Жыццё крочыць наперад

У вяскоўцаў заўсёды шмат клопатаў. І толькі калядны перыяд крыху пазбаўляе іх ад звычайных турбот паўсядзённага жыцця. Ёсць час, каб перавесці дыханне, крыху адпачыць ды і спланаваць сваю будучыню. Так было, і, відаць, заўсёды будзе ў вясковым жыцці. А яшчэ ў такі час вяскоўцы любяць, калі іх адведваюць блізкія, родныя людзі: аб усім тады вядзецца размова па душах.


Непарыўную традыцыю добрых сустрэч з насельніцтвам ды яшчэ з канцэртным падарункам захоўвае і раённая ўлада. Днямі “агітцягнік” (такая форма ўзаёмін улады і насельніцтва распачата ў мінулым годзе) пад кіраўніцтвам старшыні Жыткавіцкага райвыканкама Мікалая Какоры завітаў у Дзякавіцкі сельскі Савет. …


У вясковым сельскім клубе ў Хвойцы, куды завіталі госці з раёну, сабралася даволі шмат месцічаў. Тут прысутнічалі і два маладыя кіраўнікі — сельскага Савета Уладзімір Неўмяржыцкі і КСУПа “Дзякавічы” Мікалай Кудзелька. Вяскоўцы з цікавасцю пазнаёміліся з кіраўніком райвыканкама, членамі інфармацыйна-прапагандысцкай групы. Затым Мікалай Какора зрабіў невялікі аналіз, прысвечаны сацыяльна-эканамічнаму развіццю раёна ў мінулым годзе, адзначыў перспектывы на год наступны, закрануў таксама і шэраг жыццёваважных пытанняў, якія, бясспрэчна, адбіваюцца на ўзроўні якасці жыцця людзей і ў першую чаргу ў такіх невялікіх населеных пунктах, як Хвойка.


Каля 170 чалавек сёння пражывае ў вёсцы, ёсць стацыянарная гандлёвая кропка. Жыццё сведчыць: калі чалавек на сваім месцы, то людзі абавязкова адзначаць, што ён працуе належна. Вось і пра загадчыцу тутэйшай крамы раённага спажывецкага таварыства людзі адзываліся надта добра. Больш таго, нават выказалі заклапочанасць, каб прадавец, выйшаўшы на заслужаны адпачынак, працягвала працаваць. На што каментарый кіраўніка райпа быў адзін: будзем разам прасіць жанчыну яшчэ папрацаваць, бо з кадрамі ў сістэме спажыўкааперацыі сёння склалася нялёгкая сітуацыя.


Тое, што асаблівых праблемных пытанняў пакуль у мясцовага насельніцтва не ўзнікае, сведчылі іх удзячныя і пранікнёныя позіркі. Людзі, як самі засведчылі, задаволены медыцынскім абслугоўваннем, дастаткова паліва (тут добра працуе лясніцтва Жыткавіцкага лясгаса). Не наракаюць і на культурнае абслугоўванне — часта ладзяцца канцэрты, прыязджаюць артысты з Дзякавіч, Вятчын, Бялёва.


Кіраўнік раёна падзякаваў людзям, што, нягледзячы на морознае надвор’е, прыйшлі на сустрэчу, павіншаваў са святамі, пажадаў здароўя і шчасця. Цёпла жыхары вёскі ўспрымалі і выступленні самадзейных артыстаў з раённага цэнтра — агітклуба раённага Дома культуры…


Мінорна спачатку пачыналася сустрэча і ў Вятчынах. У вясковым клубе сабралася шмат жыхароў вёскі. Былі і сталыя людзі, і маладыя. Таму з упэўненасцю можна сказаць: прадстаўніцтва ўсіх пакаленняў з 370 чалавек, што сёння пражываюць у гэтым населеным пункце, было забяспечана.


З цікавасцю жыхары вёскі паслухалі інфармацыю Мікалая Какоры. Кіраўнік раённага выканаўчага камітэта, звяртаючыся да вынікаў мінулага года і акрэсліўшы задачы на год сённяшні, спыніўся на разглядзе абмяркоўваемай ва ўрадзе і Прэзідэнтам Беларусі Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся на 2009-2015 гады. Жыткавіцкі раён — адзін з сямі раёнаў, дзе будзе рэалізоўвацца гэты дакумент. Аднак ужо сёння, нягледзячы на тое, што дакумент знаходзіцца на дапрацоўцы ва ўрадзе, мы можам рухацца да паляпшэння ўзроўню якаснага жыцця ў кожным населеным пункце. Зразумела, падкрэсліў кіраўнік раёна, колькасць насельніцтва зніжаецца і ў вёсцы Вятчын. У мінулым годзе закрыта школа. Але ж насельніцтва не пакінута сам насам са сваімі праблемамі, асабліва значныя ўлада ведае і імкнецца вырашаць. Толькі ж і без актывізацыі саміх вяскоўцаў, праяўлення іх ініцыятывы нельга да лепшага змяніць непрыглядны вонкавы выгляд вёскі, зрабіць яго прывабным для саміх жа сябе найперш. “Трэба пазбаўляцца ад напаўразбураных сядзіб, разбіраць паваленыя платы і пачаць наводзіць парадак на ўласным падвор’і і за ім. Гэта патрабаванне часу. Вызваленыя плошчы можна выраўняць ці ўвогуле пераараць, каб людзі хадзілі па роўнай паверхні, а не па разбітай палявой дарозе. Тут дбаць павінны і сельвыканкам, і сельгаспрадпрыемства…” — канстатаваў Мікалай Какора і прапанаваў кожнаму з жадаючых выказацца па канкрэтнай хвалюючай праблеме.


