Цана якаснай прадукцыі
На цяперашні час рэалізацыйная цана кілаграма малака, што прадаецца на малаказаводы акцыянерным таварыствам “Тураўшчына”, складае больш тысячы рублёў. У астатніх гаспадарках гэты паказчык складае толькі семсот з лішнім рублёў. Пракаменціраваць сітуацыю мы папрасілі вядучага заатэхніка райсельгасхарчу Ігара Века.
— Цяпер вытворцы малака могуць мець нядрэнную прыбаўку да рэалізацыйнай цаны за кошт добрых якасных паказчыкаў гэтай прадукцыі. Што мы і назіраем у прыведзеным вамі прыкладзе. Сёння акцыянернае таварыства “Тураўшчына” амаль палову свайго малака прадае гатункам “экстра”. Яшчэ малако такой высокай якасці атрымліваюць у гэтыя дні ў КСУПе “Коленскае”. Іншыя сельгаспрадпрыемствы ў асноўным зараз прадаюць малако толькі вышэйшым гатункам. Таму і такая вялікая розніца ў цане.
Прыклад сапраўды паказальны. Сведчыць ён аб адным, што якасныя параметры малака ўсё больш уплываюць на грашовую выручку. На жаль, як паказвае практыка, не ўсе скарыстоўваюць гэты рэзерв для ўмацавання свайго эканамічнага дабрабыту. Вось як спрацавалі гаспадаркі па якасці ў мінулым годзе. Канешне ж, хацелася, каб малако было толькі “экстра” або ў горшым выпадку вышэйшым гатунакам. Але гэта ідэальны варыянт. Як сведчаць лічбы, нашым сельгасвытворцам да яго яшчэ вельмі далёка, і так бы мовіць, знаходзяцца яны толькі на пачатку шляху за якасным малаком.
У заліковай вазе прададзена перапрацоўшчыкам гаспадаркамі раёна летась 23152,3 тоны малака, з якіх гатункам “экстра” — 934,3 тоны, вышэйшым гатункам — 12830,2 тоны, першым гатункам — 9127,3 тоны, другім гатункам —260,5 тоны. Якія высновы можна зрабіць, аналізуючы прыведзеныя лічбы? Самыя галоўныя з іх, што гаспадаркі панеслі страты ад рэалізацыі малака нізкімі гатункамі. Прычым немалыя, а даволі значныя, якія вымяраюцца сотнямі мільёнаў рублёў. Напрыклад, недаатрымана выручкі ў мінулым годзе ад рэалізацыі малака першым гатункам 456,4 мільёна рублёў, другім — 65,1 мільёна, усяго — 521,5 мільёна рублёў. І гэты разлік узяты толькі ў дачыненні вышэйшага гатунку.
Дарэчы, і ў 2008 годзе гаспадаркі па вышэйназванай прычыне недаатрымалі больш чатырохсот мільёнаў рублёў, але тады і малака было прададзена менш. Выходзіць, чым больш прадаюць сельгаспрадпрыемствы малака, тым больш і страчваюць з-за яго якасці. Несумненна, што гэтая праблема патрабуе кардынальнага вырашэння. Многае ўжо зроблена. Так, практычна на ўсіх малочнатаварных фермах з’явіліся новыя сучасныя халадзільнікі, іншае абсталяванне для ачысткі малака. Немалыя грошы затрачаны на ўстаноўку малакаправодаў, набыццё прыбораў кантролю за якасцю малака. Змены адбыліся і ў кантролі спецыялістаў за вытворчымі працэсамі. У прыватнасці, цяпер не зліваюць малако, надоенае ад хворых кароў і тых, якія знаходзяцца на лячэнні, у агульную ёмістасць. Такую жывёлу стараюцца выдзеліць асобна. Можна яшчэ прыводзіць шмат станоўчых прыкладаў у рабоце па паляпшэнню якасці малака. Чакаемага выніку пакуль няма. Тое ж камунальнае сельгаспрадпрыемства “Чырвоны Бор” за мінулы год больш васьмідзесяці працэнтаў малака, якое ішло на продаж, рэалізавала першым і другім гатункамі. За шэсцьдзесят працэнтаў гэты паказчык у КСУПах “Бялёў”, “Людзяневічы”, “Марохараўскі”. Прычым, самыя вялікія збоі з якасцю адбыліся ў летні перыяд.
— Даволі цяжка ў палявых умовах атрымліваць малако высокай якасці, асабліва ў спякотнае надвор’е, — зазначае Ігар Паўлавіч. — Менавіта ў гэтых гаспадарках усё лета каровы знаходзяцца на кругласутачнай пасьбе. Здаецца, і маем добрыя халадзільнікі, але пакуль да іх даставяць малако, час набліжаецца да абеду. У “Чырвоным Бары” малакавозу патрэбна аб’ехаць чатыры статкі, каб сабраць усё надоенае малако. Зразумела, якая яго якасць будзе.
Па словах спецыяліста, лепшы выхад з гэтага становішча — перавесці дойныя статкі на круглагадовае стойлавае ўтрыманне на ферме. Аб чым сведчыць вопыт перадавых гаспадарак рэспублікі. Працаваць па такой тэхналогіі плануецца пачынаць з гэтага года і ў нашым раёне на малочнатаварным комплексе КСУПа “Чырвоны Бор”. Дарэчы, гэтая гаспадарка з пачаткам стойлавага ўтрымання статка намнога палепшыла якасць прадаваемага малака. Зараз сельгаспрадпрыемствам яно пастаўляецца перапрацоўшчыкам толькі вышэйшым гатункам.
Паляпшаць якасць малака, актывізаваць работу ў гэтым накірунку ад вытворцаў патрабуе час, бо патрабаванні пастаянна ўзрастаюць. І рэзервы, па словах спецыяліста райсельгасхарчу, у сельгаспрадпрыемствах для гэтага маюцца. А спрацаваць вынікова па якасці ў Год якасці з’яўляецца справай гонару для жывёлаводаў раёна.
С. БЕЛКА.