“Захаваем мір разам!”

Шмат ініцыятыў і праектаў ажыццявіла за апошнія некалькі гадоў Гомельскае абласное аддзяленне грамадскага аб’яднання «Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Шматлікія з іх былі скіраваны на працу з творчай моладдзю, пачынаючымі аўтарамі, накіраваны на прапаганду цікавасці да творчасці пісьменнікаў-землякоў.


Адна з такіх цікавых ініцыятыў была ажыццёўлена на працягу двух апошніх месяцаў — у сакавіку і красавіку бягучага года. Варта адзначыць, што адбылася яна дзякуючы таму, што такая ж пісьменніцкая ініцыятыва, распачатая ў мінулым годзе ў межах толькі Савецкага раёна горада Гомеля, атрымалася выдатна. Сёлета ж яна пашырыла свае межы ажно да кожнай вясковай школкі, раённага цэнтра і вылілася ў сапраўднае абласное свята. І дзякуючы таму, што ініцыятыва старшыні абласнога аддзялення Уладзіміра Гаўрыловіча знайшла падтрымку ў дзяржаўных — у асобе ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, грамадскіх — Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру і Гомельскай абласной арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў. Разам усе прыклалі нямала намаганняў, каб правесці сапраўды ўнікальны дзіцячы конкурс чытальнікаў “Захаваем мір разам!”


Унікальнасць жа гэтага праекта заключаецца ў шэрагу пазіцый.


Найперш — абласны дзіцячы конкурс чытальнікаў прысвечаны 65-годдзю Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. І святу беларускага пісьменства ў Хойніках.


Зразумела, конкурс меў на мэце стымуляванне чытацкіх інтэрасаў школьнікаў, спрыяць павышэнню цікавасці да выразнага чытання мастацкіх твораў, адлюстроўваючых подзвіг беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Гэтаксама, па ўмовах конкурсу, маглі быць для чытання абраны творы, прысвечаныя роднаму кутку, мове, духоўнаму багаццю палескай старонкі.


Яшчэ адна адметнасць: юныя ўдзельнікі конкурсу, а імі былі больш за дзевяцьсот вучняў адукацыйных устаноў вобласці, самастойна выбіралі мастацкія творы з творчай спадчыны класікаў беларускай літаратуры, сучасных аўтараў, што нарадзіліся, тварылі ці сёння пражываюць на тэрыторыі Гомельскай вобласці.


Конкурс ладзіўся ў дзвюх намінацыях: “паэзія” і “проза” і праводзіўся ў некалькі этапаў — школьны, раённы і абласны. Першыя два праводзіліся ў раёнах вобласці — у гэты перыяд вызначаны па аднаму пераможцу ў кожнай з намінацый ад кожнага раёна вобласці. Школьнікі ад 12 да 17 гадоў — пераможцы раённых чытальніцкіх святаў – прымалі ўдзел у другім, заключным этапе, што прайшоў 23 красавіка ў абласным цэнтры на базе сярэдняй агульнаадукацыйнай школы №61 горада Гомеля.


Выбар гэтай школы як базавай для такога мерапрыемства — невыпадковы. Яшчэ некалькі гадоў таму яна мела тэатральна-мастацкі накірунак у сваёй дзейнасці. У мінулым годзе школа прызнана лепшай навучальнай установай горада. Тут працуюць таленавітыя педагогі, тут асаблівы творчы настрой…


У актавай зале школы, куды з’ехаліся з усёй вобласці чытальнікі і іх педагогі, адбылося ўрачыстае адкрыццё свята. Некалькі выдатных канцэртных нумароў падрыхтавалі вучні САШ №61, а ад імя заснавальнікаў конкурсу да прысутных звярнуліся старшыня абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Уладзімір Гаўрыловіч і старшыня Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонда міру Цімафей Іванавіч Глушакоў. Яны заклікалі юных удзельнікаў конкурсу — пераможцаў школьных і раённых этапаў — берагчы мір і любіць мастацкае слова, кнігу.


