Народнаму ансамблю танца – 45!

7 лістапада ў Тураўскім гарадскім Доме культуры было мнагалюдна. Так тут здараецца заўсёды, калі няўрымслівыя і нястомныя культарганізатары мясцовай культустановы рыхтуюць чарговыя канцэртныя праграмы з удзелам народных калектываў. Гэты ж вечар быў асаблівы, юбілейны для аднаго з іх. 45 — такі ўзроставы парог у самадзейнага калектыву — народнага ансамбля танца “Прыпяць”. А адзначыць юбілей адзінага ў раёне танцавальнага калектыву для дарослых паклікаў гараджан і гасцей Турава народны клуб аматараў народнай творчасці “Вечарына”.


Незвычайнае хваляванне ў многіх гледачоў выклікала яшчэ да пачатку творчай юбілейнай сустрэчы выстава, што была арганізавана ў фае і распавядала пра пачатковы шлях станаўлення цудоўнага калектыву і прыступкі да заваявання сэрцаў гледачоў у раёне, вобласці, рэспубліцы і нават за яе межамі. Яно, гэтае хваляванне, працягвалася і ў зале, бо тут шмат сабралася тых, хто танцаваў у ансамблі ў мінулыя дзесяцігоддзі.


А пачалася ўрачыстасць з яго вялікасці танца. Самадзейныя артысты, якіх, прызнацца, і самадзейнымі неяк сорам назваць, настолькі таленавіта, іскрамётна выканалі “Тапатуху”, што зала ўзарвалася апладысментамі. Прызнанне, павага і любоў бачыліся ў вачах прыхільнікаў творчасці тураўлян.


Пра адданасць аднойчы зробленаму выбару, пра святы агонь, які ўспыхвае ў душы кожнага ўдзельніка калектыву, распавяла на сцэне вядучая “Вечарыны” Ганна Лой. Яна запрасіла прысутных прайсціся па дарогах памяці, згадаць пра самыя адметныя перыяды творчага шляху калектыву, паабяцала запрасіць прывітаць юбіляраў усіх, хто жадаў гэта зрабіць. І першым дала такую магчымасць — дзецям. Але не проста дзецям, а маленькім калегам. Трэба было бачыць, як малодшая група ансамбля з паветранымі шарамі, з кветкамі выйшла на сцэну, як умела павіншавала сваіх дарослых сяброў! Нават танец рабяты падаравалі. “Справа была ў вёсцы” — цудоўны, скажу вам, танец. А на тварах у юных артыстаў — шчасце, у вачах — гонар за свой калектыў. І глядач адразу пераканаўся: у “Прыпяці” расце надзейная змена.


Звыш трыццаці гадоў жыве танцам кіраўнік ансамбля Аляксандр Пяшэвіч. У 1976 годзе ён прыйшоў у дзіцячую групу і звязаў жыццё з танцам. А ў 1990-ым, пасля службы ў марфлоце, па просьбе дырэктара РДК узначаліў калектыў і лічыць працу ў ім справай свайго жыцця… Шмат цікавага гледачы даведаліся падчас бліц-апытання, праведзенага на сцэне як з кіраўніком калектыву, так і яго ўдзельнікамі. І — на сцэне зноў цудоўны малюнак танца.


“Тураўская полька” — гэта візітоўка калектыву. Танец увайшоў у залаты фонд Беларускай сцэнічнай харэаграфіі. Як адзначыла Ганна Лой, “Тураўская полька” такая ж шырокая і хуткая, як рака Прыпяць, задорная і вясёлая, як і ўсе ўдзельнікі калектыву. Яна такая ж старажытная, як і сам Тураў…


А на экране — слайд-фільм аб “Прыпяці”. Ручаёк творчасці “запульсаваў” летам 1964 года, калі праз лёсавызначальную раку паром перавёз рэчыцкага хлопца Міколу. Ен змог запаліць іскрынку творчасці ў мясцовых хлопцаў і дзяўчат, пераканаўшы іх, што не толькі песняй, але і танцам можна “загарэцца” на ўсё жыццё. І за гэтым нястомным чалавекам пацягнулася рабочая моладзь, старэйшыя школьнікі і дзеці. А Котаў нядоўга выбіраў назву калектыву — яна была перад вачыма штодня. Канешне, блакітная Прыпяць!


