Сказ пра былога настаўніка
Пасля чарговага школьнага званка ў нашым класе ўсталёўваецца цішыня, кожны сядзіць, нібы мыш пад венікам. Адгадка такой напаўваеннай дысцыпліны простая: урок біялогіі будзе весці былы франтавік, настаўнік Мірон Апанасавіч Сарока.
Вось ён заходзіць у клас у хромавых ботах, у галіфэ і гімнасцёрцы, спрытна падперазанай рамнём. Вітаецца, ідзе да стала, акуратна раскладвае на ім журнал, неабходныя падручнікі і сшыткі. Урок пачынаецца.
Расслабку, жартачкі ў час урока ён дазваляў сабе рэдка. Пажартаваць мог часцей у час практычных заняткаў у багатым, раскошным школьным садзе, які дырэктар дзіцячага сада Мірон Апанасавіч Сарока пасадзіў разам са сваімі выхаванцамі-сіротамі пасляваеннай галоднай парою. Толькі не адзін, далёка не адзін голад кіраваў гэтымі высакароднымі памкненнямі. З такой жа апантанасцю, з якой на ўроках ён расказваў нам пра песцікі і тычынкі, настаўнік Сарока садзіў дрэўцы, расказваў і паказваў, як прышчэпваць чаранком урадлівы саджанец на дзічцы, любіў перасаджваць фруктовыя дрэўцы, абразаць сухое голле, акучваць, паліваць, падразаць… У гэтых па-свойму творчых клопатах ён быў нястомны і хацеў навучыць таму кожнага з нас. Напэўна, любоў да зямлі і працы на ёй была ў яго і да вайны, а пасляваенная цішыня, дасягнутая такой дарагой цаной, кошт якой ён зведаў на ўласным лёсе, яшчэ больш узмацніла гэтую цягу. Вельмі ж ужо хацелася ўчарашнім франтавікам назаўсёды замацаваць мірны дзень, а рукі маладога педагога засумавалі як па школьных алоўках, так і па піле з лапатаю, іншаму садоваму інвентару…
Узорным быў у вёсцы не толькі школьны сад — справа рук Мірона Апанасавіча Сарокі разам з яго далёка непаслухмянымі дзетдомаўцамі. Прыкладам іншым для пераймання была і ўласная сядзіба былога франтавіка, у якой ён жыў разам са сваёй жонкаю Янінай Рыгораўнай — настаўніцай пачатковых класаў, і чатырма дочкамі. Гэта быў сапраўдны гаспадар, якому было сорамна за кожную зялінку на сваім агародзе. Прэстыжны ў вёсцы, шыкоўны, прасторны дом з верандаю сам па сабе прыцягваў увагу сяльчан, заезджых, а парадак у двары, адмысловая чысціня ў агародзе і садку сведчылі аб тым, што тут жывуць людзі, якія сябе паважаюць, сапраўдныя гаспадары.
…Цёплым веснавым днём я выпадкова сустрэўся ў Жыткавічах з Людмілай Шпак — трэцяй па ліку дачкой Мірона Апанасавіча. “Па-ранейшаму засталася птушкай, — жартуе яна, — была Сарока, стала Шпак.” Жыве Людміла Міронаўна пад Брэстам, выйшла ўжо на пенсію, але тым не менш яшчэ настаўнічае. Яна разам з малодшай сястрой Аленай пайшла па-бацькоўскай дарозе, усё жыццё аддала вучням. “Шкада што бацькі няма ў жывых, — уздыхнула яна, — такое свята ідзе, такі светлы юбілей. Ен быў бы вельмі рады, калі б і пра яго ўспомнілі…”
Мірон Апанасавіч — равеснік Кастрычніцкай рэвалюцыі. Нарадзіўся ў вёсцы Слабада былога Даманавіцкага раёна Палескай вобласці ў сям’і селяніна. Пасля заканчэння Мазырскага педагагічнага вучылішча з 1938 па 1941 гады працаваў настаўнікам Юркевіцкай сярэдняй, а затым дырэктарам Грэбеньскай няпоўнай сярэдняй школы.
З першых дзён Вялікай Айчыннай становіцца ў рады абаронцаў Радзімы. Зведаў горыч адступленняў і страт. Курск, Арол, Варонеж, Елец… З болем у сэрцы пакідалі гарады, жыхароў гэтых мясцін. Але верылі, што вернуцца, перамогуць.
