Я люблю сваю працу! Я люблю людзей! Я люблю жыццё!..
Ведаю дакладна: найбольш паважаны ў звычайных вяскоўцаў чалавек — гэта ветэрынарны ўрач. Да яго ідуць за дапамогай і парадай, калі нешта здарыцца з хатняй жывёлай. Ветэрынар, адданы сваёй справе, ніколі не адмаўляе тым, хто мае патрэбу ў яго дапамозе. Гэта, без перабольшання, асаблівы чалавек, а яго нялёгкая праца выклікае захапленне і ўдзячнасць.
Тамара Максімаўна Гулюта сельскагаспадарчай вытворчасці аддала амаль трыццаць гадоў. Дакладней сказаць, дваццаць дзевяць. Ветэрынарную справу любіць і не змяніла аднойчы абранай прафесіі за гэты немалы жыццёвы прамежак. Не змяніла, нягледзячы на шматлікія жыццёвыя выпрабаванні, якія надараліся ў жыцці. Скажам, згадваючы складаныя 90-я, ці можна было працаваць і неяк жыць, не атрымліваючы заробку больш чым па паўгода? Так, можна было б знайсці сабе занятак больш аплатны, тым больш што і сям’я Гулюты немаленькая, трое дзяцей паднімалі з мужам. Аднак не такі характар у жанчыны, каб схіляцца перад цяжкасцямі. Працалюбству, адданасці абранай справе навучылі бацькі. У жыткавіцкай глыбінцы, у Грычынавічах, у дружнай вялікай сямейцы гадавалася Тамара Максімаўна, другая дачка з пяцярых дзетак. У Федаровічаў дзеці заўсёды пры справе — казалі людзі. Да гонару бацькоў (маці працавала настаўніцай, а бацька шафёрам), усе яны сталі сумленнымі людзьмі.
Спачатку Тамара збіралася стаць, як і маці, настаўніцай, аднак мара не ажыццявілася, хоць і вучылася дзяўчына вельмі добра. Па бацькавай падказцы, вырашыла тады звязаць сваё жыццё з лячэннем жывёлы. “Добрая, паважаная праца!” — сказаў тады бацька. І яна не магла не згадзіцца. Сям’я ж трымала немалую гаспадарку, што традыцыйна для тагачаснай вёскі і ўзроўню жыцця людзей, і без дапамогі спецыяліста-ветэрынара ў складаных выпадках цяжка было абысціся. Ды дапамагло яшчэ тое, што яна любіла хатніх сяброў…
Месяцы вучобы ў Смілавічах, у вядомым зоаветэрынарным тэхнікуме, праляцелі хутка. Праз гады Тамара Максімаўна згадвае сваю навуку і выдатных педагогаў, якія далі трывалыя веды па добрай і вельмі патрэбнай прафесіі. А яны на развітанне казалі: “Вы, маладыя спецыялісты, павінны добра ведаць павадкі жывёлы, умець распазнаваць прыкметы хвароб, каб прызначыць правільнае лячэнне. Трэба ўмець любіць іх. Не палохайцеся цяжкасцяў. Пытайцеся ў больш вопытных калег, займайцеся самаадукацыяй. Толькі праз гады зможаце сказаць, што не памыліліся ў сваім выбары…”
— Сёння, — кажа Тамара Максімаўна, — я ўжо дакладна магу сказаць, што не памылілася. Да дробязяў памятаю, як мяне хораша прынялі работнікі і кіраўніцтва былога саўгаса “Жыткавічы”, як дапамагаў парадамі галоўны ветэрынарны ўрач Уладзімір Трафімавіч Ярмаш, як хвалявалася ў крытычным выпадку, калі практычнага вопыту зусім не было…
Праца ветэрынара вельмі складаная і адказная. За савецкім часам хапала і медыкаментаў, і лягчэй вырашаліся многія пытанні. А пасля, у 90-я, прыйшоў заняпад. Нялёгкія былі часы не толькі для грамадскай жывёлагадоўлі, для вяскоўцаў, для краіны. Выстаяць дапамагла, як лічыць ветэрынарны ўрач, упэўненасць, што заўтра ўсё зменіцца.
