І эканоміць, і нарошчваць вытворчасць

Летам прыродная стыхія нанесла значны ўрон ферме “Кольна”, якая належыць камунальнаму сельскагаспадарчаму ўнітарнаму прадпрыемству “Коленскае”. Работы па ліквідацыі наступстваў пажару тут правялі вельмі хутка. Цяпер на ферме нічога не нагадвае аб той летняй трагедыі. А наадварот яе тэрыторыю ўпрыгожвае новы цялятнік.


Зараз там размясцілася амаль дзвесце галоў маладнячку. Жывёлаводы, якія ажыццяўляюць догляд за цялятамі, паспелі ўжо ацаніць усе выгоды для сваёй работы ў новым будынку.


— Памяшканне вялікае і прасторнае, таму ў ім гадаванцам не цесна, як было ў старым цялятніку, — расказвае загадчыца фермы Ніна Ханеня. — Яшчэ, што добра, раздача кармоў вядзецца тэхнікай, значна палепшана і сістэма водапаення. Цяпер даглядчыку не патрэбна стаяць гадзінамі, каб напоўніць карыты вадой, для гэтага дастаткова дзесяці мінут. Ды і разносіць сілас, і выкідваць гной не патрабуецца.


У ліку іншых пераваг Ніна Уладзіміраўна назвала і тое, што цялятнік абсталяваны кармавым сталом і кармленне ажыццяўляецца на вуліцы пад навесам. У кармушкі, якія знаходзяцца ўнутры, засыпаюцца толькі канцэнтраты. Значыць, жывёлаводам патрабуецца значна менш часу, каб ачысціць месцы раздачы кармоў ад недаедзеных рэшткаў. Сярод паляпшэння ўмоў для маладнячку варта адзначыць, што цяляты маюць свабодны доступ як на вуліцу, так і ў памяшканне.


— Умовы ўтрымання цялят палепшыліся намнога, — дадае і дырэктар гаспадаркі Валянцін Карпаў. –- Прайшло ўсяго некалькі тыдняў, як сюды перавялі цялят, але за гэты невялікі прамежак часу фізіялагічны стан жывёлы значна палепшыўся.


Вопыт стварэння лёгкіх канструкцый памяшканняў ферм у сельгаспрадпрыемстве ўжо маецца. У мінулым годзе тут таксама ўвялі ў строй падобны цялятнік. І вынікамі засталіся задаволенымі. Пераваг, як адзначалася кіраўніком гаспадаркі, шмат. І галоўная з іх – мінімум затрат на ўзвядзенне такіх памяшканняў ферм. Як вынікала з размовы з Валянцінам Мікалаевічам, асноўныя матэрыялы, якія пайшлі на будаўніцтва, выкарыстаны з прыйшоўшых у нягоднасць і разабраных па гэтай прычыне іншых вытворчых аб’ектаў. Таму кошт памяшкання невысокі. Па словах Валянціна Мікалаевіча, хаця поўнасцю ўсе падлікі яшчэ не завершаны, але ж будаўніцтва абышлося ў суму прыкладна роўную сто пяцьдзесят-сто шэсцьдзесят мільёнаў рублёў. Пры цяперашніх цэнах, з улікам аб’ёму памяшкання, гэта даволі танна, што немалаважна для эканомікі гаспадаркі.


Увогуле, рэканструкцыі жывёлагадоўчых ферм у КСУПе “Коленскае” ў апошнія гады надаецца вялікае значэннне. Прыклад таму — малочнатаварны комплекс “Пасека”, які лічыцца адным з лепшых у раёне. Зараз жа асноўныя работы ў гэтым накірунку вядуцца на малочнатварнай ферме ля вёскі Рудня. Скажам, што гэты вытворчы аб’ект нямала гадоў знаходзіўся ў непрывабным стане. Такая незайздросная спадчына дасталася КСУПу “Коленскае” пасля далучэння да яго сельгаспрадпрыемства “Грэбянёўскае”. Зразумела, што разлічваць на высокія прывагі і надоі пры ранейшых метадах гаспадарання і тэхналогіях было проста немагчыма. Таму кіраўніцтва гаспадаркі і прыняло рашэнне аб пачатку рэканструкцыі. Тое, што ўдалося зрабіць толькі за гэтае лета, прыемна ўражвае. Непараўнальна, што было раней. Найперш, мікраклімат унутры памяшканняў. Пасля рэканструкцыі ён намнога палепшыўся. Каб гэта адчуць, кіраўнік гаспадаркі правёў па памяшканнях, у якіх аднаўленчыя работы правялі, і тых, дзе яны толькі запланаваны. У першых суха і чыста, практычна не адчуваецца паху кармоў і гною. Нават энергазберагаючыя лямпачкі выкарыстоўваюцца для асвятлення. Абсталяванне таксама заменена на новае. Што значыць падаіць у бачкі, а што — у малакаправод. Аблягчэнне ўмоў працы аператараў машыннага даення відавочнае.


