ЖЫТКАВІЦКІ МАТОРАБУДАЎНІЧЫ: БЕЗ ЯКАСЦІ НЕ БУДЗЕ КОЛЬКАСЦІ
Як і ўвесь машынабудаўнічы комплекс рэспублікі, флагман нашай прамысловасці — Жыткавіцкі маторабудаўнічы завод — не пазбег у мінулым 2009 годзе адмоўнага ўплыву эканамічнага і фінансавага крызісу. І чакаць іншага, як ні круці, не прыходзілася, хаця, натуральна, спадзяванні былі на лепшы зыход спраў. Прадпрыемства ж у асноўным вырабляе дэталі, выконвае заказы для так званых заводаў-канвеераў, яно паняволі становіцца часткаю магутнага ўзаемазалежнага ланцуга, і збой у адным звяне адразу ж адаб’ецца на рытме другога. У выніку па завяршэнні года аб’ёмы выпускаемай прадукцыі як па тэмпах росту да 2008 года, так і па даведзеных прагнозных паказчыках перавысілі толькі 70 працэнтаў. Прыкметным быў за пражыты год і адток рабочай сілы з завода, а зніжэнне заказаў на выпускаемую прадукцыю, безумоўна, адмоўна адбілася на ўзроўні зарплаты. Але ж выстаялі, захавалі здольных людзей і вытворчасць, не выкінулі, пасуючы перад цяжкасцямі, белы сцяг. Зараз жа каму проста і лёгка?
— Усё пазнаецца ў параўнанні, — сказаў кіраўнік калектыва Віктар Кур’яновіч. — Калі наша галоўнае прадпрыемства — Мінскі маторны завод па тэмпах росту аб’ёмаў вытворчасці да 2008 года выйшаў усяго на 62 працэнты, то ў нас аналагічны паказчык склаў 73 працэнты. Так што ніякіх падстаў для песімізму ў нас няма.
У 2009 годзе ў асноўныя вытворчыя магутнасці тут было ўкладзена 3 мільярды 152 мільёны рублёў інвестыцый, у выніку чаго было набыта пяць апрацоўваючых цэнтраў японскай вытворчасці, торцакруглашліфавальны станок “Юнкер” з Германіі, заточны станок аднаго з віцебскіх заводаў, гільяцінныя нажніцы пінскага “Кузлітмаша” і іншае айчыннае металаапрацоўчае абсталяванне.
Экспарт тавараў і паслуг склаў 1 мільён 382 тысячы долараў — 111 працэнтаў да базы 2008 года. Калі ў 2008 годзе рэалізацыя прадукцыі на экспарт склала да агульнай 10 працэнтаў, то ў мінулым годзе — 19,7 працэнта. Пазалетась спецпрадукцыя (дэталі авіяцыйнага прызначэння, рамонт турбастарцераў) у агульным таварным выпуску складала ўсяго 1,5 працэнта, а за прайшоўшы 2009 год гэты паказчык узрос да 17,3 працэнта. Што і казаць, паказчык па экспарту сапраўды даволі салідны і дасягнуты ён у асноўным за кошт аказання паслуг менавіта па рамонту авіяцыйнай тэхнікі тым прадпрыемствам, з якімі ўдалося наладзіць цесную, эфектыўную работу. Гэта перш за ўсё маскоўскі завод “Салют” і Омскае аб’яднанне “Мінібаранава”.
Паводле слоў дырэктара завода, сёлета, як і ў папярэднія гады, асноўным партнёрам павінен заставацца Мінскі маторны завод, куды мяркуецца рэалізаваць каля 50 працэнтаў выпускаемай прадукцыі. Ставіцца задача больш цесна працаваць з “Гомсельмашам”, прадаць прадукцыю сюды на суму не меней 3,5 мільярда рублёў. Між іншым у мінулым годзе аб’ём паставак вырабаў сюды быў павялічаны на 150 працэнтаў. Мяркуецца рэалізаваць сваёй прадукцыі на трактарны завод на 2 мільярды рублёў, на аўтазавод — не менш чым на 700 мільёнаў рублёў, значна павялічыць выручку ад паставак заказаў на маскоўскі “Салют”. І са старою прадукцыяй такіх тэмпаў дасягнуць немагчыма, таму неабходна значна расшырыць наменклатуру вырабаў. Вось чаму партфель заказаў — гэта тут самая надзённая тэма кожнага рабочага дня.
І натуральна, што прадукцыя павінна быць больш навукаёмістай, высокадакладнай, высокатэхналагічнай. Практычна аб’яўлены ў нашай рэспубліцы Год якасці быў для Жыткавіцкага маторабудаўнічага завода такім штогод з першых дзён і месяцаў заснавання прадпрыемства. Бо ад паказчыка якасці ў цэлым залежыць імідж завода і, натуральна, наяўнасць заказаў, у асаблівасці гэта экспартныя пастаўкі. І, канечне ж, работа з канвеерамі, якая ўжо сама па сабе не можа быць нізкай якасці, бо гэта заўсёды сур’ёзны адбор, адсеў, там кожны выраб ставіцца на спецыялізаваныя стэнды і карпатліва, дэталёва правяраецца. Не будзе патрабуемых параметраў і цябе хутка пакінуць ззаду бязлітасныя канкурэнты.
