Як жывеш, прыватны бізнес?

Не толькі пазнаёміцца з ініцыятыўнымі, прадпрымальнымі людзьмі, распачатай імі справай, але і даведацца аб практычнай сённяшняй і заўтрашняй перспектыве развіцця прыватнага бізнесу вырашыў старшыня раённага выканаўчага камітэта Мікалай Какора. Днямі ён разам з намеснікам старшыні раённага выканаўчага камітэта С.Таболічам, які курыруе пытанні прадпрымальніцтва ў раёне, наведалі шэраг аб’ектаў, дзе наладжана вытворчасць альбо аказанне паслуг індывідуальнымі прадпрымальнікамі.


У цэнтры ўвагі кіраўніка раёна была дзейнасць ажно трынаццаці прыватных суб’ектаў малога бізнесу раённага цэнтра. Своеасаблівымі экскурсаводамі сталі на сваіх прадпрыемствах іх кіраўнікі. Падчас агледзін, у сваю чаргу, цікавіўся Мікалай Какора, як і чым жыве сёння прадпрымальнік, ці адчувае падтрымку дзяржавы, як прыватным структурам атрымліваецца не толькі выжываць, але і паспяхова канкурыраваць на рынку. Нягледзячы на засілле замежных назваў фірм, якія стварылі жыткавіцкія прадпрымальнікі, прадукцыя, што вырабляецца тут, запатрабаваная, накіроўваецца не толькі на ўнутраны рынак, але нават і за мяжу. Пачалі карыстацца папулярнасцю ў насельніцтва і паслугі, якія аказваюць прыватныя структуры.


Але ж, на жаль, пра апазнавальнасць гэтых тавараў і паслуг многія гаспадары забываюцца часам паклапаціцца. Чаму б адкрытаму акцыянернаму таварыству “ЭлітСервіс”, якое размешчана ў выгодным месцы і абслугоўвае аўтаматараў, лічы, па-еўрапейску, не заявіць пра сябе рэкламным праспектам? Ці перашкодзіла б мінчанам ды і гамяльчанам праз рэкламны ролік па тэлебачанні альбо з газетнай старонкі абласнога ды і рэспубліканскага ўзроўню даведацца пра дзейнасць прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “Форэст-Комплекс”, дзе наладжана безадходная перапрацоўка драўніны? Дзе можна набыць мэблю па цане вытворцы, будаўнічыя матэрыялы? Альбо, якія выдатныя абналічнікі на дзвярныя праёмы выпускае прадпрыемства “Колонтербел”! Толькі ж чамусьці ў жыткавіцкіх магазінах гэтай прадукцыі не знойдзеш. Не ўсё пакуль атрымліваецца на шляху: вытворца -– прадавец — пакупнік. Ці няма жадання, ці не атрымліваецца размова паміж структурамі раёна і прадпрымальнікам? А на шляху да развіцця, на думку кіраўніка раёна, трэба не выключаць гэтыя моманты.


Рознаўзроўневыя па стану вытворчасці, створаных умоў працы, наяўнасці тэхнічных механізмаў і колькасці працоўных месцаў наведаныя кіраўніцтвам раёна прадпрыемствы. Нехта толькі спрабуе замацавацца на рынку, ажыццяўляе дзейнасць у невялікіх маштабах, нехта ўжо пайшоў значна далей. Нехта нават часова спыніў дзейнасць, назіраючы за нялёгкай сітуацыяй, якая ўзнік-ла ў сувязі з сусветным крызісам. Многія аказваюць паслугі, перабудаваўшы падыходы да справы і змяніўшы адносіны да кліента. І гэта радавала кіраўнітцва раёна, таму што стабільна працуючае прадпрыемства забяспечвае людзей працай і заробкам, плаціць падаткі ў бюджэт і развіваецца. Як, да прыкладу, прыватнае сумеснае ўнітарнае прадпрыемства “АўтаЛайф”: хутка, пакінуўшы машыну майстру, аўтаўладальнік зможа пачакаць завяршэння рамонту ў невялічкім кафэ за кубкам кавы і праглядам тэлеперадачы…


Падчас гутарак з кіраўнікамі малога бізнесу абмяркоўваліся праблемныя пытанні, якія ў іх узнікаюць на шляху развіцця вытворчасці. Мясцовыя ўлады будуць актыўна садзейнічаць з’яўленню новых вытворчасцяў, новых відаў паслуг, адзначыў старшыня райвыканкама. Тым больш што заканадаўчая падтрымка малому бізнесу сёння ў Беларусі даволі вялікая.


У. МІКАЛАЕЎ.


НА ЗДЫМКУ: кіраўнік раёна знаёміцца з прадпрыемствамі малога бізнесу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.