ПАТЭНЦЫЯЛ БУДУЧЫНІ
Як склаўся для працаўнікоў ААТ “Тураў” мінулы год? Адказ на гэтае пытанне даваў дырэктар прадпрыемства Сяргей Бугук на нядаўна прайшоўшым сходзе акцыянераў і працаўнікоў таварыства.
Кіраўніком было прыведзена нямала лічбаў, якія характарызавалі вытворчую дзейнасць прадпрыемства. Як вынікала з яго выступлення, стратэгія развіцця ААТ “Тураў” летась была накіравана на вырашэнне задач па нарошчванню вытворчасці высокаякаснай таннай кансерваванай прадукцыі, а таксама на павелічэнне яе долі на ўнутраным рынку і на рынку Расійскай Федэрацыі. Зыходзячы з гэтага перад калектывам ставіліся і канкрэтныя вытворчыя задачы. За мінулы год патрэбна было вырабіць 13700 тысяч умоўных слоікаў кансерваў з агародніны. Фактычна ж вытворчасць склала 9861 тысячу , што складае 90,8 працэнта да ўзроўню папярэдняга года.
Асноўны збой у вытворчасці атрымаўся па прычыне невыканання даведзенага задання па вырабу кансерваванага гароху. Планавалі выпусціць гэтай прадукцыі 8500 тысяч умоўных слоікаў, а сышлі з канвеера толькі 3632 тысячы ўмоўных слоікаў. А гэтая прадукцыя ў агульным аб’ёме займае 62 працэнты. Як зазначалася Сяргеем Віктаравічам, невыкананне задання па вытворчасці зялёнага гарошку звязана з тым, што тэрміны яго вытворчасці летась былі вельмі сціснутыя: гарох выспеў з-за дрэнных пагодных умоў намнога пазней, чым прадугледжвалася, таму недапастаўка сыравіны склала больш шасцідзесяці працэнтаў. Прабел у вытворчасці ў нейкай ступені быў ліквідаваны за кошт вырабу салодкай кукурузы. Яе выпусцілі да ўзроўню папярэдняга года больш чым у 5,1 раза і да задання — больш чым у 2,3 раза. Сярод іншых станоўчых момантаў у дзейнасці прадпрыемства дырэктарам было адзначана выкананне паказчыкаў па вытворчасці спажывецкіх тавараў, па рознічнаму тавараабароту, па аказанню платных паслуг насельніцтву, па рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі, якая склала 6,2 працэнта.
Разам з тым год для прадпрыемства быў нялёгкім. Аб чым сведчыць невыкананне такіх паказчыкаў як экспарт тавараў, інвестыцыі ў асноўны капітал, суадносіны запасаў прадукцыі да яе сярэднямесячнага аб’ёму.
Зыходзячы з мінулагодняй дзейнасці, поспехаў і пралікаў на прадпрыемстве распрацаваны планы на бягучы год — вырабіць 13900 тысяч умоўных слоікаў прадукцыі. Асноўныя паказчыкі прагноза сацыяльна-эканамічнага развіцця на гэты год для таварыства наступныя: вытворчасць прадукцыі патрэбна павялічыць на 108 працэнтаў, на столькі і вытворчасць спажывецкіх тавараў. Забяспечыць экспарт прадукцыі на 300 тысяч долараў ЗША, імпарт на 10 тысяч долараў, паказчык па энергазберажэнню на 12 мільёнаў рублёў, інвестыцый у асноўны капітал на 5350 мільёнаў рублёў, тавараабарот на 113 працэнтаў і імпарт паслуг на 10 тысяч долараў. Выканаць пастаўленыя задачы для таварыства рэальна.
На сходзе былі разгледжаны і іншыя пытанні. У прыватнасці, аб размеркаванні прыбытку, выплаце дывідэндаў акцыянерам, абраны склад назіральнага савета і рэвізійнай камісіі. Закончылася мерапрыемства ўзнагароджваннем перадавікоў вытворчасці і канцэртам. Дарэчы, па той вялікай колькасці лепшых работнікаў, якія выходзілі на сцэну за заслужанымі ўзнагародамі, было добра відаць, што таварыства мае выдатны кадравы патэнцыял для паспяховай работы ў будучым.
С.БЕЛКА.