У адным з цяжкіх баёў за Варонеж у 1942 годзе іх артылерыйскі полк падтрымліваў пяхоту сваім агнём. У самы крытычны момант бою, калі патрэбна было адбіваць атаку нямецкіх танкаў, тэлефонны провад быў перабіты снарадам. Сувязь з артылерыйскімі батарэямі спынілася. Як весці артагонь, як адбіць атаку нямецкіх танкаў? Доўга не раздумваючы, яны разам з напарнікам пачалі прабірацца да месца пашкоджання провада. Пад шквальным агнём нямецкіх танкаў, кулямётаў ім хутка ўдалося ўстанавіць сувязь з пяхотнымі падраздзяленнямі. Атака былы адбіта. Чатыры нямецкія танкі клубіліся чорным дымам ад трапных пападанняў. Ен атрымаў першую ўзнагароду — медаль “За баявыя заслугі”.
Савецкія воіны вызвалілі ад ворага станіцы Вёшанская, Марозаўская і Чарнышэўская. У станіцы Чэрнышэўская дывізіён размясціўся на кароткую перадышку. Дзяжурны Мірон Сарока пайшоў правяраць баявыя пасты. І раптам бачыць: у напрамку да нашага размяшчэння рухаюцца танкі з чырвонымі зоркамі. Прычым рухаліся яны неяк нязвыкла, падазрона. Імгненна прыйшла, апаліла думка, што гэта фашысцкая вылазка. Ен неадкладна паведаміў камандаванню. Была аб’яўлена баявая трывога. Танкі сапраўды аказаліся варожымі. Нашы артылерысты прамой наводкай знішчылі восем танкаў і больш дваццаці было ўзята ў палон.
Ваенныя дарогі вялі салдат на захад. Ен удзельнічае ў баях за вызваленне Харкава, Запарожжа, у фарсіраванні ракі Прут. Жорсткія баі ішлі ў час Яса-Кішынёўскай аперацыі. Тады старшы сяржант Сарока са сваімі падначаленымі паланілі 32 гітлераўцы. І за гэтую смелую аперацыю на яго грудзях заззяў ордэн Чырвонай Зоркі.
Нямецкія войскі, якія былі прыціснутыя да Дняпроўскага лімана, не здолелі вывесці снарады на аўтамашынах. Туды яны выгналі жыхароў трох вёсак (гэта было каля горада Галац) і пастроілі іх у ланцужок, каб выцягнуць снарады. Там былі малдаваны, румыны і цыганы. Частка цыган і румын не выканалі заданне нямецкага афіцэра і пахаваліся ў зарасніках чароту. Па іх быў адкрыты кулямётны агонь, усе загінулі. Уварваўшыся ў гэтыя вёскі, фашысты пахапалі дзяцей двух-трох гадоў і запрудзілі імі калодзежы, а вёскі падпалілі. І калі іх выбілі адтуль, то самы жудасны малюнак быў гэта патопленыя маленькія, ні ў чым не вінаватыя дзеці…
А колькі побач загінула цудоўных хлопцаў, жыццярадасных, смелых, якія горача любілі жыццё, але яшчэ больш любілі сваю радзіму, за якую і аддалі сваё маладое жыццё.
Пасля дэмабілізацыі з 1945 да 1958 года Мірон Апанасавіч Сарока працуе загадчыкам Вільчанскай пачатковай, а затым дырэктарам сямігадовай школы, а таксама дырэктарам мясцовага дзіцячага дома. Быў для мясцовых дзетдомаўцаў другім Макаранкам…
У 1958 годзе выбіраецца старшынёй праўлення калгаса “XX партз’езд”, дзе і працуе да 1963 года.
Нягледзячы на сваю занятасць на непасрэднай рабоце, М.А. Сарока прымаў самы актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Ен выступаў з лекцыямі і дакладамі перад калгаснікамі і жыхарамі вёсак, праводзіў гутаркі, вёў заняткі ў школе сістэмы палітычнай асветы. Апрача ўсяго, знаходзіў час і для супрацоўніцтва са сваёй раённай газетай, з’яўляўся адным з яе самых актыўных няштатных карэспандэнтаў.
Памёр Мірон Апанасавіч Сарока ў сярэдзіне ліпеня 1977 года. Усяго толькі два разы атрымаў пенсію. Памёр, як жыў, у рабоце, выйшаў пакарміць хатняе птаства, упаў і не падняўся. І была ў гэты дзень над Вільчай маланка. За апошнія гады першы сапраўдны гром. Нават не гром, а пярун. Абрушылася неба ліўнем на зямлю і ваду. А затым зноў выйшла сонца. Гэта быў знак з неба…
С. КУЛАКЕВІЧ, былы вучань Вільчанскай васьмігодкі.