Першае конкурснае выступленне ансамбля хутка прайшло на раённай сцэне. Удала. Затым, разам з хорам, калектыў удзельнічаў у справаздачным канцэрце Беларускай ССР у Маскве і там таксама знайшоў любоў гледача. Крок за крокам ствараліся новыя танцавальныя пастаноўкі, вышуканыя элементы якіх Мікола Котаў “запазычыў” у тураўлян і жыхароў суседніх вёсак. Нарэшце, ансамбль у сваёй творчасці дасягнуў высокага мастацкага ўзроўню, аднаму з першых на Жыткаўшчыне яму было прысвоена ганаровае званне народны. І на працягу 45 год ансамбль танца “Прыпяць” адначасова захоўвае і прапагандуе лепшыя танцавальныя традыцыі палешукоў і ўсяго нашага народа. За гэтыя гады калектыў адзначаны шматлікімі ўзнагародамі, уганараваны лаўрэатствам значных конкурсаў.


…А тым часам вечарына працягваецца — на сцэне была паказана і “Кадрыля”, і “Яблычка” — вядомыя, здавалася б, танцы, але яны так хораша падымаюць настрой!


Магутны па духу характар, мужны чалавек, адданы аднойчы выбранаму шляху. Гэта ўсё пра Міколу Котава — заснавальніка калектыву. Вядомы балетмайстар, які нядаўна перажыў трагедыю, патрапіўшы ў аварыю, нягледзячы ні на што, вярнуўся на сцэну. Каб жыць танцам. “Наш Мікола” — так паважліва, з любоўю да гэтага чалавека ставяцца тураўляне. І ён адказвае тым жа — ездзіць разам з творчай тэлевізійнай групай па раёне і збірае рэшткі духоўнай песеннай і танцавальнай культуры Жыткаўшчыны, каб пра яе даведаліся ва ўсёй краіне. Ужо зроблена ім з калегамі нямала. І гэтыя набыткі ў выглядзе відэадыскаў Мікола Конанавіч з такой жа любоўю перадаваў усім, хто дапамагаў яму ажыццяўляць цікавыя асветніцкія праекты — мясцовым уладам, роднаму калектыву, установам адукацыі і культуры, СМІ, першым удзельнікам “Прыпяці”. І ўсё, пра што б ні гаварылася на сцэне, было прыемна і хораша для ўсіх пачуць і пабачыць. А для Котава асабліва, бо найперш прыйшлі на сустрэчу, каб і падараваць, нягледзячы на знешняе хваляванне, танец “Вясельная” ветэраны калектыву. Хораша станцавалі ветэраны! Цёплыя былі іх успаміны… Валянціна Міронаўна Карась, першая ўдзельніца ансамбля, 45 гадоў назад пачынала на тураўскай сцэне летапіс калектыву, і пранесла любоў да танца і да культуры ўсё жыццё. Прыемным момантам стала ўручэнне ветэранам памятных сувеніраў. А галоўным з іх, безумноўна, стаў танец, які падараваў самым дарагім людзям на свеце ва ўсім мужны чалавек Мікола Котаў. Ен падзякаваў уладзе, а таксама шматлікім людзям, якім народныя традыцыі неабыякавыя, а таксама ўручыў калектыву грамату Беларускага Фонда культуры.


На вечарыне ў гонар “Прыпяці” прысутнічалі госці. Цёплыя словы ў адрас калектыву сказалі: намеснік старшыні Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта В. Рагалевіч, начальнік аддзела культуры С. Агіевіч, старшыня Тураўскага гарадскога выканаўчага камітэта І. Міцюрыч, а таксама былы ўдзельнік ансамбля, а цяпер кіраўнік прыватнай фірмы А. Матох, кіраўнік рэспубліканскага праекта “Мядовы Спас” Ю. Радзькоў і іншыя. Шэраг афіцыйных падзяк і ўзнагарод, падарункаў — заслужана — атрымалі ў гэты вечар юбіляры.


Самыя ж творчыя атрыманы, як мне падалося, ад творчага калектыву Тураўскага гарадскога Дома культуры (Валянціна Вячаславаўна Ярмоліч, дырэктар яго, не абышла добрым словам нікога з удзельнікаў калектыву, што дапоўніла глядацкія ўражанні), сямейнага ансамбля Абібок з Запясочча (на працягу многіх гадоў у “Прыпяці” танцавала Валянціна Абібок, самародак-гарманіст, а акампаніятарам працаваў Сяргей Кузьміч Страх, які з’яўляецца арганізатарам і стваральнікам народнага сямейнага ансамбля). Ніводнае мерапрыемства клуба “Вечарына” раённага цэнтра фальклору не праходзіць і без удзелу народнага ансамбля народнай песні “Сваты” — і іх музычнае віншаванне таксама надта спадабалася…


А завяршылася памятная канцэртная праграма ўдзячным адказам “Прыпяці” — танцам “Крутуха” і з’яўленнем на сцэне юбілейнага торта са свечкамі, фінальным выхадам да гледачоў усіх удзельнікаў “Вечарыны”. Пранікнёна загучалі радкі “Многае лета”. А зала ўспрымала ўсё гэта сэрцам і стоячы апладзіравала талентам нашай зямлі.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.