Ленінская, сельская, лепшая…

Новы, сучасны будынак Ленінскай сельскай бальніцы быў узведзены на былой пустцы ў 1997 годзе. І з таго часу гэтае прыгожае двухпавярховае памяшканне прыемна лашчыць вока як мясцоваму люду, так і заезджым гасцям. А галоўнае заключаецца ў тым, што ў гэтых сценах высокапрафесіянальныя работнікі медыцыны вяртаюць здароўе хворым людзям.


У свой час сюды былі накіраваны працаваць муж і жонка Валерый Фёдаравіч і Людміла Вячаславаўна Мароз. І дзякуючы ім цяпер тэрыторыя сельскай бальніцы ператварылася ў своеасаблівы райскі куток вёскі Ленін.


Уздоўж фасада бальніцы — вечназялёныя расліны: елка, сасна, ядловец, туя. Улетку тут цудоўная зона адпачынку —квітнеючыя газоны, экзатычныя кустарнікі, альтанкі, увітыя вінаграднаю лазою. За памяшканнем бальніцы высаджаны пладовыя дрэвы. Паўсюдныя чысціня і дагледжанасць выклікаюць спакой і замілаванасць.


Дызайнам знешняга афармлення бальніцы кіруе галоўны ўрач Валерый Мароз. Урач Людміла Мароз — гаспадыня расліннага свету. Дастаткова сказаць, што ўнутры памяшкання знаходзіцца болей 200 экзатычных раслін, фізкабінет упрыгожвае — 67, а ў кабінеце Людмілы Вячаславаўны звыш 20 відаў кактусаў.


Але асноўнае багацце ленінскай сельскай бальніцы — гэта абслугоўваючы медыцынскі персанал. Галоўны ўрач строга падбірае кадры. На першым плане — працалюбівыя і вопытныя, добра ведаючыя сваю прафесію, з высокім пачуццём міласэрнасці. Прыгледзішся і думаеш: якая ж дзіўная сіла аб’ядноўвае гэты калектыў?


Безумоўна, прыкладам для другіх у першую чаргу з’яўляецца сямейная пара Мароз з больш чым 20-гадовым працоўным стажам. І ўвогуле ў бальніцы медкадры з вялікім вопытам работы. Так, у мясцовага жыхара ўрача-стаматолага Івана Чопчыца, добразычлівага, камунікабельнага чалавека, ведаючага сваю справу спецыяліста, стаж работы звыш 30 гадоў. Як і ў акушэркі Надзеі Саколік, што працуе добрасумленна, без дысцыплінарных спагнанняў. Толькі падзякі ад урачоў і хворых маюць медыцынскія сёстры Вольга Туча і Бэла Трафімовіч. Вельмі адказна адносіцца да сваіх абавязкаў медсястра фізкабінета Валянціна Шпанько. Такія ж адносіны характарызуюць і медсястру бальнічнай лабараторыі Алену Лунцэвіч. Пад кіраўніцтвам старэйшых набіраюцца вопыту і маладыя Галіна Сасько, Таццяна Трухановіч, Алена Корнева. Дваццацігадовы рабочы стаж мае загадчыца гаспадаркі Наталля Прыбаровіч.


Пры бальніцы пастаянна дзяжурыць машына з вопытным кіроўцам Аляксандрам Чубам. У памяшканні знаходзіцца аптэка, у якой адразу можна набыць неабходныя лекі па назначэнні ўрачоў. Нязменна 32 гады працуе тут загадчыцай Наталля Чопчыц — дзелавая, актыўная жанчына.


Ленінская сельская абслугоўвае Мілевіцкі, Юркевіцкі і Ленінскі Саветы, 19 населеных пунктаў, у якіх жыве 3500 чалавек. Ва ўрачоў маюцца спісы інвалідаў, ветэранаў вайны і працы. Ветлівы прыём і кваліфікаванае лячэнне забяспечана механізатарам, жывёлаводам, паляводам, пенсіянерам. Усе яны шчыра ўдзячны медыцынскаму персаналу Ленінскай сельскай бальніцы. Установе аховы здароўя, якая заняла першае месца ў раёне і вобласці і другое ў рэспубліцы.


А. РУДЗІНСКАЯ, старшыня ветэранскай арганізацыі Ленінскага сельсавета.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.