І вось, нарэшце, распачаўся сам конкурс – праслухоўванне чытальнікаў. Цікавая “палітра” выбраных твораў на конкурс: вялікай папулярнасцю карысталіся творы Івана Мележа, Івана Шамякіна, Барыса Сачанкі, Івана Навуменкі, Міколы Мятліцкага, Анатоля Зэкава, Уладзіміра Гаўрыловіча, Алега Ананнева, Васіля Ткачова, Ніны Шкляравай і іншых гомельскіх аўтараў. Перад журы, у склад якога ўваходзілі вядучыя майстры слова і тэатральнага мастацтва вобласці, прадстаўнікі заснавальнікаў і арганізатараў, стаяла нялёгкая задача — выявіць самых таленавітых, артыстычных, здольных раскрыць мастацкую задуму аўтара, выдатна валодаючых мовай.


Амаль тры гадзіны на розных сцэнічных пляцоўках было наладжана праслухоўванне 50 чытальнікаў у дзвюх намінацыях. Затым, пакуль працавала журы, для ўсіх удзельнікаў свята чытання быў арганізаваны паказ сцэнічнай пастаноўкі ўзорнага тэатральнага калектыву САШ №61 па матывах твора Л. Філатава “Пра Фядота-стральца, удалага малайца…”


А па абедзе (савет абласнога аддзялення СПБ паклапаціўся, каб удзельнікі конкурсу і добра падсілкаваліся!), свята завяршылася ўзнагароджваннем. Ва ўрачыстай атмасферы Уладзімір Гаўрыловіч, Цімафей Глушакоў і старшыня абласной ветэранскай арганізацыі Міхаіл Ігнаценка павіншавалі спачатку пераможцаў раённых этапаў конкурсу — усе яны былі ўзнагароджаны Граматамі аргкамітэту і ў якасці падарунка — апошнімі выданнямі Гомельскага абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”: альманахамі, энцыклапедычным выданнем і адным з выпускаў весніка абласнога аддзялення СПБ “Літаратурныя абсягі”.


І вось называюцца імёны лаўрэатаў конкурсу. У намінацыі “паэзія” імі сталі чытальнікі, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месца: Іван Давыдзенка з Рэчыцкага раённага ліцэя, Максім Кучвальскі, вучань САШ №61 г. Гомеля, Аліна Анікіна, гімназістка з г. Калінкавічы.


У намінацыі “проза” лепшымі прызнаны: Марыя Гардзіенка, вучаніца Прыснянскай САШ Веткаўскага раёна, Таццяна Чырэц, вучаніца Чырвоненскай САШ Жыткавіцкага раёна, Новікава Вольга, вучаніца Лельчыцкай САШ №2.


Пераможцы абласнога этапу конкурсу чытальнікаў адзначаны спецыяльнымі дыпломамі заснавальнікаў конкурсу, а таксама бібліятэчкай кніг гомельскіх аўтараў і класікаў беларускай літаратуры, многія з якіх сёння з’яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю. Юных чытальнікаў таксама вітаў са сцэны Міхаіл Ігнаценка, які павіншаваў усіх з вялікім святам — 65-годдзем Перамогі. Перад імі выступілі старшыні журы — галоўны спецыяліст абласнога аддзялення СПБ Тамара Кручэнка і паэт, мастацтвазнаўца Ален Ананнеў, а таксама прысутныя ў зале пісьменнікі, якія адзначылі высокі ўзровень выканальніцкага майстэрства юных чытальнікаў, падаравалі многім з выканаўцаў свае новыя кнігі з аўтографамі. Закрыў свята добрымі пажаданнямі ўдзельнікам і пераможцам конкурсу — памятаць пра велічны подзвіг дзядоў і прадзедаў, любіць мастацкае слова і кнігу, падзякамі педагогам, якія далучаюць вучняў да прыгожага пісьменства — старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзімір Гаўрыловіч. Ен уручыў кіраўніцтву навучальнай установы за дапамогу ў правядзенні ўнікальнага конкурсу Грамату Саюза пісьменнікаў Беларусі, уручыў падарункі ад СПБ усім заснавальнікам конкурсу.


Хвалюючае мерапрыемства закончылася фатаграфаваннем на памяць і шчырымі словамі спадзявання, што свята чытальнікаў хутка завітае на Гомельшчыну ізноў.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.