Сустрэча з роднымі пісьменніка-земляка
Пра слыннага земляка – пісьменніка Міколу Гамолку — не забыліся на малой радзіме. Нядаўна было прынята рашэнне райвыканкама аб увекавечванні памяці аўтара аповесцей “Дзяўчына ішла па вайне”, “Лясная крэпасць”, “Лета ў Калінаўцы”, “Добры дзень, школа!”, фантастычнага рамана “Шосты акіян” і многіх іншых — гарадскому парку ў Жыткавічах прысвоена імя М.І. Гамолкі.
З тае пары з’явілася надзея на стварэнне музея Міколы Гамолкі ў Жыткавіцкай сярэдняй школе №1, дзе ён вучыўся. Апошнія гады ў навучальнай установе праводзілася пэўная пошукавая работа па збору матэрыялаў, звязаных з жыццёвым і творчым шляхам пісьменніка. Добрай дапамогай у гэтай важнай справе стаў і прыезд у Жыткавічы некалькі гадоў назад стрыечнага брата Мікалая Іванавіча — ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, капітана першага ранга ў адстаўцы, васьмідзесяцісямігадовага гамяльчаніна Рыгора Іванавіча Пашука. На ўрачыстай сустрэчы ў школе ён перадаў тагачаснаму дырэктару школы В.Б. Кошману 50 пісьмаў брата з уласнай перапіскі і сямейныя фотаздымкі. Гэта павінна было стаць добрым падмуркам для будучага музея, але за адзін дзень такую справу не агораеш: трэба было папрацаваць нямала, каб сапраўдны музей адбыўся.
Значна актывізавалася праца па збору фондаў будучага музея пісьменніка-земляка цяпер, калі адпаведны праект быў уключаны ў адну з дзяржаўных праграм. Імкненне мясцовых уладаў, аддзела адукацыі захаваць памяць аб таленавітым аўтары было падтрымана творчым аб’яднаннем — Саюзам пісьменнікаў Беларусі. А днямі ў сярэднюю агульнаадукацыйную школу №1 райцэнтра спецыяльна завіталі жонка пісьменніка Мікалая Іванавіча — Ніна Іосіфаўна і сын Васіль Мікалаевіч.
Нягледзячы на свой немалады ўзрост, — хвалюючыся кажа Ніна Іосіфаўна,— я не магла не прыехаць у родны кут майго мужа, каб сказаць вам дзякуй за памяць. Ен так любіў свае родныя мясціны, пры кожнай нагодзе прыязджаў у Жыткавічы і ў Найду, прысвяціў гэтай зямлі ўсе свае творы…
Яны пазнаёміліся ў цяжкія пасляваенныя гады. Ніна — з расійскай смаленскай глыбінкі, але амаль усё сваё жыццё пражыла ў Беларусі. У гады вайны фашысты збіраліся яе вывезці на катаржныя работы ў Германію, аднак удалося ёй і сяброўцы выламаць дошку ў падлозе вагона і збегчы. Падалася ў партызанскі атрад, які дыслацыраваўся ў Баранавіцкай зоне. Ваявала за хуткае вызваленне зямлі, якая стала роднай, ад фашысцкага нелюдзя. Двойчы была прыгавораная да смерці, аднак навала міналася — засталася жыць (пра гэтыя падзеі пісьменнік пасля напіша праўдзівую аповесць”Дзяўчына і шлях па вайне”). Працавала пасля вайны кантралёрам у ашчадным банку, дзе яе аднойчы і ўгледзеў малады паляшук Гамолка. Але пазнаёміліся не адразу, а толькі пад час свята ў парку перад Домам афіцэраў. Як аказалася, Мікалай Іванавіч даўно выгледзеў дзяўчынку, толькі саромеўся…
Пасля таго, як яны пабраліся, Ніна Іосіфаўна рабіла заўвагі сваім маладым супрацоўніцам: глядзіце, дзяўчаты, акуратна хадзіце на працу: за вамі хлопцы цікуюць! Мяне ж пісьменнік выглядзеў…
Вяселля ў іх не было. Толькі памятная вечарына ў Найдзе. Дабраліся да Жыткавічаў. Мікалай Іванавіч пайшоў да мясцовага кіраўніцтва, каб далі машыну дабрацца да Найды. Яго — супрацоўніка дзяржаўнага выдавецтва — добра ведалі і паважалі ў Жыткавічах. Прыехалі ў вёску. Свякроў недзе капала бульбу, бацька быў адзін у хаце. Звычайная справа: з прадуктамі ў вёсцы было складана. Нявеста распакавала свае прыпасы і хутка сабрала на стол, паклікала ўсіх. З маладажонамі ж прыехалі і знаёмыя Міколе райкомаўцы, і начальнік нарыхтоўчай канторы Гітэльман. Пасядзелі, выпілі — вось і ўсё было вяселле…
— Жыццё пражылі, як адзін дзень, — расказвае Н.І. Гамолка.— Дачка Наталля, затым сын Васіль, дачушка Святлана нарадзіліся. Мікалай Іванавіч душу аддаваў дзецям, клапаціўся пра мяне. Жыллё спачатку здымалі, пасля Саюз пісьменнікаў выдзеліў кватэрку. Мікола шмат пісаў і друкаваўся. Было і такое, што ў Маскве творы выходзілі хутчэй, чым дома. Відавочна, спрацоўвала нейкая зайздрасць у сваім асяроддзі. Аднак гэтага не было сярод пісьменнікаў, што прайшлі вайну.
