае імпартным узорам, яшчэ цэлы год будзе праходзіць тэхналагічныя іспыты. Новастворанай гаспадарцы з яе 15-тысячнай плошчай сельгасугоддзяў спатрэбіцца сама больш дзве — тры такія магутныя машыны…


Кіраўнік дзяржавы ў ААТ “Тураў”


Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з перспектывамі арганізацыі перапрацоўкі імпартазамяшчальнай садавінагароднінай прадукцыі, наведаўшы кансервавы завод ААТ “Тураў”.


Як даложана кіраўніку дзяржавы, акцыянернае таварыства “Тураў” вызначана ў якасці базавай арганізацыі кансервавай галіны Гомельскай вобласці.


Нагадаем, што яшчэ ўвосень 2004 года Прэзідэнт азнаёміўся з станам спраў на кансервавым заводзе — тады ж ім быў дадзены шэраг даручэнняў. Аднак, як высвятліў кіраўнік дзяржавы пад час наведвання, гэтыя даручэнні не ўсе выконваюцца: прадпрыемства не выйшла на належны ўзровень ні па аб’ёме вытворчасці, ні па продажу, ні па эканамічных паказчыках. Акрамя таго, ААТ не разлічваецца належным чынам за атрыманыя ім крэдыты.


Аляксандр Лукашэнка падвергнуў жорсткай крытыцы працу гэтага прадпрыемства і даручыў правесці паглыбленую праверку яго фінансава-эканамічнай дзейнасці.


“Мы павінны давесці гэтую вытворчасць да ладу. Яно вельмі важна для рэспублікі”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Сёння нават ставіцца пытанне аб змене ўласнікаў прадпрыемства.


Пасля азнаямленнем з вытворчасцю (якраз праводзілася кансерваванне салодкай кукурузы і сліў), Прэзідэнт агледзеў невялікую выставу, дзе прадстаўлена прадукцыя перапрацоўваючых прадпрыемстваў Гомельшчыны. Кіраўнік дзяржавы высока ацаніў працу па вырошчванню садавіны і агародніны, а таксама грыбоў. А.Лукашэнку былі прадэманстраваны новыя віды напіткаў, марожанага, падараны сажанцы яблыні сорту “белы наліў” і грушы.


Прэс-канферэнцыя А.Р. Лукашэнкі


Прэзідэнт адказаў на пытанні журналістаў, якія тычыліся не толькі асноўнай тэматыкі яго працоўнай паездкі па Палессі, але і іншых актуальных момантаў знешняй і ўнутранай палітыкі краіны.


Так, адказваючы на пытанне аб Праграме развіцця малых і сярэдніх гарадоў Беларусі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яна не падлягае ніякай карэкціроўцы, а тым больш скарачэнню. “Абсалютна не ідзе размова аб скарачэнні і карэкціроўцы гэтай праграмы”, — падкрэсліў лідар дзяржавы. Ен таксама падкрэсліў, што калі “мы вырашылі стварыць квітнеючую дзяржаву, то без развіцця вёскі гэта зрабіць немагчыма”. Па меркаванні Прэзідэнта, праграма развіцця малых і сярэдніх гарадоў — гэта працяг праграмы адраджэння беларускай глыбінкі, паколькі ў такіх гарадах у большай ступені сканцэнтравана перапрацоўка прадукцыі.


Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што адной з галоўных задач з’яўляецца занятасць мясцовага насельніцтва. Дзяржава і раней, да прыняцця гэтай праграмы, спрабавала вырашыць дадзеную праблему, але ўсё рабілася хаатычна. Па меркаванні кіраўніка дзяржавы, стварэнне ў малых гарадах прадпрыемстваў, падобных кансерваваму заводу ў Тураве, — гэтае вырашэнне праблемы занятасці мясцовага насельніцтва. Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што ў гэтым кірунку ў краіне зроблена ўжо нямала. “Паглядзіце, хаця б, якія змены ёсць у Тураве, дзе мы знаходзімся…”


Прэзідэнт Беларусі лічыць, што Сусветная гандлёвая арганізацыя (СГА) зацікаўлена ва ўступе ў свае шэрагі ўсіх дзяржаў — удзельнікаў Мытнага саюза Беларусі, Казахстана і Расіі.


“Пажывем — убачым, — сказаў прэзідэнт дзяржавы. — Пакуль, на дэкларатыўным узроўні, у Мытным саюзе ўсё ідзе добра. Калі з гэтага атрымаецца тое, што мы запланавалі, — будзе выдатна. Нават калі пакуль мы не ўступім у СГА — ужо будзе лягчэй”. “Але мне здаецца, СГА будзе вельмі зацікаўлена ў тым, каб мы былі ў гэтай арганізацыі. Таму што гэта велізарныя тэрыторыі, велізарная колькасць людзей і велізарныя рэсурсы”, — дадаў Аляксандр Лукашэнка.


Беларусь не будзе браць на сябе крэдытныя абавязкі, якія не зможа выканаць. Аб гэтым заявіў Аляксандр Лукашэнка, адказваючы на яшчэ адно пытанне журналістаў.


