Веснавыя клопаты лясгаса
Дружна, арганізавана выйшлі на ачыстку лесу ад захламленасці работнікі апарата Жыткавіцкага лясгаса. Трыццаць чалавек наводзілі чысціню і парадак паабапал дарогі, што бярэ пачатак ля вёскі Востранка і бяжыць да мяжы з суседнім Петрыкаўскім раёнам. Агульнымі намаганнямі было ачышчана 3 гектары лясных масіваў. А ў цэлым сіламі ўсіх лясніцтваў уздоўж прыдарожных палос было ачышчана 53 гектары лесу.
Паспяхова завершана тут і веснавая сяўба маладога лесу. Як і было запланавана, саджанцы размешчаны на плошчы 175 гектараў. Так званае дапаўненне да пасадкі склала 50 гектараў і яшчэ плануецца дадаткова пасадзіць маладыя дрэўцы сасны і дуба на 30-гектарнай плошчы.
Удала фінішыраваў у лясгасе і сезон нарыхтоўкі бярозавіку. На Тураўскі кансервавы завод яго пастаўлена 161 тона. 100 літраў каштоўнага бярозавага соку было прададзена насельніцтву.