Больш паслуг з належнай якасцю
Мінулы год для працоўнага калектыва раённага камбіната бытавога абслугоўвання складваўся даволі стабільна. Як вынік, тэмп росту па аказанню бытавых паслуг склаў 110 працэнтаў у параўнанні з папярэднім годам.
Па словах дырэктара РКБА Святланы Хільман, зроблена летась нямала для паспяховай працы. Напрыклад, праведзены капітальны рамонт комплексна-прыёмнага пункта ў Юркевічах. Там прынята на работу прыёмшчыца, якая мае прафесію і цырульніка. А гэта дае магчымасць аказваць паслугі цурульні на КПП штодзённа. Дарэчы, яшчэ два прыёмшчыкі з комплексна-прыёмных пунктаў аграгарадкоў Дуброва і Людзяневічы накіраваны на вучобу, каб асвоіць спецыяльнасць цырульніка. Скажам, што і пракат лыж цяпер таксама даступны вяскоўцам.
Працаўнікі арганізацыі ў новым годзе маюць намер значна ўзняць якасць сваіх паслуг вяскоўцам. Шлях да поспеху работнікамі прадпрыемства даўно асвоены. Найперш, значныя капіталаўкладанні будуць накіраваны на абнаўленне комплексна-прыёмных пунктаў у вёсках Бялёў, Ленін, Дзякавічы — гэтыя населеныя пункты зменяць свой статус на аграгарадкі. Яшчэ адзін важны накірунак дзейнасці — абнаўленне тэхналагічнага абсталявання ў сваіх структурных падраздзяленнях. Але самае галоўнае, бытавікі збіраюцца павялічыць пералік паслуг насельніцтву. Прычым, вельмі важных. Не сакрэт, што ў большасці вясковых дамоў з-за доўгай эксплуатацыі патрэбны капітальны рамонт электраправодкі, уключальнікаў, разетак, а яшчэ і пячнога абсталявання. Спецыялістаў такога профілю цяпер на вёсцы знайсці цяжка, вось і ўзяліся бытавікі з партнёрамі КУП “Жыткавіцкі камунальнік” і ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс” дапамагчы людзям пры вырашэнні гэтых праблем.
— Мы на інфармацыйных стэндах кожнага свайго комплексна-прыёмнага пункта вывесім усю неабходную па гэтых паслугах інфармацыю, расцэнкі на іх, кантактныя тэлефоны, — гаворыць Святлана Юр’еўна. — Нашы прыёмшчыкі будуць даводзіць яе і падчас выязнога абслугоўвання, дапамогуць аформіць заказ. Галоўнае, каб людзі ведалі, што, звярнуўшыся да спецыяліста КБА, цяпер можна атрымаць і паслугі па рамонту грубкі, печы, замене электраправодкі і іншыя.
Несумненна, што за добрую справу бяруцца раённыя бытавікі і іх партнёры. Гэта станоўча адаб’ецца не толькі на паляпшэнні якасці жыцця вяскоўцаў, але і значна паўплывае на бяспеку ўмоў іх пражывання.
С. БЕЛКА.