— Патрабаванні да якасці выпуспускаемай прадукцыі з кожным годам становяцца больш жорсткімі, — зазначае ў размове начальнік бюро стандартызацыі і сертыфікацыі ЖМЗ Фёдар Якубовіч. — Ад нас патрабуецца самая дакладная і глыбокая распрацоўка ўсёй дакументацыі па сістэме менеджмента якасці. Патрэбна мець сертыфікаты, накіраваныя на канкурэнтаздольнасць прадукцыі, пачынаючы ад атрымання неабходных нарыхтовак і заканчваючы рэалізацыяй вырабленай прадукцыі. Толькі так можна мець жадаемыя вынікі. Чакаецца пераафармленне і прадаўжэнне сертыфікатаў па новай версіі ISO-9001-2009. Наша прадукцыя рэалізуецца як у краіны блізкага, так і далёкага замежжа. У сувязі з гэтым хачу адзначыць, што нядаўна мы атрымалі пісьмо, падпісанае першым намеснікам міністра прамысловасці нашай рэспублікі І. Дземідовічам “Аб абавязковай сертыфікацыі ў Расійскай Федэрацыі” і якое мае прамое дачыненне да якасці нашай прадукцыі. Справа ў тым, што з 14 лютага 2010 года ўступае ў сілу пастанова ўрада Расіі “Аб зацвярджэнні адзінага пераліку прадукцыі, што падляжыць абавязковай сертыфікацыі, і адзінага пераліку прадукцыі, пацвярджэнне адпаведнасці якой ажыццяўляецца ў форме прыняцця дэкларацыі аб адпаведнасці”. У пераліку гэтай прадукцыі, прасцей кажучы, і нашы шасцярончатыя помпы, і калі не будзе неабходных сертыфікатаў і дэкларацый, то гэтая прадукцыя проста не перасячэ межы Расійскай Федэрацыі. Каментарыі тут, як думаецца, больш не патрэбныя. З першых дзён работы завода надзейны заслон браку тут паставіў аддзел тэхнічнага кантролю, які нязменна ўзначальвае Галіна Кузьміч — высокакваліфікаваны спецыяліст і ўзорны работнік.
— У нашым аддзеле працуе 24 спецыялісты, — расказвае яе намеснік Аляксандр Гарбар. — Усе кантралёры здаюць спецыяльныя іспыты на адпаведнасць разрадаў і ніжэй чацвёртага разраду людзей у нас няма, пяты — самы высокі і яго маюць шэсць чалавек. Есць кантроль прамежкавы і канчатковы. Пад неаслабным кантролем — папярэджанне браку, адпаведнасць вырабленай прадукцыі ўсім патрабуемым параметрам. А з чаго пачынаецца якасць? Са стану рабочага месца станочніка, з захавання ім тэхналагічнай дысцыпліны. І гэта таксама ў полі зроку кантралёраў, якія, дарэчы, праходзяць як планавую, так і пазапланавую атэстацыю. Пра высокі ўзровень прафесіяналізму нашых кантрольных майстроў яскрава сведчыць той факт, што ўзровень рэкламацыі ў мінулым годзе ў параўнанні з папярэднім значна знізіўся. Павышаецца адказнасць рабочых, многія з якіх працуюць на самакантролі. Строгіх і граматных кантралёраў выхавала наша Галіна Рыгораўна Кузьміч, сярод якіх Ганна Кузьменка, Ірына Муравейка, Тамара Пазняк і многія іншыя.
Варта да слоў Аляксандра Гарбара дабавіць і наступнае: належнай якасці выпускаемай прадукцыі садзейнічае і тое, што на заводзе закупляюцца новыя станкі, што само па сабе ў значнай ступені зніжае брак. І ў наступіўшым годзе тут будуць працягваць праграму тэхнічнага пераўзбраення. У гэтую важную справу будуць укладзены немалыя інвестыцыі: плануецца закупіць яшчэ пяць магутных апрацоўваючых цэнтраў японскай вытворчасці і выдзеліць не менш 3 мільярдаў рублёў на набыццё новага абсталявання нашай айчыннай вытворчасці.
Яшчэ літаральна два гады назад ЖМЗ працаваў у экспартным накірунку оптам дзесьці з трыма фірмамі. Пасля работы ў складаны крызісны перыяд некаторых прадпрыемстваў не стала, другія скарацілі сваю прамысловую дзейнасць. Але з’явіліся новыя заказчыкі, і цяпер у жыткавіцкіх маторабудаўнікоў звыш дзясятка новых фірм: ва Ульянаўску, Чалябінску, Ліпецку і г.д. На дзелавы, аптымістычны лад настройвае і той факт, што ў лютым значна ўзраслі заяўкі з галоўнага прадпрыемства — Мінскага маторнага завода. Да таго ж і працаваць на поўную сілу, дэманструючы высокае прафесійнае майстэрства, заклікае тая немалаважная падзея, што ўлетку 2010 года маторабудаўнічы завод будзе адзначаць 30-годдзе свайго заснавання.
С. КУЛАКЕВІЧ.