СПРАЦАВАЛІ АПЕРАТЫЎНА
Крыху больш двух тыдняў спатрэбілася супрацоўнікам Жыткавіцкага РАУС, каб раскрыць справу аб угоне аўтамашыны і затрымаць злачынцу.
Чужы “Фальксваген” прыглянуўся жыхару Мазырскага раёна, які па сваіх справах наведаўся ў наш раён. Як стаць уладальнікам аўтамашыны, у галаве мужчыны рашэнне выспела імгненна: “Украсці”. Гэтай крамольнай думцы пасадзейнічалі і шэраг фактараў. Аўтамашыну гаспадары прыпаркавалі прама ля свайго дома. Ды і начная цемра, і поўнае бязлюддзе навокал таксама штурхалі на крымінальны ўчынак. І мужчына яго ўчыніў. Хутка завёў аўтамабіль і пакаціў на ім у невядомым напрамку.
Супрацоўнікі міліцыі на заяву гаспадара аб прапажы аўтамабіля адрэагавалі аператыўна. Уважліва агледзелі месца здарэння. І ўдача міліцыянерам усміхнулася, яны выявілі даволі важную ўліку — след ад абутку злаўмысніка. Але агляд месца здарэння і правядзенне іншых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў сталі толькі пачаткам для раскрыцця злачынства. Як расказаў першы намеснік начальніка Жыткавіцкага РАУС Я. Купрацэвіч, справы, звязаныя з угонам аўтамашын, раскрываюцца вельмі складана, бо злачынцы стараюцца як мага хутчэй пазбавіцца ад свае здабычы: разбіраюць машыны на запчасткі і прадаюць іх, таму пошукам украдзенага аўтамабіля займаліся даволі актыўна.
Злодзей, відаць, палічыў, што правінцыяльным сышчыкам не хопіць прафесіяналізму, каб яго злавіць. Тым больш што сваю здабычу ён перагнаў у тую ж ноч за сотню кіламетраў ад месца крадзяжу, у адну з вёсак Лельчыцкага раёна. Упэўненасці надавала злодзею і тое, што прайшло ўжо колькі дзён, а ніхто ім і яго новай “уласнасцю” не цікавіцца. Таму мужчына настолькі асмялеў, што пачаў выкарыстоўваць крадзены аўтамабіль як асабісты. Катаўся па вёсцы і яе наваколлі. Гэтая празмерная самаўпэўненасць і стала прычынай яго краху.
У адзін з выхадных дзён да супрацоўніка Жыткавіцкага аддзела ўнутраных спраў трапіла інфармацыя, што ў адной з вёсак суседняга раёна з’явіўся аўтамабіль, які па прыкметах падобны да таго, што нядаўна ўкралі ў райцэнтры. Міліцыянер не стаў чакаць часу выхаду на службу, а адразу накіраваўся да сваіх калег у райаддзел. Там і далажыў аб атрыманых звестках. Праваахоўнікі спрацавалі аператыўна, падключылі супрацоўнікаў суседняга раёна, каб яны праверылі інфармацыю. Яна аказалася праўдзівай. Работнікі Жыткавіцкага РАУС выехалі да месца, дзе хаваўся злачынца, неадкладна. Мужчына не чакаў з’яўлення людзей у міліцэйскай форме. Ен старанна рамантаваў украдзены аўтамабіль. За гэтым заняткам яго і затрымалі, а аўтамашыну вярнулі законнаму ўласніку. Следчым не склала цяжкасці даказаць прыналежнасць мужчыны да ўгону, таму цяпер ён знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання райаддзела.
Кропкі над “і” ў гэтай крымінальнай справе паставілі начальнік крымінальнага вышуку Жыткавіцкага РАУС Аляксандр Ахрамовіч, дазнавацель Аляксандр Некрашэвіч і памочнік дзяжурнага Сяргей Гірук. Гэтыя супрацоўнікі райаддзела ў чарговы раз даказалі, што прафесіяналізм жыткавіцкіх міліцыянераў надзвычай высокі, і яны гатовы заўсёды абараніць законныя правы грамадзян ад усялякіх злаўмыснікаў.
С. МІКАЛАЕЎ.