АСНОВА ПОСПЕХУ – НАЛЕЖНАЯ ПРАЦА

Калі ў навучальнай установе створаны ўсе належныя ўмовы для навучання і выхавання дзяцей — чакай добрага выніку. Верасніцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа ў мінулым годзе атрымала ад дзяржавы падарунак — адрэканструяваны будынак, дзе ёсць практычна ўсё, каб сеяць добрае і вечнае. Але галоўнае — таленавітыя настаўнікі і вучні, якія (хоць і давялося доўгі час вучыцца ў чужых сценах) сваёй працай у новых умовах сцвердзілі: яны лепшыя ў раёне. Прынамсі, па колькасці выпускнікоў, якія з’яўляюцца кандыдатамі на атрыманне залатых медалёў. Пачуўшы такую навіну, я накіраваўся ў школу і задаў некалькі пытанняў дырэктару Валянціне КАЗАК, а таксама педагогам і вучням. Прапаную гэта інтэрв’ю чытачам “Новага Палесся”.


— Валянціна Адамаўна, так атрымалася, што Верасніцкая сярэдняя агульнаадукацыйная школа з’яўляецца сапраўднай кузніцай выдатнікаў. І ў гэтым годзе Ваша навучальная ўстанова збіраецца здзівіць увесь раён?


— У гэтым навучальным годзе ў нас 5 вучняў выдатна, скончылі школу і прэтэндуюць на залатыя медалі. Спадзяюся, што яны іх і атрымаюць. Усе пяць вучняў — дзяўчаты, яны вельмі старанныя ў вучобе, займаюцца з першага класа на выдатна, паслухмяныя, з прыкладнымі паводзінамі, удзельнікі алімпіяд розных узроўняў і творчых конкурсаў. Дарэчы, гэта ў нашай школе не першы выпуск, дзе ёсць медалісты, за апошнія толькі дваццаць гадоў 33 выпускнікі нашай школы атрымалі залатыя і сярэбраныя медалі. І ёсць дзеці, якія пасля дзевяці класаў паехалі працягваць вучобу ў каледжах, тэхнікумах, яны таксама мелі ўсе выдатныя адзнакі і патэнцыяльна маглі б у школе атрымаць залаты альбо сярэбраны медаль.


— Пачутае не можа не здзівіць. Зразумела, што выпусціць са звычайнай вясковай школы столькі медалістаў за кароткі час — не выпадковасць…


— Так. Выпадковасцю гэта назваць ніяк нельга. Калектыў у нас вельмі старанны, працуюць педагогі шмат гадоў, маюць адпаведныя прафесійныя здольнасці, прыходзяць маладыя педагогі, якія стараюцца не адставаць ад старэйшага пакалення, усе разам, калі дапушчальна будзе так сказаць, проста выкладваюцца, каб даць дзецям трывалыя веды, выхаваць іх. Таксама немалаважную ролю тут іграе ўплыў бацькоў. У Верасніцы бацькі зацікаўлены ў тым, каб іх дзеці былі адукаваныя. Мы гэтую падтрымку ўвесь час адчуваем.


— Прынята лічыць, што толькі гарадскія дзеці, дзе ёсць і гімназіі, і спецыяльныя школы, могуць даваць такія выдатныя веды, а ў Верасніцы ж звычайная вясковая школа…


— Школа — так, звычайная, але дзеці ў нас такія творчыя, таленавітыя. У гэтым годзе, да прыкладу, дзве нашы вучаніцы занялі прызавыя месцы на абласной алімпіядзе па нямецкай і беларускай мовах. Нашы настаўнікі ўжо не першы год даюць, так скажам, добрыя вынікі на раённых алімпіядах, раней таксама неблагія веды паказвалі нашы дзеці на абласным узроўні. Наша вучаніца ўдзельнічала нават у рэспубліканскай алімпіядзе па рускай мове. Нас, педагогаў, нават здзіўляе актыўнасць вучняў школы — яны ўдзельнічаюць практычна ва ўсіх конкурсах, якія толькі праводзяцца. Вось сёння, напрыклад, наша вучаніца, у ліку пецярых вучняў з усёй вобласці, па лініі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях будзе ўзнагароджана як адна з пераможцаў конкурсу газеты “Юны выратавальнік”.


— Напярэдадні выпускнога балю Вы, напэўна, штосьці жадаеце сваім выпускнікам. Якімі б Вы хацелі іх бачыць праз нейкі час?


— Я хацела б іх бачыць найперш здаровымі як фізічна, так і маральна, каб яны маглі спачуваць іншым людзям, маглі прыйсці на дапамогу ў цяжкай сітуацыі, каб яны выраслі добрымі мамамі і татамі. Хачу, каб нашы дзяўчынкі выхоўвалі сваіх дзяцей у павазе да іншых людзей, каб іх сем’і былі моцнымі і здаровымі, у першую чаргу. Адукацыя ж у любым выпадку лішняй не будзе, як і своечасова набытая прафесія. Але ж, як мне падаецца, шчаслівая сям’я — аснова.


— Вашы выдатнікі — выпускнікі, калі меркаваць па выпусках мінулых гадоў, усе добра змаглі спланаваць, пабудаваць сваё жыццё?