І зусім іншы малюнак убачылі, калі зайшлі ў нерэканструяваны будынак. Ад знаходжання кароў там адчувалася і павышаная вільготнасць, і невельмі прыемны пах. Як быць у такіх умовах жывёле? А людзям працаваць? Кармленне ажыццяўляецца ў ім яшчэ абсталяваннем з савецкіх часоў, калі корм падаецца лентачным транспарцёрам пры дапамозе электрарухавікоў. Пры цяперашнім курсе на энергазберажэнне для гаспадаркі такая тэхналогія — вялікая роскаш. Таму адназначна выказаўся кіраўнік, што ў наступным годзе і ў гэтым будынку будзе праведзена рэканструкцыя.


— Работы яшчэ хапае. Патрэбна закончыць і выгульныя двары, і добраўпарадкаванне бытавых і вытворчых пакояў, а таксама добраўпарадкаваць тэрыторыю, — дзеліцца планамі кіраўнік. –- Працуем у гэтым накірунку і вельмі актыўна будзем рабіць гэта ў далейшым. Самае ж галоўнае, што мы заклалі асновы тэхналогіі вытворчасці і цяпер ужо рэканструктаяваная ферма дае прадукцыю і зарабляе грошы для далейшай дзейнасці, накіраванай на яе паляпшэнне. А гэта вельмі важна, бо панесеныя затраты павінны акупацца вельмі хутка. Таму нездарма тут размясцілі менавіта дойны статак.


Праведзены рамонт і на грэбеньскай ферме. Тут знаходзіцца цёлачнае пагалоўе. Тэхналагічны прынцып той жа: мягкая саламянная падсцілка і бяспрывязнае ўтрыманне.


— Што яшчэ патрэбна жывёле? Кармоў дастаткова, яны і ў выгульных дварах і ў памяшканні, вада і мінеральныя дабаўкі таксама маюцца, падасланыя.


Практычна ўсё выканана тэхнікай, — гаворыць Валянцін Мікалаевіч. — Што вялікіх намаганняў для гэтага не патрабуецца і мноства людзей, каб і ад гною вычысцілі стойлы, і кармы раздалі і на прагулку выгналі, і так далей. Жывёла пры такіх умовах сама ведае, як ёй быць. Патрачаныя сельгаспрадпрыемствам на рэканструкцыю ферм грошы паказваюць наколькі эфектыўна можна працаваць па развіццю жывёлагадоўлі, не несучы вялікіх затрат, і мець ад гэтага нядрэнныя вытворчыя паказчыкі. Да таго ж гэта шлях, каб павялічыць эксплуатацыю ўжо выпрацаваўшых свой рэсурс фермскіх памяшканняў. Работы па рэканструкцыі ферм у раёне вядуцца і іншымі гаспадаркамі. Толькі ў гэтым годзе такіх налічваецца 7 памяшканняў. На жаль, не ўсюды маюць такі станоўчы вынік як у “Коленскім”. Такое прамаруджванне, як паказвае практыка, не ідзе на карысць агульнай справе.


Напрыклад, цяпер на руднянскай ферме ўтрымліваецца паўтысячы галоў дойнага статка. Гэта прыкладна столькі, колькі і на новым чырванаборскім комплексе. Толькі па панесеных затратах рахунак будзе не на карысць апошняга. Таму стаўка на рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў, якую робяць у КСУПе “Коленскае” зараз, дазваляе адначасова і эканоміць, і адначасова нарошчваць вытворчасць прадукцыі.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.