Плён працы жывёлаводаў: які ён?
Рабоце жывёлагадоўчай галіны ў нашым раёне заўсёды надавалася вялікае значэнне. І усё таму, што ад рэалізацыі прадукцыі ферм залежыць асноўная выручка гаспадарак, прычым грашовыя паступленні ідуць круглы год. Як жа працуюць жывёлаводы? Аб гэтым расказвае вядучы заатэхнік райсельгасхарчу Ігар ВЕКА.
— Ігар Паўлавіч, на ваш погляд як спецыяліста, наколькі паспяхова спрацавала жывёлагадоўчая галіна раёна за 9 месяцаў?
— На маю думку, жывёлаводы раёна спрацавалі нядрэнна. У цэлым па раёну выкананы ўсе прагнозныя паказчыкі і тыя заданні, што былі даведзены. Калі гэта перавесці на мову лічбаў, то за азначаны з пачатку года тэрмін вытворчасць малака склала 21129 тон, прырост да мінулагодняга перыяду — 16,3 працэнта або 2968 тон пры надоі малака ад каровы 2942 кілаграмы. Прыбавілі па надою 488 кілаграмаў. Усе гаспадаркі маюць прыбаўку па валаваму надою малака і прадуктыўнасці статка.
Вытворчасць мяса буйной рагатай жывёлы склала 2155 тон з прыбаўкай 4,2 працэнта. Атрымана 584 грамы сярэднясутачных прываг. Прыбаўка да мінулагодняга перыяду складае 46 грамаў.
— Якія гаспадаркі ўнеслі найбольшы ўклад у выкананне даведзеных заданняў? І ці ёсць такія сельгаспрадпрыемствы, дзе не здолелі дабіцца добрага выніку?
— Калі браць вытворчасць малака, то на многа вышэй за сярэднераённы паказчык спрацавалі жывёлаводы КСУПаў “Марохараўскі”, “Запясочча”, “ Чырвоны Бор” , па мясу –- КСУПы” Верасніца”,”Бялёў”. На жаль, ёсць і такія гаспадаркі, дзе нават артыманы паказчыкі па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі ніжэй чым у мінулым годзе. Так, намнога меншыя за сярэднераённы паказчык сутачныя прывагі жывёлы ў КСУПах “Людзяневічы” ( 501 грам) і “Дзякавічы” ( 513 грам). Меньш за леташні узровень на 2,1 тоны спрацавалі на вырошчванні буйной рагатай жывёлы працаўнікі ферм КСУП “Чырвоны Бор”. Ёсць яшчэ шэраг гаспадарак, дзе маглі б мець намнога лепшыя паказчыкі ў жывёлагадоўлі. Тым больш што аснову выручкі гаспадаркі атрымліваюць ад рэалізацыі прадукцыі ферм.
— Як вамі было адзначана, вялікая група гаспадарак па вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі не змагла дацягнуцца і да сярэднераённых паказчыкаў. У чым жа прычына ? Дзе не дапрацоўваюць жывёлаводы?
— Я сказаў бы, што ў асноўным у раёне ўсё ёсць, каб жывёлагадоўля паспяхова развівалася ў кожным сельгаспрадпрыемстве. Асноўная прычына –- гэта нашы недапрацоўкі ў арганізацыйным плане. Прывяду найбольш характэрныя прыклады. У многіх гаспадарках “кульгае” работа па арганізацыі пасьбы жывёлы ў летні перыяд. Не раз можна бачыць, калі каровы выпасаюцца без электрапастуха. Далей, ёсць праблемы па догляду за пашай. Лета – час гарачы. Патрэбна тэхніка і на кормавытворчасць, і на догляд за пасевамі, таму часта за гэтымі клопатамі забываюць выдзеліць трактар з касілкай, каб падкасіць выпасы, ужо не кажучы, каб іх падкарміць угнаеннямі. З-за гэтых недапрацовак збядняецца кармавая база. І гэта ў самы перыяд, калі можна атрымліваць найбольш прадукцыі. Яшчэ адзін прыклад. Пасеў аднагадовых культур на падкормку жывёле. На жаль, тых плошчаў, што маем недастаткова, таму “зялёны канвеер” працуе з перабоямі. Надараюцца выпадкі, калі і ваду на пашу для кароў падвязуць са спазненнем, або соль і іншыя мінеральныя дабаўкі забудуць у карыта насыпаць. Здаецца дробязь, а на самой справе недаатрымліваем прадукцыю.
— Зараз распачаўся перыяд зімова-стойлавага ўтрымання статка. Ці здолелі ў гаспадарках перавесці своечасова на зімоўку жывёлу?
— Сёлета гэты працэс прайшоў намнога лепей. Некалькі запазніліся з пераводам на стойлавае ўтрыманне статка ў КСУПе “Людзяневічы”. Але сітуацыю там выправілі. Практычна фермскія памяшканні да зімоўкі падрыхтавалі, правялі неабходныя рамонты, зоаветэрынарныя мерапрыемствы. Наладзілі і кармленне па зімовых рацыёнах. На стойлавы перыяд маем дастаткова травяністых кармоў. У разліку на адну ўмоўную галаву маецца амаль 29 цэнтнераў кармавых адзінак. Гэта на шэсць больш чым летась. Спадзяюся, што ў гэтым годзе кармавы запас будзе яшчэ большы. Яшчэ вядзецца ўборка кукурузы на зерне. Працуем і па закладцы сіласу.
— Практыка мінулых гадоў паказвае, што найбольш слабым месцам у кармавой базе для грамадскай жывёлагадоўлі з’яўляюцца канцэнтраваныя кармы. Сёлета ўдасца пазбегнуць іх дэфіцыту?
— Мяркую, што з канцэнтратамі таксама не будзем мець праблем. У гаспадарках маецца зерне, з якога рыхтуюцца камбікармы ўласнай вытворчасці з дабаўленнем у іх неабходных кармавых дабавак. Трымаем сувязь і з Калінкавіцкім камбінатам хлебапрадуктаў, дзе будзем закупляць канцэнтраты. Яны заўсёды ідуць нам насустрач. Ёсць плюшчанае зерне. У шэрагу гаспадарак ужо прыступілі да яго скармлівання і маюць нядрэнны вынік. Прапрацоўваем пытанне і па закупцы шроту.
— У мінулыя гады перавод статка на зімовае ўтрыманне для жывёлаводаў многіх гаспадарак адзначаўся спадам у вытворчасці малака. Удалося пазбегнуць гэтага сёлета?
— На жаль, часткова ўсё ж спад па вытворчасці малака спыніць у пераходны перыяд не ўдалося. Усё ж перавод жывёлы на стойла з’яўляецца для яе пэўным стрэсам. Мяняюцца тып кармлення і рэжым дня ў параўнанні з пашавым перыядам. Але хачу зазначыць, што там, дзе працуюць тэхналагічна, страты ў вытворчасці прадукцыі мінімальныя. Напрыклад, КСУП “Коленскае”. Тут яшчэ ў жніўні пачалі прывучаць жывёлу да кансерваванага корму: сенажу і сіласу. Спецыяльна адкрылі для гэтых мэт траншэі. Таму цяпер гаспадарка мае неблагія вынікі па вытворчасці малака.
— Якое заданне на першы месяц зімоўкі даведзена жывёлаводам раёна?
— За кастрычнік у параўнанні з мінулагоднім такім жа месяцам неабходна вытворчасць малака павялічыць на 19 працэнтаў, а мяса — на 2 працэнты. Гэтая задача нашым працаўнікам ферм па сілах.
Гутарыў С. БЕЛКА.