Іх чакаюць, як сонца узыход…

Аддзяленне сацыяльнай дапамогі для састарэлых людзей на даму пачало працаваць на Жыткаўшчыне з 1988 года і калі праз 12 гадоў, у круглым 2000 годзе ў нас быў створаны раённы тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнай дапамогі насельніцтва, то менавіта яно і стала галоўным падмуркам для ўзнікнення і далейшага паспяховага функцыяніравання гэтай важнейшай структуры.


— Зараз у аддзяленні на ўліку знаходзіцца 669 чалавек з непрацаздольных грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, — уводзіць нас у курс спраў дырэктар цэнтра Таццяна Казлова. — Сярод іх 277 адзінокіх, у тым ліку 30 удзельнікаў, 4 інваліды вайны, 142 інваліды агульнага захворвання. На частковым платным надомным абслугоўванні знаходзіцца 565 чалавек, 54 — на ўмовах поўнай аплаты, 50 — на бесплатным абслугоўванні, у тым ліку 6 вызваленых. Акрамя таго, на надомным абслугоўванні знаходзіцца 11 ляжачых грамадзян, якім сацыяльныя работнікі рыхтуюць гатуюць ежу, мыюць бялізну, а таксама пераапранаюць іх. Са 108 населеных пунктаў раёна сацыяльным абслугоўваннем ахоплена 92, у тым ліку сельскіх населеных пунктаў 90, маланаселеных 8 і 7 аграгарадкоў. За студзень-лістапад 2009 года платных паслуг было аказана на 68,4 мільёна рублёў, у тым ліку разавых — на 4,2 мільёна рублёў. Штомесячна ў сярэднім выкананне платных паслуг складае 6,5 мільёна рублёў. За 11 месяцаў 2009 года аддзяленнем было прынята на надомнае абслугоўванне 188 чалавек. За гэты перыяд выбыла 169 чалавек, у тым ліку па прычыне смерці — 58.


У памятцы для грамадзян, якія абслугоўваюцца аддзяленнем сацыяльнай дапамогі на доме, можна налічыць каля 20 відаў паслуг. Есць тут і правілы паводзін грамадзян, іх абавязкі. Дык якія ж паслугі аказвалі сацыяльныя работнікі цэнтра пажылым, немачным людзям у мінулым годзе?


Пры іх непасрэдным садзейнічанні за справаздачны перыяд было выпісана і дастаўлена па месцы жыхарства дроў для 72 адзінокіх грамадзян. Згодна заяў адзінокіх грамадзян райцэнтра і жыхароў сельскіх Саветаў аддзяленнем тэрміновага сацыяльнага абслуговання ўсім маючым патрэбу аказвалася дапамога ў распілоўцы і колцы дроў, а таксама ў рамонце агароджаў. За гэты час сацыяльнымі работнікамі было зроблена 103280 наведванняў на дому і ў бальніцы сваіх падапечных, у тым ліку аказана 3664 выпадкі дапамогі ў распальванні печак, 7798 — у прыгатаванні абедаў, 1311 — у мыцці бялізны. Інспектарамі аддзялення было праведзена 1435 праверак.


Функцыяніруе школа сацыяльнага работніка, было праведзена 11 планавых заняткаў з прыцягненнем спецыялістаў цэнтра, упраўлення па працы, Жыткавіцкай ЦРБ, райаддзела па надзвычайных сітуацыях, міліцыі і др. З усімі абслугоўваемымі грамадзянамі былі праведзены інструктажы па пажарнай бяспецы. Сацыяльныя работнікі прадставілі справаздачы на імя загадчыка аддзялення аб стане печак у адзінока пражываючых для праверкі на прадмет супрацьпажарнай бяспекі напярэдадні ацяпляльнага сезона 2009-2010 гадоў. За 11 месяцаў 2009 года аддзяленнем сацыяльнай дапамогі было накіравана 28 састарэлых людзей, у тым ліку 21 адзінокі, для ўладкавання ў аддзяленне сястрынскага догляду Тураўскай бальніцы (17 чалавек) і бальніцу сястрынскага догляду Жыткавіцкай ЦРБ (11 чалавек).