— І мы дачакаліся, — дзеліцца мая гераіня. — Сёння, пасля далучэння да КСУП “Коленскага”, адбылося столькі станоўчых змен! Асабліва ва ўмовах утрымання жывёлы. Палепшаны ўмовы працы для калектыва жывёлаводаў, які падабраўся вельмі старанны і адказны. З такімі людзьмі хочацца працаваць, бо кожны імкнецца прынесці карысць гаспадарцы. Надта дбае пра агульную справу наша кіраўніцтва, асабіста Валянцін Мікалаевіч Карпаў, які на ферме бывае за суткі некалькі разоў, і ўсе спецыялісты. Выдатная кармавая база і догляд, своечасовае медыцынскае абслугоўванне даюць станоўчыя вынікі працы: у гаспадарцы ёсць добрае малако і мяса, а гэта значыць сродкі на развіццё.
Так, галоўнае ў працы ветэрынара, каб жывёла не хварэла, каб не было згубы і каб большаў прыплод. Ветэрынарны ўрач Гулюта ніколі не пакіне сваё месца працы пакуль асабіста не ўпэўніцца, што сітуацыя з захворваннем змянілася да лепшага. І ў агульнай капілцы поспехаў мяса-малочнай галіны сельгаспрадпрыемства ёсць і яе не малая заслуга. Цяпер, са жніўня мінулага года, яна — урач-гінеколаг, і адказвае за гэты напрамак усёй немалой гаспадаркі сельгаспрадпрыемства. У яе добрыя памочнікі — асемянатары, якія ведаюць кожную кароўку, дапамагаюць у складаных выпадках. Узаемадапамога — выключная рэч!
Ці ж варта падкрэсліваць, што Тамару Максімаўну вельмі паважаюць калегі? Хіба што трэба адзначыць некалькі характарызуючых яе прыкладаў. Некалькі год таму Гулюта была прызнана адным з лепшых ветэрынарных урачоў рэгіёна і атрымала рэспубліканскую прэмію. Не аднойчы прызнавалася пераможцам раённага спаборніцтва і адзначалася ганаровымі адзнакамі мясцовай улады.
— Прыемна, што працу адзначаюць, але ж важней, калі ўсё ідзе на працы як след, — кажа сама, прафесіянал сваёй справы і добры чалавек, клапатлівая маці, удзячная дачка і спагадлівая сястра.
Яна, спадкаемца сялянскага роду, шчасліва жыве на вуліцы Сялянскай, што ў Кажановічах, ва ўтульным звычайным доме. Выгадавалі з мужам, які працуе ў перасоўна-механізаванай калоне №97 электрыкам, траіх дачок. Далі адукацыю. Трымаюць вялікую па сённяшнім часе гаспадарку. І кароўку маюць. А як жа без яе? Адна з дачок засталася з бацькамі, падрастае, шчабеча ў іх утульным доме любімая ўнучка…
Тамара любіць сваіх малодшых братоў, падтрымлівае з імі сямейную трывалую сувязь. Рэдкі выпадак: усе тры хлопцы–Федаровічы прайшлі праз пекла афганскай вайны. Хапіла хваляванняў бацькам, асабліва маці. Перажывала за іх і Тамара. Хлопцы цудам вярнуліся жывымі з вайны, выстаялі — жывуць па сумленню. Тыя перажыванні за дзяцей, зразумела, падарвалі здароўе маці, і яна нядаўна пайшла з жыцця. А бацька застаўся адзін, і дзеці за яго перажываюць, бо не згаджаецца змяняць свой лад жыцця…
Тамара Максімаўна — шчырая і ўражлівая натура. Здаецца, дабрыня проста свяцілася ў яе вачах, калі застаў за звычайным клопатам — жанчына набірала ваду з калодзежа. Прыгожая жанчына. Пра гэта чамусьці не сказаў — пасаромеўся. А дарэмна…
Яна ўдзячна людзям, што і яе працу заўважаюць. Вось і сёлета вылучылі на раённы злёт перадавікоў вытворчасці. Кажа: “… значыць, трэба працаваць яшчэ лепей, каб нікога не падвесці. Я ж іначай і не магу…”
На развітанне Тамара Максімаўна адзначае, што вельмі любіць сваю справу, любіць добрых людзей, з якімі працуе ці сустракаецца выпадкова, любіць жыццё, і жадае ўсім здароўя, звычайнага чалавечага шчасця.
Пажадайма і ёй таго ж! І са святам, з вясенняй нагодай!
У. ГАЎРЫЛОВІЧ.