“ШЧАСЛІВАЙ СЛУЖБЫ, ПРЫЗЫЎНІКІ!”

Урачыста ўручаць павесткі на армейскую службу юнакам у нашым раёне стала добрай традыцыяй. Чарговы Дзень прызыўніка, а менавіта пад такой назвай праходзіць гэтае мерапрыемства, яшчэ раз стаў яскравым пацверджаннем вышэй сказанаму.


Прызыўнікі для атрымання павестак сабраліся ў раённым Доме культуры намнога раней, чым пачалося мерапрыемства. Каб час для іх не цягнуўся марна, арганізатары мерапрыемства прапанавалі хлопцам прыняць удзел у спартыўных спаборніцтвах. Абралі тры віды: амрэслінг, стральбу і падняцце гір. Жадаючыя памерыцца сілай з равеснікамі знайшліся адразу, асабліва на стральбу. Але і тых хлопцаў, хто згадзіўся падужацца на руках, было таксама нямала. Прызыўнікі не расчаравалі. У кожнай дысцыпліне была ўпартая барацьба. Пастараліся ў райваенкамаце падабраць для службы ў арміі здаровае фізічна папаўненне.


Галоўная дзея ўрачыстасці адбылася ў малой зале РДК. Шмат добрых пажаданняў прагучала ў адрас будучых салдат. Прывітаў прызыўнікоў начальнік ідэялагічнага аддзела райвыканкама Леанід Валатоўскі, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Дзячэнка, прадстаўнікі арганізацый і прадпрыемстваў, дзе працавалі хлопцы, КСУПаў “Коленскае”, “Бялёў”, ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”, “Тураўшчына”, Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода, вытворча-нарыхтоўчага камбіната райпа і іншых. Апошнія ўручылі сваім работнікам-прызыўнікам каштоўныя падарункі. А дзяўчаты з эстраднай студыі раённага Дома культуры на працягу ўсяго мерапрыемства радавалі хлопцаў цудоўнымі песнямі. Адзначаны на ўрачыстасці і пераможцы спаборніцтваў. Гэта Сяргей Кот, Павел Лінкевіч, Максім Сергіенка. Узнагароды хлопцам уручыў першы сакратар РК БРСМ Станіслаў Магер.


Галоўную місію на мерапрыемстве выканаў начальнік аддзялення прызыву раённага ваеннага камісарыята Алег Брэеў. Менавіта ён уручыў прызыўнікам павесткі і паведаміў, у якіх войсках яны будуць праходзіць службу.


“Шчаслівай службы, прызыўнік!” — гэтыя словы былі абраны дэвізам мерапрыемства. І, думаецца, недарэмна, бо як адзначалі выступоўцы на ўрачыстасці, служыць Айчыне, абараняць яе — пачэсны гонар ва ўсіх краінах свету. І гэты грамадзянскі абавязак патрэбна выканаць годна, бо армія — гэта не толькі школа мужнасці, але і школа ваенных ведаў, сяброўства, калектывізму. Таму кожны прысутны ў зале меў спадзяванне, што нашы землякі не падвядуць.


С.БЕЛКА. Фота В.КІЖНЕВА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.