“Песня – маё жыццё”
Мабыць, мала хто ў раёне не ведае выдатную верасніцкую спявачку і самадзейнага аўтара Лідзію Савічну Пятрычыц — яе цудоўнымі песнямі і прыпеўкамі захаплялася не адно пакаленне жыхароў не толькі сваёй вёскі, але і наваколля. Выдатны педагог, а цяпер ветэран педагагічнай працы па-ранейшаму жыве ў сваёй маленькай старасвецкай развалюсе-хаціне, у якой зімой бывае холадна, але ніколі не скараецца перад жыццёвымі нягодамі. Я да яе завітаў невыпадкова вясеннім надвячоркам: толькі-толькі яна і месцічы адзначылі паўвекавы юбілей удзелу Пятрычыц у мастацкай самадзейнасці. Гутарка наша цягнулася доўга, і толькі самыя цікавыя яе моманты прапаную чытачам “Новага Палесся”.
— Лідзія Савічна, пяцьдзесят год Вы ў самадзейнасці… А колькі гадоў Вы разам з “Верасам”?
— Калектыву “Верас” — 60. Першыя ўдзельнікі калектыву сцвярджаюць, што ён быў створаны ў 1948 годзе, а неяк атрымалася, што аформлены ён у аддзеле культуры пазней. З “Верасам” я чвэрць стагоддзя. З таго моманту, як перайшлі ў клуб. А ў пяцьдзесят дзевятым — шэсцьдзесятым я ўжо ўдзельнічала з дзевятага класа ў калгаснай самадзейнасці. Тады ж не тое, што сёння: людзі спявалі паўсюль: у полі і на фермах, на вуліцы – усюды. А потым, калі пачала працаваць у школе пасля інстытута, жанчыны запрасілі мяне на ферму. Яны ведалі маю асаблівую прагу да песні. Папрасілі: мы вось хочам спяваць, а няма ніякай арганізацыі ў нас, памажы нам. І я пачала туды хадзіць. Хадзіла 7 гадоў на ферму, песні адшуквала, рэпеціравалі, жанчынкі і самі шмат цікавага знаходзілі. Старыя фальклорныя былі ў той час песні. Гэта цяпер з акампанементам выконваюцца амаль усе, а тады ж спявалі больш фальклорныя. Праз сем гадоў нас запрасілі ў клуб. Кіраўніцтва прапанавала: давайце пашырым гэтую справу! Яшчэ ж хочуць і з сяла людзі далучыцца, а мы ж толькі з даяркамі спявалі. То ж была весялуха на той жа ферме — выйдуць, песняка як дадуць, душа нанава нараджаецца. А цяпер што на ферме?.. А тады — чакаюць з выпасу кароў — песня, выйдзеш на вуліцу — песня, ва ўсім наваколлі было чутно, як даяркі на ферме спяваюць! Такія былі галасы, божанька мой! Хацелі ўсе пець, таму і спявалі.
— А Вы асабіста з песняй калі пачалі сябраваць — з дзевятага класа ці раней?
— Я ў трэцім класе ўжо ўдзельнічала ў школьным хоры… Тады якраз да нас у вёску маладыя настаўніцы прыехалі. Яны арганізавалі школьны хор, бралі туды ўсіх дзетак, і малых, і са старэйшых класаў. Першы раз на сцэну выйшла ў пятым класе з сольнай песняй. А ў дзевятым пачала ўдзельнічаць у калгаснай самадзейнасці. Для мяне песня — усё. Гэта маё жыццё.
— Часам так атрымліваецца, што ў дзяцінстве шмат хто спявае, а затым, пры пераходзе да дарослага жыцця, бывае, што і забываецца, а ў Вас засталося на ўсё жыццё…
— Не ведаю чаму. Мабыць таму, што душа спявае. Можа, і ад маці перадалося. Увесь род у нас песенны быў. Маміны браты ўсе без выключэння музыкантамі былі, усімі інструментамі валодалі. Тады ж прастольныя святы ў вёсках былі. І ў нас таксама — Звюжанне, 27 верасня. Дык да нас прыходзіла радня з усіх сёл, дзе ёсць. Гэта ў нас было найлепшае свята. Усе прыходзілі: скрыпачы, гарманісты, барабаншчыкі… Сядуць вось тут, пад вокнамі — песні, музыка.
