Ачарсцвелі, загрубелі ў апошнія гады, калі нават не сказаць пра паўтара-два дзесяцігоддзі, людскія сэрцы і душы. Забойствам, напрыклад, ужо нікога не здзівіш, прызвычаіліся да гэтага страшэннага граху, быццам да ўзыходу і захаду сонца. Помніцца, як у самым пачатку 80-х гадоў цяпер ужо мінулага 20-га стагоддзя паказальны суд праходзіў у нашым райцэнтраўскім кінатэатры. Людзей набілася — яблыку не было дзе ўпасці. Муж-раўнівец у п’яным чадзе прабраўся цераз балкон у кватэру і зарэзаў адразу дваіх: жонку і яе сястру. Помніцца, як на сцэну ў якасці сведкі выйшла малалетняя дачушка забойцы. Яна расказвала, як прасіла бацьку не забіваць яе матулю. Ручкі яе калаціліся, голас дрыжаў, а вочкі, што так рана пабачылі неймавернае гора, былі поўныя слёз. Цікава, як склаўся яе далейшы жыццёвы лёс? Маці — прыгажуня, якая разам са сваёй сястрой была адмысловай спявачкай і танцоркаю, не па сваёй віне пакінула дачушку без жаночай ласкі. Бацьку вынеслі смяротны прысуд. Тады гэты судовы працэс, вытокі і жудаснае “жніво” злачынства былі на языку не аднаго гараджаніна і вяскоўца, глыбока запалі ў душы многіх людзей. Аналізавалі, рабілі вывады, спрачаліся, папярэджвалі…
Read more