Ніна Іосіфаўна згадала, як Іван Шамякін толькі пачытаў новы рукапіс, адразу адправіў у друк, па-за чаргой, і гэта была радасць і творчая перамога майго Міколы. “Пісаў ён і дома, на дачы, пісаў, прыязджаючы на Палессе, у Крыме. Ен быў добры чалавек, які любіў непаўторную палескую прыроду і родных яму людзей. Вельмі любіў рыбалку і грыбное паляванне, мы часта адведвалі радню ў Найдзе, і нас хораша прымалі. Цяпер нікога няма, і балюча глядзець на многія рэчы. І яго няма. А 11 сакавіка Міколе споўнілася б толькі 88 гадоў”…— не хаваючы слёз паведаміла жонка пісьменніка.
— Мы вельмі ўзрушаны, што на малой Радзіме памятаюць бацьку, — адзначыў ад імя сясцёр і сябе сын Мікалая Гамолкі – Васіль Мікалаевіч. — Гэта кранае да сэрца…
Васіль Мікалаевіч згадвае пра роднага яму чалавека добрым словам. У сям’і, кажа, размаўлялі па-беларуску. Бацька прывучыў. Больш таго, ён на Камароўцы купіў неяк лапці. І іх насілі ў кватэры. Гамолка казаў: каб не забывалі, адкуль выйшлі. У сям’і была асаблівая атмасфера — павагі, любові і чысціні. Асаблівай павагі да Палесся, якое вельмі любіў пісьменнік.
Канешне, Мікалай Іванавіч мог пражыць болей, але, мабыць, было наканавана пайсці з жыцця рана. У 1939 годзе Гамолка паступіў вучыцца на філфак Белдзяржуніверсітэта, закончыў толькі першы курс, а з другога яго прызываюць у войска. Трапіў у войскі хімабароны. Прайшоў усю вайну, у 1946 годзе дэмабілізаваўся камандзірам узвода з лейтэнанцкімі пагонамі. І — атрымаў немалую долю аблучэння. Хваробы ж далі хутка знаць пра сябе асабліва пасля чарнобыльскай трагедыі… Да апошніх дзён жыцця Мікалай Іванавіч Гамолка цікавіўся справамі на сваёй малой радзіме, неаднойчы наведваў роднае Палессе.
Шмат цёплых успамінаў выклікала сустрэча з вучнямі (якія задалі нямала пытанняў пра пісьменніка яго родным) і настаўнікамі школы, з начальнікам аддзела адукацыі Ганнай Лукашэвіч, дырэктарам школы Аленай Птушко. Дарэчы, Ганна Акімаўна Лукашэвіч памятае адзін з прыездаў сям’і Мікалая Гамолкі ў Найду, кажа, што ніколі Гамолкі не прыязджалі без падарункаў. Вельмі добра памятае Ніну Іосіфаўну маці Г. Лукашэвіч. У сустрэчы браў удзел старшыня Гомельскага абласнога аддзялення “Саюза пісьменнікаў Беларусі” У.М. Гаўрыловіч, які меў гутарку з жонкай і сынам пісьменніка-земляка па багатай творчай спадчыне М.І. Гамолкі і аб сумесных намаганнях па збору важных экспанатаў, звязаных з жыццёвым і творчым шляхам таленавітага палескага аўтара.
Ва ўрачыстай атмасферы родныя Міколы Гамолкі перадалі частку яго асабістых рэчаў: друкарскую машынку, шмат фотаздымкаў, аўтарскія выданні, публікацыі і рукапісы…
Сустрэча, якая прайшла ў СШ №1 г. Жыткавічы, яшчэ раз паказала, што пісьменніка памятаюць на малой Радзіме, а выстава, падрыхтаваная да сустрэчы, што творы жывуць, хвалююць. А гэта цудоўна, значыць, мастак заўсёды побач з намі, і за мяжой жыцця дапамагае маладым і не толькі маладым эстэтычна ўзбагачацца.
Ад імя кіраўніцтва школы і вучняў дырэктар сярэдняй школы Алена Птушко падзякавала незвычайным гасцям за прыемныя хвіліны сустрэчы, паабяцала, што ў школе будзе працягвацца справа па збору матэрыялаў і створаны музей М.І. Гамолкі. А вучні падаравалі Ніне Іосіфаўне і Вісілю Мікалаевічу сувеніры — невялікія пано.
Варта спадзявацца, што музей на базе сярэдняй школы №1 будзе створаны да 90-годдзя пісьменніка, да 11 сакавіка 2012 года. Да гэтага часу, выказвалася спадзяванне, аддзелам культуры будзе выраблена і ўсталявана памятная дошка ў парку імя Мікалая Гамолкі, як гэта прадугледжваецца рашэннем раённых уладаў. Магчыма, наперадзе і наданне імя выдатнага пісьменніка-земляка навучальнай установе, у якой ён атрымліваў веды ў старэйшых класах.
У. МІКАЛАЕЎ.