А праблем, як выявілася, тут накапілася даволі шмат. Адна з галоўных, як склалася ўражанне, — вятчынцы не адчуваюць сябе абароненымі (а гэта адбіваецца на іх маральным стане) ад пасягненняў на іх маёмасць з боку асоб цыганскай нацыяльнасці. Панадзіліся ў вёску не лепшыя прадстаўнікі гэтай нацыі і абманным шляхам завалодваюць небагатым скарбам найперш старых людзей. Есць, праўда, і свае, дамарошчаныя “персоны”, што робяць бязрадасным жыццё суседзяў, шчырых працаўнікоў — пра гэта гаварылі вяскоўцы, не саромячыся. І іх можна зразумець — у вачах быў страх: а раптам зноў знойдзецца хворы, якому ўздумаецца падпаліць суседскае селішча? Такая сітуацыя ўжо была ў мінулым годзе, сумленная жанчына, якую ўсе паважаюць у вёсцы, пацярпела ад пажару… Старшыня райвыканкама паставіў тут жа перад раённым аддзелам унутраных спраў задачу: строга кантраляваць сітуацыю і не даваць людзей у крыўду. Пацярпеламу чалавеку растлумачана, што пасля завяршэння следства па крымінальнай справе, яна атрымае і страхоўку за знішчаную агнём маёмасць.


Вельмі эмацыянальнымі былі выступленні маладых маці. Яны паведамілі: іх дзяцей падвозяць у Дуброўскую САШ кепска. А цяпер наогул не возяць, бо захварэў вадзіцель школьнага аўтобуса. Школьнікі, а іх у вёсцы больш двух дзесяткаў чалавек, вымушаны мерзнуць на аўтобусным прыпынку. Ен вельмі далёка ад цэнтра раскінутай на некалькі кіламетраў вёскі, дзецям трэба ісці сюды не меней двух-трох кіламетраў. Часам дзеці дабіраюцца ў школу на рэйсавым аўтобусе, які… не абаграецца ўвогуле. Такую сітуацыю старшыня райвыканкама назваў недапушчальнай, даў адпаведныя даручэнні, каб дзетак забіралі з цэнтра вёскі, дзе заўсёды павінна быць расчышчаны пляц (за гэта адказвае КСУП), каб аўтобус мог развярнуцца. Больш дэталёва з праблемай абавязкова разбяруцца ў аддзеле адукацыі — пытанне ўзята на асаблівы кантроль райвыканкама.


Вяскоўцы агучылі шмат як прыватных, так і агульных праблем. Адна з балючых — разбітыя дарогі. Іх налічваецца ў вёсцы ажно дванаццаць кіламетраў, і ўсе патрабуюць падсыпкі. Значная частка іх разбіта тэхнікай лесанарыхтоўшчыкаў, а папраўляць ніхто не збіраецца. А там жа жывуць людзі… Гэтае пытанне таксама ўзята на кантроль.


Калі вяскоўцы ўхвальна гаварылі пра работу медыцынскай установы і яе загадчыка, гэтаксама і пра работнікаў гандлю і пошты, то ў адрас вытворча-нарыхтоўчага камбіната райпа гучалі прэтэнзіі. Якасць хлеба, які тры разы на тыдзень завозяць у мясцовую краму, асабліва апошні час, нізкая. Вельмі ён нясмачны і нясвежы. Старшыня райпа паабяцала разабрацца і не дапускаць падобных выпадкаў у далейшым.


Былі ўзняты і іншыя пытанні, на якія альбо сам кіраўнік райвыканкама, альбо член інфармацыйна-прапагандысцкай групы адказалі людзям.


Вынікі сустрэчы, што, нягледзячы на эмацыянальнасць людзей, безумоўна, карысныя, адзначыў Мікалай Какора. Ен звярнуў увагу на працалюбства вятчынцаў: яны, нягледзячы на ўзрост, актыўна дапамагаюць сельгаспрадпрыемству на пераборцы і забуртоўванні вырашчанага ўраджаю, падзякаваў за гэтую своечасовую дапамогу. Адначасова ён агучыў і прапанову кіраўніцтву сельгаспрадпрыемства: прыйшоў, мабыць, час думаць аб вяртанні жывёлы на вятчынскую ферму. Вытворчая база, якая апошнія гады запусцела, яшчэ можа папрацаваць на карысць людзей. І, магчыма, знойдуцца тыя, хто зможа працаваць тут і атрымліваць, як было раней, амаль што рэкордныя прывагі? Зразумела, падкрэсліў М. Какора, КСУПу “Дзякавічы” патрэбна развіццё, варта нарошчваць пагалоўе, ды і новае памяшканне цяжка пабудаваць, таму дырэкцыі неабходна, на думку старшыні райвыканкама, думаць і пра такі варыянт…


Развітваючыся з вяскоўцамі, старшыня райвыканкама пажадаў людзям моцнага здароўя і добрага настрою. Жыццё ж, нягледзячы пра існуючыя праблемы, крочыць наперад. Агульнымі намаганнямі яго варта паляпшаць. Ды і год, у якім жывём, — Год якасці…


***


20 студзеня інфармацыйна-прапагандысцкая група пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Мікалая Какоры сустрэлася з працоўным калектывам Жыткавіцкага райагратэхсервісу. З паведамленнем аб прыярытэтах сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў Год якасці выступіў начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Леанід Валатоўскі. Кіраўнік групы праінфармаваў аб сённяшнім стане эканомікі раёна. Узнімалася пытанне захавання маёмасці прадпрыемства ад злодзеяў, агучаны праблемы, якія датычыліся камунальнай сферы.


У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.