“Усё, што звязана з тым, што не вытрымае наша эканоміка, мы на сябе браць не будзем”, — падкрэсліў Прэзідэнт. Пры гэтым ён адзначыў, што сёння неабходна вырашыць галоўныя пытанні, адным з іх з’яўляецца захаванне стабільнасці беларускага рубля.


Што ж датычыцца росту цэн, то, як лічыць Прэзідэнт, праблем тут быць не павінна. “Наадварот, у гэтай сітуацыі мы асцерагаемся падзення цэнаў, таму што гэта ўдар па вытворцах. Мы ўжо зніжаем кошт, каб прадаць сваю прадукцыю”, — сказаў ён.


Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што па абавязацельствах перад Міжнародным валютным фондам урад і Нацбанк дакладуць яму хуткім часам. “Тады і вызначымся, якія абавязацельствы мы на сябе бярэм, а якія — не “, — дадаў ён.


Адносна праводзімай Беларуссю знешняй палітыкі, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў: “У нас шматвектарная палітыка, мы абвясцілі яе з першых дзён майго прэзідэнцтва і прытрымваемся дагэтуль, падабаецца гэта камусьці або не. Усё астатняе — гэта дасужыя выдумкі. І калі ў нас з Расіяй няма практычна ніякіх глабальных праблем, то з Захадам вы ведаеце нашы адносіны. І мы тут прыкладваем максімум высілкаў, каб забяспечыць шматвектарнасць нашай палітыкі. І ў наступным будзем гэта рабіць. Жадае Захад з намі супрацоўнічаць на прынцыпах, на якіх супрацоўнічае з іншымі дзяржавамі — мы з задавальненнем будзем гэта рабіць. Што нам непрымальна, я ўжо казаў: калі тут тым або іншым спосабам жадаюць разбурыць краіну і зламаць той курс, які ў Беларусі праводзіцца, тады нам не па шляху ні з адной палітычнай сілай, ні з адной дзяржавай. Мы суверэнная, незалежная дзяржава, мы вызначаем сваю ўнутраную і знешнюю палітыку, і мы і надалей будзем вызначаць яе самастойна. Мы будзем слухаць усіх — і на Захадзе, і на Ўсходзе, але жыць будзем сваім розумам. Таму ніякіх тут разваротаў, паваротаў няма і быць не можа. Расія заўсёды была, ёсць і будзе нашай традыцыйна братэрскай, роднай дзяржавай. Можа, камусьці гэта рэжа слых, але гэта так. Гэта не толькі гістарычна, але і на практыцы. Захад — гэта тэхналагічна развіты рэгіён, гэта суседзі, там палова беларускага тавараабароту. І гэтым усё сказана”.


Каменціруючы прапанову ўкраінскага боку аб удзеле Беларусі ў праекце развіцця нафтаправода “Адэса-Брады”, Аляксандр Лукашэнка заявіў: “Адэса-Брады” — гэта не новы для нас праект. Дыверсіфікаванне паставак энерганосьбітаў — гэта класічная практыка для любой краіны. Мы не можам залежаць толькі ад адной крыніцы (да прыкладу, ад Расіі) у спажыванні энергарэсурсаў. Тым больш што былі праблемы ў гэтай сувязі. Таму мы пачалі альтэрнатыўныя пошукі. Ці ўвянчаецца гэта поспехам, не ведаю. Будзе вынік, будзе эканамічная эфектыўнасць — тады будзем дзейнічаць у гэтым кірунку. Усё будзем рабіць разумна. “Адэса-Брады”, пастаўкі з Венесуэлы ў Прыбалтыку, пастаўкі з Каспія да Чорнага мора і прапампоўка сюды — усе гэтыя розныя шляхі мы пралічваем. Пакуль нам выгодна атрымліваць вуглевадароды з Расійскай Федэрацыі. Стане невыгадна — мы ўжо сёння павінны бачыць іншыя шляхі. І ў гэтым няма ніякай надзвычайшчыны, і праект гэты не новы”.


Адносна прапановы Літвы аб развіцці сумесных з Беларуссю праектаў па транзіце тавараў, у тым ліку энерганосьбітаў, праз тэрыторыю нашай краіны Аляксандр Лукашэнка адзначыў: “Мы таму і ўвайшлі ў “Усходняе партнёрства”, што там, акрамя зоны вольнага гандлю, нам прапанавалі выгадныя транзітныя праекты, узнаўленне гэтых шляхоў. Мы над гэтым таксама даўно працуем. Калі Прыбалтыка ў гэтым стаўленні будзе зацікаўлена (а яны зацікаўлены, натуральна, таму што гэта вялікі грузапаток, загрузка партоў і т.д.), мы таксама ў гэтым кірунку будзем дзейнічаць, таму што гэта ў нашых інтэрасах. Гэтыя праекты не супярэчаць геапалітычным інтэрасам ні Расіі, ні Захаду”.


Пасля больш чым двухгадзіннага рабочага візіту ў наш раён кіраўнік беларускай дзяржавы развітаўся з прысутнымі кіраўнікамі і прадстаўнікамі СМІ, адбыў з Турава.


У час візіта кіраўніка краіны суправаджалі намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Іван Бамбіза, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Сямён Шапіра, старшыня Жыткавіцкага райвыканкама Мікалай Какора і іншыя афіцыйныя асобы.


Справаздачу аб ходзе візіту падрыхтаваў У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.