Медык па прызванню
Працоўны шлях у сістэме аховы здароўя для Людмілы Новак пачаўся з пасады медсястры ў адной з лячэбных устаноў Мінска. Потым была медсястрой ва ўчастковай амбулаторыі ў пасёлку Хваенск. А вось ужо шаснаццаць гадоў рупіцца на пасадзе фельчара ў вёсцы Хлупін.
Клопатаў у вясковага фельчара дастаткова. Населены пункт немалы — прыкладна 280 пацыентаў. Ідуць за дапамогай да Людмілы Мікалаеўны і дарослыя, і дзеці. Радуе медыка, што ў населеным пункце маецца школа і дзіцячы садзік, а значыць вёска жывая. У навучальных установах фельчар часты госць. Тут яна не толькі прышчэпкі ад розных хвароб робіць дзецям, але актыўна прапагандуе здаровы лад жыцця. На апошнім робіць акцэнт і ў дарослай аўдыторыі. Бо добра бачыць, як пашыраюцца заганы сярод вяскоўцаў, якія падрываюць іх здароўе. А такое не можа не турбаваць вясковага медыка. Таму для яго выкананне прафілактычных мерапрыемстваў — справа святая.
У медыцыну Людміла Мікалаеўна прыйшла, як прызнаецца, па прызванню. Цяга лячыць праявілася з дзяцінства. Тады яе пацыентамі былі лялькі і хатнія жывёлы. Гэта і прывяло ў Мінскае медвучылішча. І гэтаму выбару застаецца вернай і зараз.
Спецыфіка работы фельчара з Хлупіна яшчэ і ў тым, што вёска аддаленая ад райцэнтра. Таму многае даводзіцца браць на сябе. Але на гэта не наракае, бо стаяць на варце самага дарагога для чалавека — яго здароўя, лічыць вялікім гонарам. Так, і гэтая акалічнасць дапамагае ў справе не менш чым прафесіяналізм, а яшчэ чуласць, дабрыня. Як лічыць Людміла Мікалаеўна, без гэтых якасцей выдатным спецыялістам стаць немагчыма. Таму ў сваёй працы фельчар імкнецца адпавядаць усім гэтым крытэрыям, а ўсім людзям зычыць толькі здароўя.
С. БЕЛКА. Фота В. КІЖНЕВА.