Ты малітва мая, Вятчын!
На жнівеньскі Яблычны Спас пайшоў на вясковыя могілкі. У нас адведваюць месцы спакою продкаў на першы дзень Вялікадня і на Яблычны Спас. Мая сям’я трымаецца заведзенага. Заўважыў дзве акалічнасці. Першая, што на могілках былі толькі дзве жанчыны. Сталага ўзросту. А другая, заўважыў, як апошнія гады пабольшалі могліцы на свежыя жаўтапесныя насыпы-бугаркі.
Вяртаўся дахаты і пра гэта ўвесь час думаў. Адыходзяць людзі — і старога веку, і маладзейшыя, якім бы радавацца яшчэ жыццю. Але ж самотнасць і незапатрабаванасць, у дадатак — нецікавасць жыцця, якое вызначаецца ў вёсцы асабліва ў восеньска-зімовую пару, калі ніхто, бадай, і парог хаты не пераступіць, скарачае чалавечыя дні. Бо жыццё тут, як мне падаецца, без пазітыву. Проста цягнецца дзень да дня. А было ж, было тут жыццё! Сапраўднае.
Шкада, што не вернеш і тых традыцый, якія не сталі для выхадцаў вёскі і іх дзяцей абавязковым, — адведаць свае магілы на Вялікдзень ці на Спас. Шкада…
Пра цяжкія і лепшыя моманты з жыцця раней вялікай вёскі Вятчын, каб не згубіліся за часам сабраныя мной і мясцовымі краязнаўцамі крупінкі звесткак, хачу расказаць чытачам у гэтым апошнім, трэцім артыкуле з цыкла “Ты малітва мая, Вятчын!” (гл. нумары газеты №№61, 68, дзе мы вялі размову аб гісторыі і адукацыйных традыцыях старажытнага населенага пункта). Напісанае ж не знікае…