“І плачуць кветкамі магілы”

“І плачуць кветкамі магілы”. Пад такім дэвізам прайшла акцыя памяці аб трагічных падзеях часоў Вялікай Айчыннай вайны ў вёсках Мілевіцкага сельскага Савета, спаленых нямецка-фашысцкімі захопнікамі.


З 11 па 15 лютага 1943 года акупанты вырашылі правесці карную аперацыю супраць партызан, якія базіраваліся на тэрыторыі Ленінскага раёна. Карнікі вырашылі прачасаць лясныя масівы правабярэжжа ракі Случ ад Вялікага Леса да Леніна. Аблаву пачалі з боку Мікашэвіч на поўнач і з боку Старобіна на поўдзень. Кульмінацыяй аперацыі павінна было стаць акружэнне партызан ля вёсак Беразнякі –- Мілевічы –- Залюцічы. Але партызанам намер ворага быў вядомы. Апавясціўшы жыхароў вёсак аб небяспецы, яны прынялі меры засцярогі. Частка людзей уцякла ў лес, а частка не хацела пакінуць жыллё і засталася перачакаць небяспеку ў вёсках. Першымі сустрэлі ворага жыхары вёскі Іёвічы. Карнікі сагналі іх у гумно і падпалілі. 75 чалавек загінулі ў агні. Гэта было 11 лютага 1943 года. А 13 лютага былі вылаўлены і расстраляны 245 жыхароў Залюціч і Іёвіч, якія хаваліся ад карнікаў у лесе. 15 лютага, на Стрэчанне, запалалі хаты залючанцаў. У гэты ж дзень былі расстраляны звыш двухсот жыхароў Беразнякоў, спалена жывымі 320 чалавек у Мілевічах, спалены многія хаты і падвор’і ў Мілевічах і Беразняках. Хутары Дуброва, Сельская і Воўчае былі знішчаны разам з іх насельніцтвам і перасталі існаваць. У іх пражывала 28, 27 і 17 чалавек адпаведна. Так фашысты расправіліся з мірным насельніцтвам за яго непакорнасць ворагу, за ўдзел у барацьбе за свабоду, за непахіснасць духу.


Гэтыя трагічныя падзеі ніколі не згаснуць у памяці застаўшыхся ў жывых відавочцаў. У перапоўненай зале Залюціцкага сельскага клуба пры запаленых памінальных свечках выступілі з успамінамі 67-гадовай даўнасці настаўнік-пенсіянер Сцяпан Міхайлавіч Катовіч, пенсіянер Віктар Несцеравіч Мархотка.


Перад жыхарамі Беразнякоў выступілі Вольга Рыгораўна Церашкевіч, Надзея Андрэеўна Басарановіч і Елізавета Сцяпанаўна Нікановіч. Хвалюючымі і са слязамі на вачах доўжыліся апавяданні гэтых сведкаў.


Прысутным было прапанавана пачаставацца беларускім караваем –- сімвалам свабоды і багацця. У завяршэнне акцыі выступілі калектывы мастацкай самадзейнасці: у Залюцічах –- Залюціцкага сельскага клуба, у Беразняках –- Мілевіцкага сельскага Дома культуры з удзелам вучняў Мілевіцкай сярэдняй школы. У акцыі прынялі ўдзел і выступілі старшыня Мілевіцкага сельскага Савета дэпутатаў М.А. Прышчык, старшыня ветэранскай арганізацыі сельсавета, прадстаўнікі аддзела культуры райвыканкама.


М. ЯРМОЛІЧ, старшыня ветэранскай арганізацыі Мілевіцкага сельсавета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.