— Так, нашы ўсе выдатнікі атрымалі належную адукацыю ў розных навучальных установах, яны ўсе працаўладкаваны. Ніхто не застаўся без працы, яны паважаныя людзі ў сваіх працоўных калектывах, маюць нават ужо ўзнагароды за сваю працоўную альбо творчую дзейнасць. Зразумела, мы радуемся кожнай перамозе кожнага нашага выпускніка, бо гэта для настаўніка вялікая радасць. Мы ганарымся нашымі вучнямі.


— Як праходзіць звычайна ў вас выпускны баль?


— Традыцыйна ён у нас праводзіцца вечарам, каля дваццаці адной гадзіны. Мы жывём усё ж у вёсцы, многія трымаюць уласную гаспадарку, і нельга не ўлічваць гэты аспект. Збіраюцца ўсе бацькі, педагогі і выпускнікі разам. Сцэнарый распрацоўваецца на даволі працяглы час, які праходзіць цікава і запамінальна, як і належыць святу. Завяршаецца ўся ўрачыстасць, калі ўсе выпускнікі, педагогі і іх бацькі сустракаюць разам світанак. Гэта даўняя традыцыя, дзеці ў нас на вачах, і свята сапраўды атрымліваецца прыгожым. Спадзяемся, што яшчэ лепшым яно атрымаецца цяпер. Па традыцыі, якая склалася ў нашым раёне, мы абавязкова павязем нашых лепшых вучняў, якія будуць узнагароджаны медалямі, на раённы баль у Жыткавічы. Разам з дзецьмі абавязкова ўдзельнічаюць у гэтай урачыстасці іх бацькі. Апошнія гады раённы выпускны баль не адбываецца без нашых выпускнікоў, толькі ў мінулым годзе ў нас не было медаліста. Хаця ж адзін з выпускнікоў скончыў школу на дзевяць і дзесяць, паступіў і выдатна вучыцца ў Акадэміі Міністэрства ўнутраных спраў. Мы спадзяемся, што выдатнікі ў нас будуць штогод, таму што падрастаюць вельмі добрыя дзеці, якія ўжо заяўляюць аб сабе…


— Зразумела, галоўнае не адзнакі, а веды…


— Дакладна так. Той жа наш выпускнік, пра якога я згадала, меў на 120 балаў болей, чым патрабавалася для паступлення ў Акадэмію. Веды ж – аснова.


— Ці можна заўважыць вучэбны талент у дзіцяці ў пачатковых класах, весці праз усё школьнае жыццё, альбо нейкі пералом атрымліваецца ў сярэднім альбо старэйшым звяне?


— Есць дзеці, якія раскрываюцца літаральна з першага класа. Нярэдка здараецца і так, што працэс гэты ідзе паступова. У нас ёсць хлопчык, які ў старэйшых класах удзельнічае ў розных конкурсах, як спартыўных, так і творчых. Есць дзеці, хоць і не на выдатна вучацца, але паказваюць сябе з іншага боку ў спартыўным і культурным жыцці школы і вёскі. І гэта вельмі добра.


— Дык у чым сакрэт такога поспеху педкалектыву Верасніцкай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы ў навучанні і выхаванні?


— Тут сумесная праца, асаблівая зацікаўленасць, як з боку вучняў, настаўнікаў, так і бацькоў, і ў цэлым грамадства. Хачу падкрэсліць, у нас ёсць цесная садружнасць з сельскім Саветам, з Домам культуры, фельчарска-акушэрскім пунктам, біліятэкай, НПС “Тураў” — усе нам дапамагаюць, пры чым актыўна і зацікаўлена.


— А ці прагледжваецца медалёвая тэндэнцыя на наступны год?


— Безумоўна. Ужо сёння можна гаварыць, што на наступны год мы будзем мець патэнцыяльнага залатога медаліста. Гэта Фралова Каця, якая сёлета стала дыпламантам абласной алімпіяды па нямецкай мове. Стараюцца выдатна вучыцца і вучні дзевятага, восьмага класаў. Калі ёсць праца, то будзе і добры вынік.


— Ідуць выпускныя экзамены. Вучні не расчароўваюць сваіх настаўнікаў?


— Не. Пакуль ідуць пісьмовыя экзамены, але вынікі іх добрыя. Значыць, веды ў дзяцей трывалыя.


— Ідучы ў школу, пабачыў шмат дзятвы на вуліцы…


— Гэта працуе летняя аздараўленчая пляцоўка, якую наведваюць 49 вучняў. У нас створаны вельмі добрыя ўмовы для адпачынку дзяцей. Працуе сталовая, хаця ж, канешне, адчуваецца ў меню недахоп садавіны і гародніны, але апошнія дні сітуацыя крыху папраўляецца. Для вучняў арганізоўваюцца шматлікія мерапрыемствы, экскурсіі. Экскурсіі ладзім, дзякуючы падтрымцы НПС “Тураў”, кіраўніцтва якой заўсёды дапамагае з тэхнікай. Наведваем навакольныя ўсе гістарычныя мясціны, збіраемся звазіць дзяцей у Мінск, у Нацыянальную бібліятэку Беларусі.


— Дзякуй, Валянціна Адамаўна, за цікавую размову. Здзяйснення мараў Вашым выпускнікам, здароўя і плёну педагогам. І новых медалістаў!


— Дзякуй на добрым слове!


Падрыхтаваў У. ГАЎРЫЛОВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.