Я малая была, але памятаю выразна: як заходзіць наш род у клуб, то ўся ўвага на нашых. Круг звужаецца вакол маёй мамы. Яна ж вельмі добрая была частушачніца. Ніхто не мог яе пераспяваць. А жанчына ж неадукаваная. Толькі адкуль што бралася ў яе, прыпеўкі, здавалася, ліліся з вуснаў самі па сабе. Я дагэтуль дзіўлюся, як яна магла трымаць іх гэтулькі ў памяці! Альбо якое вяселле ці інакшая прычына — зноў так: круг звужаецца вакол маёй маці, яна нястомна выдавала такія ўзоры прыпевак, якім пазайздросціць.
Адзін раз — такое было — сустрэліся мая мама, ёй было 75 гадоў, на вяселлі за Мазыром, дзе ў нас радня была, з Мікалаем Котавым. Дык што вы думаеце? Яна ж самога Котава ператанцавала ў свае такія гады! Ён скакаў — скакаў ды і здаўся. Мабыць, усё ж такі мая цяга да песні ад мамы…
— Кажуць, што росквіт народнай песні, самайдзейнасці мінуў?
— Ведаеце, скажу шчыра: калі б такіх людзей, што прагнуць гэтым займацца, падтрымлівалі, то яшчэ б нешта захавалася, а так, самацёкам, усё памрэ. Мне здаецца, што шпаркімі тэмпамі ўсё гэта губляецца. І моладзь, што тут скажаш, не так ідзе ў клуб, слухаць і глядзець гэтыя канцэрты, якімі б выдатнымі яны не былі. З аўтэнтычнымі традыцыямі, як мне бачыцца, нас чакаюць праблемы.
Гэта мая асабістая пазіцыя: няма зацікаўленасці сістэмы культуры ў тым, каб росквіт самадзейнасці быў. Цяпер жа больш увага да платных паслуг. Зразумела, яны патрэбны, трэба жыць установам культуры. Але каб у пагоні за грашыма не было выкінута і “дзіця” на сметнік. А гэта назіраецца, на жаль. І ацэнка работы мясцовых культработнікаў вядзецца не ад колькасці захаваных песень, традыцый, а ад другога. Хаця б пароўну было, то нешта б захавалася.
Ансамбль “Верас”, куды мы не паедзем, выступаем так, што ўсе намі проста захапляліся. Выступалі неяк перад фалькларыстамі, прафесарамі з Мінска. Калектываў было шмат. Але пасля канцэрта ўсе як адзін яны прыйшлі да нас. І кажуць: усе няблага паказалі праграму, але “Верас” – лепш за ўсіх…
— Дзеля такой ацэнкі трэба нямала працаваць: нягледзячы на настрой і надвор’е, трэба збірацца на рэпетыцыі, шмат працаваць…
— Мы і ходзім. У нас ёсць жанчыны, якіх я лічу ядром калектыву. Іх куды б ні пазвалі — на поле ці на ферму – ідзём туды. І на зажынкі, і на дажынкі, і вясельны абрад арганізоўваем. Дарэчы, вось прыклад згубы. Сапраўдных вясельных традыцыйных мясцовых песен ужо ж нідзе ў раёне не спяваюць. А мы пастараліся зрабіць “рэанімацыю”, і абраднасць адрадзілася, нашы маладажоны адчуваюць повязь з продкамі. А што без повязі — пустэча. Вось у гэтым накірунку, каб не згубілася памяць стагоддзяў паміж продкамі і маладымі пакаленнямі, на мой погляд, павінна працаваць уся сістэма культуры, якая ўзяла на сябе ўсе функцыі культурнага забеспячэння людзей. Трэба шанаваць і любіць сваё, і будуць нашы людзі больш шчаслівымі. Вось мы і спяваем зараз вясельніцу колішнюю, і гэта прыносіць радасць. Часам я пры сустрэчы маладажонаў і прыпеўку якую сваю выканаю…
— Лідзія Савічна, але ж гады, здароўе — усё накладвае адбітак на заняткі самадзейнай творчасцю… Іншым разам, можа б, пасядзелі, адпачылі…
— Правільна. Бывае і здароўе падводзіць, але ж жаданне спяваць перамагае. Перамагае і хваробы, якія прыкідваюцца. Я ж працавала трохі ў клубе на платнай аснове, паўставачкі мне давалі. То і ў непагадзь, і сапраўды пасядзець бы, далёка ісці да клуба, але не, спяшаешся на рэпетыцыю, бо прыйдуць мае жанчынкі, яны ж мяне чакаюць. І іду, бо я павінна ісці. Мы ўжо ж як адна сям’я — гэтак здружыліся за гады. Мы часам і так збяромся ў нядзельку, на прызбе ці ў хаце — сумнавата ж бывае проста так сядзець. Дык у нас уся размова пра песні. Другія мо збіраюцца, каб абгаварыць каго ці яшчэ што, а мы ж пра песні і пра песні. Іначай, мабыць, ужо не можам.
