Пераможныя дні фестывалю
Нягледзячы на нялёгкія рэаліі сённяшняга дня, і ў першую чаргу фінансавыя праблемы, Жыткавіцкая раённая арганізацыя “Грамадскае аб’яднанне “Беларускае таварыства інвалідаў”, якую не першы год узначальвае Любоў Сабадаш, імкнецца з максімальнай аддачай выкарыстаць свой чалавечы патэнцыял, нікога не пакінуць сам-насам з бядой, застаецца ініцыятарам многіх добрых спраў.
Яшчэ раз пра гэта засведчыў абласны фестываль творчасці інвалідаў, прысвечаны Міжнароднаму дню інвалідаў, які прайшоў у Гомелі 30 кастрычніка — 1 лістапада бягучага года. Жыткавіцкая арганізацыя на ім была прадстаўлена як прадметамі дэкаратыўна — прыкладнога мастацтва, так і нумарамі мастацкай самадзейнасці. І неаднаразова выходзіла пераможцай. Так, дуэт у саставе Валянціны Мартыноўскай і Ніны Салавей за выкананую па-мастацку песню атрымаў дыплом першай ступені і каштоўны падарунак. У намінацыі “Сола” першага месца і каштоўнага падарунка была ўдастоена Надзея Лядвік. Аўтарская песня Валерыі Лыкавай “Мая Беларусь” была ацэнена дыпломам 3 ступені і каштоўным падарункам.
Жыццядзейнасць раённай грамадскай арганізацыі ў сучасных умовах цяжка ўявіць без спонсарскай дапамогі. А менавіта яе і аказваюць у нашым раёне людзям з абмежаванымі магчымасцямі фермерская гаспадарка М. Шруба, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, лясгас, прадпрымальнікі Таццяна Карпавец, Ніна Крупенька, Людміла Чыкіда і многія другія.
С. КУЛАКЕВІЧ.