Разам: для птушак і людзей
Другі год запар у першыя дні мая ў старажытным Тураве праводзіцца мерапрыемства, якое атрымала назву “Фестываль кулікоў”.
Як і год раней мерапрыемства пачалося з навукова-практычнага семінара, які прайшоў у будынку мясцовага гарсавета. Удзельнікі семінара абмеркавалі тэму “Адкрытыя поймавыя лугі — роля ў падтрыманні біялагічнай разнастайнасці, сучасныя праблемы і шляхі іх вырашэння”. Падчас семінара былі заслуханы выступленні Н. Мінчанка “Прававыя асновы захавання поймавых лугоў Прыпяці”, Н.Карліёнавай “Тураўскі луг і іншыя адкрытыя поймавыя лугі Прыпяці — роля ў захаванні біялагічнай разнастайнасці”, П.Пінчука “Ключавыя праблемы для біялагічнай разнастайнасці поймавых лугоў і шляхі іх вырашэння”, В.Фенчука і С.Дарошкі “Вопыт выканання першачарговых прыродаахоўных мерапрыемстваў на поймавых лугах і дасягнуты эфект. Мерапрыемствы ў рамках праектаў АПБ/ ПМГ і ПРААН/ ГЭФ”. Усе ўдзельнікі семінара адзінадушна выказаліся, што поймавыя лугі Прыпяці з’яўляюцца тэрыторыяй, важнай для многіх відаў птушак, прычым не толькі для пражывання, але і ў часы веснавой міграцыі. Для таго, каб эфектыўна захоўваць такія тэрыторыі, патрэбна рэгулярна адсочваць усе змены, якія там адбываюцца. Як паказвае практыка, шэраг праблем характэрны і для поймавых лугоў Прыпяці. Найперш, гэта іх зарастанне хмызняком, што не спрыяе гнездаванню птушак. Актывісты грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” ўжо прымаюць захады па вырашэнню гэтай праблемы. Вядзецца высечка хмызняку на Тураўскім і Пагосцкім лугах. Пэўныя крокі прымаюцца і па арганізацыі кантралюемага выпасу жывёлы на пойме, што, па меркаванню ўдзельнікаў семінара, будзе садзейнічаць меншаму зарастанню лугоў. Самае важнае, што знаходзяць узаемапаразуменне з мясцовымі органамі ўлады і кіраўніцтвам прадпрыемства. А як вядома, любую праблему лягчэй вырашыць, калі займацца ёю супольна. Адно з балючых пытанняў, якое было названа на семінары, тычылася вялікіх тэрмінаў палявання на птушак вясной, што парушае спакой птушак, нават на ахоўваемых тэрыторыях.
Асноўная дзея фестывалю адбылася на галоўнай плошчы Турава. Жыхары і госці горада змаглі пабачыць многа цікавага. Напрыклад, цэлая чародка дзяцей розных узростаў акружыла стол, дзе вучылі вырабляць гліняных птушак-свістулек. Было цікава назіраць за малымі, якія спрабавалі навучыцца гэтаму старажытнаму рамяству. Пад пільным наглядам майстра рабяты, не баючыся запэцкаць сваю новую вопратку, старанна ляпілі з гліны птушачак, адшліфоўваючы кожную дэталь. Калі нешта і не заладжвалася, не апускалі рукі, а яшчэ з большым запалам браліся за справу. І якой вялікай была радасць малых, калі вырабленая ўласнымі рукамі птушачка пачынала свістаць на розныя лады.
Да ўвагі гасцей свята былі прапанаваны і іншыя выставы майстроў народнай творчасці. У прыватнасці, вельмі багатай выглядала выстава Тураўскага Дома дзіцячай творчасці. Канешне ж, асноўная тэматыка іх — птушкі.
Паступова людзі збіраліся да ўстаноўленай на плошчы сцэны, дзе і адбылася галоўная імпрэза кулікоў. Адкрылася яна прамовамі Віктара Фянчука, дырэктара грамадскага аб’яднання “Ахова птушак Бацькаўшчыны” і старшыні Тураўскага гарсавета Ігара Міцюрыча, якія падкрэслілі значнасць праводзімага мерапрыемства ў захаванні прыроды, выключную ролю Тураўшчыны, у прыватнасці, ролі Прыпяцкіх пойменных лугоў для падтрымання біяразнастайнасці. Важнасць гэтага пытання была падкрэслена і ў прывітальным адрасе старшыні Жыткавіцкага раённага выканаўчага камітэта Мікалая Какоры, які перад удзельнікамі фестывалю зачытаў начальнік ідэалагічнага аддзела райвыканкама Леанід Валатоўскі. Пасля афіцыйнага адкрыцця фестывалю пачалася яго творчая праграма. Напачатку яе асноўнымі ўдзельнікамі сталі вучні навучальных устаноў Турава і навакольных вёсак. Яны прадэманстравалі і гістарычную пастаноўку, і паказ касцюмаў “Кулічыная мода”, іншыя нумары. Паказ мод на фестывалі, як вобразна выказаўся яго вядучы, стала “залатым пяром мерапрыемства”. Бо ўдзельнічалі ў гэтым не толькі мясцовыя мадэльеры, але спецыялісты і з Цэнтра маладзёжнай моды БДУ.
Канешне ж, не абышлося свята птушак без выступлення калектываў мастацкай самадзейнасці. На тэму птушак Тураўскага луга нямала цудоўных нумароў падаравалі гледачам самадзейныя артысты фальклорнага калектыва “Спасаўка” Чэрніцкага сельскага клуба. Як заўсёды яркім было выступленне сямейнага ансамбля Абібок з Запясочча. Цудоўнай музыкай і песнямі парадавалі прысутных на фестывалі дзіцячыя фальклорныя калектывы Мінскай вобласці “Вянок” і “Рарох”.
Не абышлося на фестывалі і без узнагарод актыўным абаронцам птушак. Іх было ўручана вельмі шмат за перамогі ў конкурсах, якія праводзіліся АПБ. Прычым атрымлівалі ўзнагароды ад арганізатараў фестывалю не толькі дарослыя, але і дзеці. Дарэчы, і гораду ўручаны спецыяльны знак “Тэрыторыя важная для птушак”, што яшчэ раз падкрэслівае вялікае значэнне для пярнатых гэтай зямлі. Адзіны недахоп, што арганізатарам свята не ўдалося сабраць усіх пераможцаў і прызёраў і ўручыць ім са сцэны заслужаныя ўзнагароды. Асабліва гэта тычыцца дзяцей, усё ж, безумоўна, фестываль кулікоў — мерапрыемства, якое нясе вялікае выхаваўчае значэнне, вучыць любіць свой край, яго прыроду, зрабіць яе яшчэ багацейшай і прыгажэйшай. А гэтаму могуць дапамагчы, як засведчыла мерапрыемства, і дарослыя, і дзеці.
На другі дзень фестывалю адбыўся адкрыты фотапленар “Птушкі Тураўскага луга”.
С. БЕЛКА.