— А колькі песень у рэпертуары калектыва?
— Незлічоная колькасць. Я ўвесь час пасля чарговай праграмы імкнуся развучыць нешта новенькае, часам і акампаніятар скардзіцца, што такая непаседа, але здаецца, што з такой бабай зробіш. А я да чарговага канцэрта хачу толькі новую праграму, каб нам і людзям было цікавей. А гэта ж праца… Я прыношу новыя творы і салістам, і ансамблю, і ўсім жадаючым…
— А самі якія песні любіце?
— У мяне любімая песня “Жывы будзем — не памром…” Зімавала сёлета я ў сына на Украіне, дык седзячы там шмат што напісалася і прыдумалася. Склала і сама верш “Край мой сельскі”. Харошыя радкі атрымаліся. Думаю, падбяру я мелодыю. А як падбіраю? Напяваю сама сабе. Так спявала, каб не забыць, і адразу да акампаніятара, каб падабраў мелодыю. Ен у нас хлопец здольны, што тут скажаш. Ну і атрымалася. Напісала сама песню “Радня”, якую вельмі люблю. Я за яе нават грашовую прэмію атрымала, неяк у Жыткавічы выклікалі… Было тады радзіннае свята, і ёй яно распачыналася.
— Слава пра Вас ідзе і як пра выдатную аўтарку і выканаўцу прыпевак…
— Я люблю іх складаць і выконваць, прысвячаю розным людзям і падзеям. Выкрываю недахопы такім чынам. Толькі вось і на юбілейнай вечарыне людзям паскардзілася, што хоць і крытыкую са сцэны, але мала што змяняецца да лепшага. Крыўдна бывае.
— Прачытайце, хоць адну, калі ласка…
— Я жанчына з Верасніцы, І па прозвішчы – Пятрычыц. А па маці – Прахарэнка, Дзе ўсе ігралі харашэнька. Я з музычнага роду – Прыпеўку, песню люблю зроду.
— Гэта своеасаблівая візітоўка…
— Магчыма і так. У мяне шмат уласных прыпевак, можа, добры том назбіраецца. Праўда, усе я іх цяпер схавала за непатрэбнасцю. Я ж цяпер чыста пенсіянерка. Крыху адчуваю сябе непатрэбнай, але гэта іншая тэма.
— А калі нешта крытычнае…
— Раней у нас так было. Слухайце:
А пшанічку і ячмень Цягнуць уночы і ўдзень, Малачко, бензін, салому Прадаюць, цягнуць дадому. Цягнуць усё і ўвесь час Шчэ й цыбулю ў запас…
Гэта крыху даўняе, але адносяцца ўсе вяскоўцы да маіх частушак вельмі прыязна.
— Што б Вы хацелі пажадаць калектыву “Верас” і тым, ад каго залежыць яго будучыня?
— Я хацела б, каб гэты калектыў захаваўся і развіваўся. Нельга дапускаць, каб такая духоўная каштоўнасць знікла зусім. Разумныя людзі гэта павінны разумець, і, спадзяюся, песня ў Верасніцы будзе пачуваць сябе вольна. Я ўдзячна лёсу, што падараваў мне такое шчасце — працаваць і займацца творчасцю з цудоўнымі, таленавітымі землякамі. Дай ім Бог здароўя.
— А ці запомніцца Вам юбілей?
— Запомніцца, дзякуючы падтрымцы вяскоўцаў. Праўда, спачатку абяцалі, але ад аддзела культуры ніхто з кіраўніцтва не прыехаў. Але ж я не для іх столькі працавала, а дзеля людзей. І яны мне таксама аддзячылі сваім прызнаннем і асаблівай цеплынёй. А іх люблю вельмі, сваіх аднасяльчан…
Запісаў У. МІКАЛАЕЎ.