Што і казаць, далёка не кожны чалавек зможа працаваць у гэтым аддзяленні. Тут, у першую чаргу, патрэбны такія якасці характару і душы як чуласць, суперажыванне, вытрымка, цярпенне. Вось чаму не ўсе праходзяць выпрабавальны тэрмін, што называецца, адсейваюцца… Састарэлыя людзі, якія чакаюць сваіх работнікаў, нібы ясны сонца ўзыход, маюць патрэбу ў ласкавым, спачувальным слове, у навінах. Многія з іх не чытаюць, дрэнна чуюць, для іх адсутнічаюць крыніцы інфармацыі, якія для іх замяняюць сацыяльныя работнікі, што сталі для многіх нашых людзей сапраўды роднымі і блізкімі.


У аддзяленні працуе 96 чалавек, у тым ліку 4 інспектары. З першых гадоў работы яго нязменна шчыруюць тут Раіса Дылевіч, Вольга Макарэвіч, Валянціна Табула, Ліна Таргонская, Ларыса Чарнушэвіч, Галіна Юранкова, Зінаіда Ачапоўская. Добрасумленна выконваюць свае абавязкі, строга вядуць дзённікі наведванняў, сшыткі ўзаемаразлікаў Надзея Цап, Ніна Дзяхцярэнка, Таццяна Васіленка, Валянціна Сядзельнік і многія другія. Аддзяленне, сацыяльныя работнікі працуюць у цесным кантакце з мясцовымі Саветамі.


Напярэдадні навагодніх святаў мы разам з дырэктарам цэнтра Таццянай Казловай наведалі некаторых пенсіянераў па месцы іх жыхарства. Першы прыпынак у мікрараёне Паўночны, дзе на вуліцы Лясная жыве Марыя Яфімаўна Власкіна, 1923 года нараджэння. Яе кватэра аказалася на першым паверсе і міжволі падумалася: ”Вось пашанцавала бабульцы, у цёплы дзень можна апусціцца па прыступках уніз, на лавачцы пасядзець, з суседзямі пагаманіць”. Так яно, зрэшты, у далейшым і аказалася. Нас сустрэла ветлівая, жыццярадасная жанчына з кіёчкам у руцэ. Родам яна з вёскі Яміцы нашага раёна, але усе жыццё пражыла у Расіі. І вось ужо 20 гадоў жыве адна.


— Трэці год мяне абслугоўвае Раіса Уладзіміраўна Дылевіч, гэта залаты чалавек і ёю я не нарадуюся, — з вялікай удзячнасцю гаворыць пажылых гадоў жанчына. — Яна звычайна наведвае мяне ў панядзелак, сераду і пятніцу, але часта і ў чацвер прыходзіць. Усё чыста паробіць, а на развітанне і перапытае: можа я што забылася?


Яшчэ некалькі мінут доўжыцца наша цёплая размова, дырэктар уручае Марыі Яфімаўне сціплы навагодні гасцінец, і мы імчым на вуліцу Калініна, дзе ў хаце Ефрасінні Сяргееўны Дупанавай якраз і застаём сацыяльнага работніка. Гэта Вольга Цап, маці якой Надзея Андрэеўна таксама даўно і добрасумленна працуе ў цэнтры.


Ефрасіння Сяргееўна , нягледзячы на свой 84-гадовы ўзрост, поўная гумару і жыццёвага аптымізму. Выпісвае і чытае “Новае Палессе”, “Советскую Белорусию”, “Народны доктар”, вышывае, цікавіцца тэленавінамі. І вельмі задаволена дапамогай сацыяльнага работніка.


С. КУЛАКЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.