Павіншавалі юбіляраў

Мабыць, няма людзей, якія не любяць родную песню. У Пухавічах яе любяць усе жыхары. А асабліва — паважаныя жанчыны, якія наведваюць народны калектыў “Пухаўчанка”.


Нядаўна дзве з самадзейных артыстак адзначалі свае юбілеі. Марыя Міхайлаўна Купрацэвіч і Зоя Адамаўна Купрацэвіч адсвяткавалі 60-годдзе і 55-годдзе з дня нараджэння. Пра іх можна сказаць проста: як бы ім цяжка ні было, яны заўсёды з усмешкай на твары, жартуюць, падымаюць настрой усім, хто побач. Болей 30 гадоў аддалі захаванню і выкананню народных песень і цяпер нясуць прыгажосць іх мілагучнага гучання да слухача.


Душа радавалася, калі днямі зала СДК запоўнілася жыхарамі нашай вёскі.


Шмат цёплых слоў прагучала ў адрас юбіляраў ад удзельнікаў фальклорнага калектыву, ад працаўнікоў СДК, ад дзяцей і ўнукаў.


Але галоўнае, мабыць, тое, што іх справа працягваецца. Напрыклад, унучка Марыі Міхайлаўны Купрацэвіч Маша ўдзельнічае ў дзіцячым гуртку Дома культуры. І яна на свяце выканала для бабулі добрую песню. А ад слоў пажадання дачкі Зоі Адамаўны Наталлі ў кожнага з гледачоў на вачах былі слёзы.


Не засталося абыякавым і кіраўніцтва аддзела культуры. Марыя Міхайлаўна і Зоя Адамаўна ўзнагароджаны Ганаровымі граматамі за шматгадовы ўдзел у мастацкай самадзейнасці.


А напрыканцы добрым падарункам для ўсіх стаў канцэрт мастацкай самадзейнасці Бялёўскага СДК.


Л. КУПРАЦЭВІЧ, дырэктар Пухавіцкага СДК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.