Стартуе экалагічны конкурс
Па ініцыятыве дзяржаўнай лесагаспадарчай установы “Жыткавіцкі лясгас” і аддзела адукацыі райвыканкама з 1 чэрвеня па 1 кастрычніка 2010 года ў нашым раёне будзе праводзіцца дзіцячы экалагічны конкурс па збору пластмасы ў дзяржлесфондзе лясгаса.
— Мэты і задачы конкурса, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ “Жыткавіцкі лясгас” Надзея Шабаева, — экалагічнае выхаванне навучэнцаў і моладзі, прыцягненне ўвагі да праблем забруджвання лясоў бытавым смеццем, захавання прыродных багаццяў, выхаванне беражлівых адносін да лесу і яго насельнікаў, а таксама аказанне практычнай дапамогі лесаводам па ачыстцы і добраўпарадкаванні лясных масіваў.
Для ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца школы, якія маюць свае лясніцтвы, а таксама ўсе школы, што знаходзяцца побач з тэрыторыяй дзяржлесфонду, школьнікі, навучэнцы вучылішча. Улік колькасці сабранай пластмасы кожным навучэнцам вядзецца адказнай асобай школьнага лясніцтва і акумуліруецца ў спецыяльна адведзеным месцы ў школе. Здача сабранай пластмасы школьным лясніцтвам праводзіцца адзін раз у месяц у КУП “Жыткавіцкі камунальнік” па папярэдняму ўзгадненню з дыспетчарам. Колькасць сабранай пластмасы ўсяго па школьнаму лясніцтву пацвярджаецца дакументам КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, а сабранай індывідуальна — спісам адказнай асобы школьнага лясніцтва.
Пры падвядзенні вынікаў раённага дзіцячага экалагічнага конкурса функцыі журы выконвае аргкамітэт. Падвядзенне вынікаў праводзіцца па кожнаму школьнаму лясніцтву індывідуальна.
Тры школьныя лясніцтвы, якія зоймуць прызавыя месцы, будуць узнагароджаны каштоўнымі падарункамі, а пераможцы ў індывідуальным спаборніцтве атрымаюць грашовыя прэміі.
С. ВІЛЬЧЫК.