Лічыла балы зязюля…

Добрыя традыцыі жывуць і прымнажаюцца ў дзяржаўнай лесагаспадарчай установе “Жыткавіцкі лясгас”. І адна з іх — штогадовае правядзенне конкурса на лепшага вальшчыка лесу. Вернымі сабе засталіся абаронцы лясных угоддзяў і ў гэтым сезоне. Нават больш таго, пасля правядзення конкурса на лепшага вальшчыка ў родным лясгасе на базе нашай лесагаспадарчай установы нядаўна быў арганізаваны і праведзены яшчэ і занальны конкурс, у якім прынялі ўдзел лесаводы Мазырскага, Васілевіцкага, Лельчыцкага, Мілашэвіцкага, Петрыкаўскага і Жыткавіцкага лясгасаў. Канечне ж, з мэтай яшчэ большай шліфоўкі свайго прафесійнага майстэрства.


На маляўнічай зялёнай паляне ў сто трынаццатым квартале Жыткавіцкага лясніцтва, сярод маладых бярозак і стромкіх, карабельных соснаў сабраліся каманды, кожную з якіх прадстаўлялі інжынер на ахове працы і два вальшчыкі. Іх, што пастроіліся ў шарэнгу, вітае галоўны ляснічы Жыткавіцкага лясгаса Іван Торчык. Ен жадае поспехаў кожнаму ўдзельніку спаборніцтваў, з годнасцю прадэманстраваць у чарговы раз высокі прафесіяналізм і майстэрства, выявіць лепшых з лепшых. Пра парадак правядзення конкурсу яго ўдзельнікам распавяла Людміла Якімовіч — начальнік бюро па ахове працы Жыткавіцкага лясгаса. Конкурс праводзіцца з мэтай удасканальвання прафесіянальнага майстэрства вальшчыкаў пры выкананні лесасечных работ і асобных аперацый на валцы дрэў, абсяканні сучкоў, распілоўцы хлыстоў для далейшага распаўсюджвання перадавых і бяспечных метадаў працы. Усіх намінацый пяць: валка дрэў, замена ланцуга, распілоўка камбінаваным рэзам, дакладная распілоўка і абсяканне сучкоў.


Вальшчыкі распісваюцца за інструктаж па тэхніцы бяспекі, затым праводзіцца жараб’ёўка: кожны лесаруб выцягвае свой нумарок. Затым яны ідуць пабачыць свае дрэвы, пазначаныя пад той ці іншай лічбай. На бачным месцы вывешваецца экран спаборніцтваў, да сваіх абавязкаў прыступае журы.


І вось першая, адна з самых складаных і доўгіх па часе аперацый — валка дрэў. У руках лесаруба бензапіла, сякера, клін. Аказваецца, што правільна, па патрабуемай тэхналогіі і разам з тым за кароткі прамежак часу паваліць намечанае дрэва не так і проста. Гэта сапраўдная лясная навука, асваенне якой прыходзіць з немалым вопытам. Трэба высячы падрост, сухастой, улічыць накірунак ветру. Дарэчы, у сектар валкі пабочным знаходзіцца строга забаронена, акрамя членаў судзейскай брыгады. Нават ляснічы можа зайсці толькі тады, калі дрэва ўпала. Інакш будуць штрафныя ачкі.


…Адчуўшы ўладны стук сякеры, задрыжала ўсёй сваёй верхавінай высачэзная хвоя. Вальшчык сам вызначае, у які бок павінна ўпасці дрэва. І ў гэтым накірунку нацягваецца шнур, убіваецца кол. Вышэйшае майстэрства лесанарыхтоўшчыка — калі дрэва пры падзенні трапляе ствалом на гэты самы кол. Але дабіцца гэтага, трапіць, што называецца, у самую “дзесятку” надзвычай няпроста.


Строгімі, добра ведаючымі сваю справу суддзямі вымяраецца вугал падпілу, вышыня пня, вызначаюцца іншыя параметры, якія заносяцца ў адпаведны ліст. Згодна гэтых ацэнак і будуць выстаўляцца балы. Дарэчы, у такіх спаборніцтвах могуць выстаўляцца і “нулі”. Яны ставяцца ў тых выпадках, калі, напрыклад, дрэва завісла альбо ўпала ў супрацьлеглы бок. Бо патрабаванні да вальшчыкаў лясгасаў непараўнальна вышэй, чым да іх калег з леспрамгасаў. Справа ў тым, што першыя валяць дрэвы выбарачным парадкам, а другія — скрозь…


Пад звонкае кукаванне зязюлі працягваецца зацятае змаганне лесаводаў. Пры абсяканні сучкоў улічваецца як час, так і якасць работы, а таксама захоўванне патрабаванняў тэхнікі бяспекі. Свае патрабаванні прад’яўляюцца і да такіх аперацый як распілоўка камбініраваным рэзам, замена ланцужка, дакладная распілоўка.


У лесе пахне жывіцай і зёлкамі, але лесарубам, што называецца, не да лірыкі. Пасля кожнай аперацыі яны жыва цікавяцца сваімі баламі на экране спаборніцтваў. І вось наступае самы хвалюючы момант: галоўны ляснічы Жыткавіцкага лясгаса Іван Торчык падводзіць вынікі і аб’яўляе пераможцаў. Агульнакамандныя месцы размеркаваліся наступным парадкам: Жыткавіцкі, Мілашэвіцкі і Лельчыцкі лясгасы. А ў індывідуальным саперніцтве лепшымі сталі Уладзімір Блашко з Мазырскага, Анатоль Ляўковіч з Мілашэвіцкага і Уладзімір Чарняўскі з Жыткавіцкага лясгасаў. У цэлым жа, як справядліва сказаў пры падвядзенні вынікаў Іван Торчык, перамагла лясная дружба.


С. КУЛАКЕВІЧ.


НА ЗДЫМКАХ: у час спаборніцтваў.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.