Прадаўжальнік справы бацькоўскай

Аляксандр Торчык, механізатар КСУПа “Марохараўскі”, годна працягвае хлебаробскую справу сваіх бацькоў. Напэўна, няма такога ўчастка сельгасвытворчасці, дзе б не прыклаў свайго старання і ведаў Аляксандр Мікалаевіч.


У сельгаспрадпрыемства прыйшоў Аляксандр пасля заканчэння Буда-Кашалёўскага тэхнікума. Пэўны час нават усёй механізацыяй кіраваць давялося. Але разумеў у душы, што не яго гэта пакуль. Таму, калі прадаставілася магчымасць, перайшоў у радавыя механізатары. Цяпер з вялікім задавальненнем ідзе на працу, бо кожны дзень бачыць яе плён.


— Асноўнае поле маёй дзейнасці, — правядзенне ахоўных мерапрыемстваў на пасевах розных культур, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч пра свае абавязкі. — Таксама вяду нарыхтоўку кармоў і ўборку зерня. За мной замацаваны новы збожжаўборачны камбайн і кормаздабываючы комплекс, а таксама трактар.


Падчас нашай сустрэчы механізатар паказаў замацаваную за ім тэхніку. Уся яна ўжо гатова да работы. Хаця, як прызнаўся Торчык, і трактар у яго не вельмі новы, і кормаздабываючы комплекс таксама, але стараецца падтрымліваць іх у спраўным стане.


З кожнай машынай у яго звязаны ўспаміны пра мінулагоднюю дзейнасць. Гледзячы на камбайн “Палессе” са шкадаваннем Аляксандр Мікалаевіч успамінае корманарыхтоўчую кампанію. Называе яе перыядам не выкарыстаных магчымасцей, бо ўсяго некалькіх соцень тон здробненай травяной масы не хапіла яму, каб выйсці на вызначанае калектыўным дагаворам заданне. Але нічога не зробіш, бо прыйшоў час жніва, і Торчык перасеў на збожжаўборачны камбайн.


— Жніво летась складаным было. Выкладваліся да знямогі, камбайны грузлі на пераўвільготненых палетках пастаянна, таму трос за машынай цягнулі, — расказвае Аляксандр Мікалаевіч. — Працавалі да змяркання, але вырашчанае ўбралі.


На мінулагоднім жніве Торчык са сваім напарнікам дабіліся найбольшага намалоту, хаця саперніцтва сярод камбайнераў гаспадаркі было даволі напружаным. Адыграла ў гэтым сваю ролю і тое, што ўсе збожжаўборачныя машыны ў сельгаспрадпрыемстве новыя.


Нямала спраў на палетках зроблена Торчыкам і восенню, ды і зімой быў заняты пастаянна. Гатовы замацаваныя за ім агрэгаты і да работы ў веснавую пару. Хаця ўмовы ў майстэрні для рамонту былі і не самыя добрыя.


За апошнія гады ў аграгарадку Дуброва вырасла цэлая вуліца новых дамоў. Першы з іх выдзелены гаспадаркай Аляксандру Мікалаевічу. Менавіта ў ім ён ладзіць сваё асабістае сямейнае жыццё. Трымаюць Торчыкі вялікую ўласную гаспадарку, бо лічаць, што гэта за вясковец, калі на падворку няма кароўкі, іншай жыўнасці. Дарэчы, як прызнаецца Аляксандр Мікалаевіч, праца на ўласнай гаспадарцы прыносіць таксама дадатковы даход у сям’ю, але і высілкаў вымагае. Усё ж хаця гаспадарка і дае натуральную аплату, але яе недастаткова, таму даводзіцца самому клапаціцца пра нехапаючую колькасць корму для хатняй жывёлы. Але па-іншаму на вёсцы і не пражывеш, калі не будзеш працаваць.


Торчык з тых мясцовых працаўнікоў, хто сваёй стараннасцю здолеў самарэалізавацца на сваёй роднай зямлі. Але лічыць, што яшчэ больш карысці можа прынесці, таму плануе паступаць у вышэйшую навучальную ўстанову, каб павялічыць свой прафесійны патэнцыял. “Веды ж ніколі не пашкодзяць, тым больш што тэхніка з кожным годам усё складанейшая прыбывае ў гаспадарку, — заўважае механізатар. — Можа наступіць такі час, што і на машынах замежнай вытворчасці папрацуем, асабліва хацелася б на такім кормаздабываючым комплексе свае сілы паспрабаваць”. І ў гэтым, як падалося, уся сутнасць Аляксандра Мікалаевіча — быць заўсёды першым і лепшым ва ўсім.


С. БЕЛКА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.