Пад ветразямі ведаў і дабрыні

Наш візіт у Чырвоненскую сярэднюю агульнаадукацыйную школу супаў з правядзеннем там так званых “адкрытых урокаў” з боку раённага метадычнага аб’яднання настаўнікаў пачатковых класаў Жыткаўшчыны. Мясцовыя педагогі Наталля Купрацэвіч і Валянціна Гвоздзева з годнасцю “вытрымалі чарговы экзамен на прафесіяналізм”. Метадыст раённага вучэбна-метадычнага кабінета ды іх калегі з усіх устаноў адукацыі Жыткаўшчыны далі ўрокам станоўчыя адзнакі, таму настрой у дырэктара школы быў прыўзняты, і яна не хавала яго.


— Ужо стала добрым правілам, своеасаблівай традыцыяй, што на базе нашай школы кожны год раённыя метадычныя аб’яднанні праходзяць не менш 2-3 разоў, — гаворыць Іна Глушчэня. — І наш калектыў заўсёды гатовы да такіх іспытаў, бо з 29 педагагічных работнікаў 24 маюць вышэйшую адукацыю, а 5 — сярэдне-спецыяльную. Да таго ж за гады педагагічнай працы шасці нашым настаўнікам была прысвоена вышэйшая катэгорыя, 16 — першая, а двум — другая.


Агромністы трохпавярховы будынак школы размясціўся побач з Чырвоненскім Саветам, і яны тут не толькі добрыя суседзі, а і надзейныя дарадцы і памочнікі. А прастору вакол школы — як вокам кінуць, у вольныя ад вучобы хвіліны вучням ёсць тут дзе даць волю сваёй неўтаймаванай энергіі… У апошні час вакол школы паўсталі казачныя персанажы — Кот у ботах, Ліса, якая рана ці позна, перахітруе неразумную Варону. А вось і “златая цепь на дубе том”…


Школа ў некалі маладым пасёлку торфаздабытчыкаў Чырвонае была заснавана ў 1975 годзе. Цяпер тут навучаецца 234 хлопчыкі і дзяўчынкі, з якіх у пачатковай школе 81 навучэнец, у 5-9 класах — 113, у 9-11 — сорак. Тут маецца 15 класа-камплектаў. Для ўсебаковага развіцця маладой асобы ёсць усё неабходнае: дзве майстэрні для тэхнічнага і абслугоўваючага працоўнага навучання, актавая зала, бібліятэка, кабінет інфарматыкі, пакой агульнай фізічнай падрыхтоўкі, спартыўная зала, басейн, які аднавіў сваю паўнакроўную дзейнасць у мінулым годзе, 19 вучэбных кабінетаў, гісторыка-этнаграфічны музей. Апошні з іх, дарэчы, — гэта сапраўднае люстэрка гісторыі як самога пасёлка, так і палескага рэгіёна ў цэлым.У ім можна з усёй яскравасцю прасачыць гісторыю каўпакаўскага рэйду, торфабрыкетнага завода, які стаў пасёлкаўтваральным прадпрыемствам, школы, прачытаць прозвішчы вядомых людзей. Есць тут і “Беларуская хатка”.


Пераважная большасць вучняў школы — з мясцовага пасёлка, але разам з імі займаюцца і маленькія жыхары вёсак Ляхавічы, Пухавічы і Пласток. Усе яны карыстаюцца рэйсавымі аўтобусамі па праязных білетах. Усе без выключэння вучні школы забяспечаны гарачым харчаваннем за дзяржаўны кошт.


Тут функцыяніруюць два інтэграваныя класы — 8”Б” і 10, працуе 60 факультатываў. Галоўная праблема, над якой працуе школа ў 2009-2010 навучальным годзе, — павышэнне ўзроўню якасці адукацыі і выхавання навучэнцаў. Зыходзячы з гэтага ў асноўныя задачы ўваходзіць павышэнне прафесійнага ўзроўню педагогаў, фарміраванне новага стылю педагагічнага мыслення, выяўленне схільнасцей і здольнасцей вучняў, стварэнне ўмоў кожнаму дзіцяці для максімальнай самарэалізацыі, павышэнне ўзроўню эфектыўнасці ўрока. Побач з вучэбнымі павінны быць паспяхова выкананы і выхаваўчыя задачы. А гэта ў першую чаргу павышэнне эфектыўнасці ідэалагічнай выхаваўчай работы з вучнямі цераз сістэму краязнаўчай работы (праграма “Спадчына”), фарміраванне духоўна-маральных каштоўнасцей і навыкаў здаровага ладу жыцця, ранняя прафілактыка правапарушэнняў, выхаванне гуманнасці.


Для забеспячэння вольнага часу школьнікаў тут працуюць спартыўныя секцыі па футболу, баскетболу, валейболу, лёгкай атлетыцы, гурткі “Трапны стралок”, “Юны краязнаўца”, “Сучасныя рытмы”, вакальная студыя “Белы бусел”. Школа стараецца плённа ўзаемадзейнічаць з такімі аб’ектамі соцыума як мясцовы сельскі Савет, дзіцячая музычная школа, Дом культуры, урачэбная амбулаторыя, бібліятэка, Ляхавіцкае лясніцтва. Яе шэфамі ў пасёлку з’яўляюцца адкрытае акцыянернае таварыства “Жыткавіцкі торфабрыкетны завод” і будаўніча-мантажнае ўпраўленне №8.


Усе жыхары раёна маглі бачыць па тэлебачанні і перажываць за чырвоненскіх школьнікаў, якія прымалі ўдзел у рэспубліканскіх спаборніцтвах па рухомых гульнях у тэлеконкурсе “Бухта капітанаў” сезона 2008-2009 гадоў. Адсюль, са спартыўнага комплекса “Стайкі”, яны прывезлі тры дыпломы. Граматай МЧС, Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных Беларускага добраахвотнага пажарнага таварыства, Беларускага саюза мастакоў быў узнагароджаны ўдзельнік 11-га рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячай творчасці “Выратавальнікі вачыма дзяцей” Павел Макарэвіч, які заняў другое месца ў намінацыі “Малюнак”. Есць у ганаровым арсенале школы нямала і другіх грамат і дыпломаў.


Пільная, паўсядзённая ўвага з боку настаўнікаў — пытанням правапарушэнняў. Так званых цяжкіх падлеткаў стараюцца заняць у гуртках і секцыях. Школьнікам можна пры жаданні наведаць Мінск, Белавежскую пушчу, другія рэгіёны рэспублікі. Працуе свой басейн, па вечарах галасамі дарослых і моладзі поўняцца дзве спартыўныя залы пасёлка. Сярэдняя школа, вобразна кажучы, стараецца жыць і працаваць пад ветразямі трывалых ведаў і чалавечай дабрыні.


С. ВЕЧАРОВЫ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.