Вялікія планы на будучыню
Бліжэйшыя гады стануць часам вялікіх перамен для працаўнікоў адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Аб гэтым было зазначана на справаздачным сходзе таварыства. Планы ставяцца сапраўды значныя. Інвестар “Белаграпрамбанк” гатовы на працягу пяці гадоў патраціць на развіццё вытворчай, турыстычнай і іншых сфер вялікія грошы, амаль трыста мільярдаў рублёў. Несумненна, што чакаецца і вялікая аддача па кожнаму напрамку дзейнасці таварыства, тыя ж вытворчыя дасягненні павінны быць на ўзроўні ў лепшых гаспадарак рэспублікі.
На жаль, сёння, як адзначалася ў справаздачы выконваючага абавязкі КСУПа “Агра-Прыпяць” Анатоля Санюка, многія вытворчыя паказчыкі таварыства яшчэ вельмі далёкія ад тых, якія можна мець на гэтай зямлі, хаця дынаміка росту вытворчасці прадукцыі забяспечваецца штогод. Напрыклад, у жывёлагадоўлі. Ад адной каровы за мінулы год надаілі па 3797 кілаграмаў малака, што на 591 кілаграм больш чым за папярэдні. Валавы надой склаў 11368 тон, забяспечаны рост на 18 працэнтаў. На тры працэнты павялічылася вытворчасць мяса. Павялічылася і пагалоўе буйной рагатай жывёлы. У цэлым жа тэмп росту вытворчасці ў жывёлагадоўлі забяспечаны на 20 працэнтаў. Разам з тым, адзначалася дакладчыкам, за мінулы год у жывёлагадоўчай галіне дапушчана нямала і недапрацовак, што адмоўна адбілася на вытворчасці прадукцыі і выручцы ад яе рэалізацыі. Вельмі высокім застаецца сабекошт мяса, таму атрыманы шматмільённыя страты. Больш сотні мільёнаў недаатрымалі ад рэалізацыі малака нізкімі гатункамі. Былі шматлікія парушэнні тэхналагічных працэсаў па віне работнікаў ферм і нізкай патрабавальнасці спецыялістаў. Адной з прычын нізкіх паказчыкаў у вытворчасці мяса Анатоль Васільевіч назваў такія, як недастатковасць добрых памяшканняў для ўтрымання маладнячку, хібы ў кармленні.
Аналіз спраў у раслінаводстве і кормавытворчасці таксама паказаў, што і ў гэтых галінах мінулы год стаў годам не выкарыстаных магчымасцей. Тых жа кармоў, хаця і нарыхтавалі больш чым у папярэднім годзе, але іх якасць не заўсёды была забяспечана на належным узроўні. Па розных прычынах травы ўбіраліся не ў лепшыя тэрміны, таму і спажыўнасць корму з іх невысокая. “Вельмі сорамна за дасягнутае ў раслінаводстве, — гаварыў Анатоль Васільевіч, — хаця і надвор’е не спрыяла, але і самі нарабілі шмат памылак. Недахоп энерганасычанай тэхнікі не дазваляў своечасова праводзіць агратэхнічныя прыёмы на палетках, доглядныя мерапрыемствы за раслінамі, якасць уборкі таксама была не на самым высокім узроўні, ды і некаторыя механізатары несумленна адносіліся да даручанай справы — усё гэта і прывяло да нізкай аддачы палеткаў”.
Гэтыя недапрацоўкі працаўнікоў таварыства былі падвергнуты на сходзе рэзкай крытыцы з боку старшыні райвыканкама Мікалая Какоры. Ім было зазначана, што дасягнутае ў мінулым годзе работнікамі “Тураўшчыны” зусім не адпавядае тым магчымасцям і таму патэнцыялу, які маецца на гэтай зямлі. І выхад тут адзін: закачаўшы рукавы яшчэ больш сур’ёзна ўзяцца за працу, толькі так будуць і ўраджаі, і надоі, і іншыя паказчыкі. Не справа гэта, калі з 19 мільёнаў рублёў выручаных на аднаго работніка грошай амаль палова пайшла на заработную плату. А гэта, як гаварыў старшыня райвыканкама, простае “праяданне” сродкаў, якое не спрыяе рытмічнаму развіццю. Цяпер для паспяховай дзейнасці патрабуецца мець выручку на аднаго рабочага не менш як дваццаць пяць мільёнаў рублёў. Дарэчы, самая высокая ў таварыства і крэдыторская запазычанасць, што таксама не ўпрыгожвае.
Відавочна, што працаўнікам таварыства прыйдзецца нямала пашчыраваць, каб працаваць згодна тых патрабаванняў, што на цяперашні час прад’яўляюцца ім. Іх агучыў дырэктар таварыства Уладзімір Радавец і начальнік інавацыйнага ўпраўлення “Белаграпрамбанка” Міхаіл Савельеў. Імі пастаўлены задачы кожнаму спецыялісту персанальна, бо як зазначаў Уладзімір Іванавіч, толькі выкананне гэтых патрабаванняў спецыялістамі кожнай галіны пакажа, наколькі яны здольны самарэалізавацца ў новых умовах працы, паказаць свой прафесіяналізм. Перспектывы адкрываюцца, па словах выступоўцаў, даволі значныя. Найперш, умацаванне матэрыяльнай базы. Ужо зараз узводзіцца малочнатаварны комплекс на тысячу галоў дойнага статка, які будзе аснашчаны сучасным абсталяваннем. Такіх плануецца пабудаваць тры. Вядзецца рэканструкцыя цялятніка таксама пад сучасныя тэхналогіі. Запрацуе і цэх па перапрацоўцы малака. Павялічыцца і пагалоўе мясных парод жывёлы. Папоўніцца новай сучаснай тэхнікай і машынна-трактарны парк таварыства. Гэта дасць магчымасць праводзіць усе тэхналагічныя мерапрыемствы своечасова і ў самыя аптымальныя тэрміны, пры поўнай запраўцы глебы ўгнаеннямі, праводзіць сяўбу насеннем самых высокіх рэпрадукцый і іншае. Рэалізацыя гэтых планаў ужо ў значнай ступені пачалася падчас сяўбы азімых зерневых культур. Ды і на машынных дварах таксама бачны перамены, напрыклад, у гаражы Знаменка. Нямала будзе зроблена і па добраўпарадкаванню гаража аддзялення “Верасніца”. Абновіцца і зернесушыльная гаспадарка. Увогуле, пералік усіх праектаў, што запланавана пераўтварыць у жыццё, даволі значны. Але ўсе яны накіраваны дзеля аднаго, каб гэтая зямля давала належную аддачу, каб узняць узровень вытворчасці, а ў канчатковым выніку зрабіць жыццё мясцовых працаўнікоў заможным, каб яны мелі магчымасць атрымліваць годную заработную плату. Як паказала цырымонія ўзнагароджвання перадавікоў вытворчасці, кіраўніцтвам было адзначана больш двух дзесяткаў работнікаў, людскі патэнцыял для правядзеня перамен ёсць, і немалы. Галоўнае — накіраваць усе высілкі ў правільнае рэчышча. Бо як сказаў дырэктар таварыства Уладзімір Радавец, усё будзе залежаць ад зладжанай працы калектыва таварыства.
С. БЕЛКА.