Прымнажаюць урадлівую сілу зямлі

“Галоўная ўзнагарода меліяратарам — калі пасля іх працы зямля радуе багатым ураджаем”, — лічыць начальнік ПМК-66 Уладзімір Стахеевіч Валадзько. Яшчэ і сямі няма, а на вытворчай базе арганізацыі ўжо шматлюдна. Да ад’езду на аб’екты, якія параскіданы па ўсім раёне, кожны імкнецца зрабіць справы, якія накапіліся за дзень. Часу не так і шмат, таму людзі стараюцца працаваць зладжана. Роўна ў сем гадзін раніцы з варот базы пачынаюць раз’язджацца аўтамашыны, якія даставяць меліяратараў да месца прызначэння.


Сёння працаваць меліяратарам калоны даводзіцца вельмі многа. Аб чым сведчаць даволі напружаныя графікі і значная колькасць аб’ектаў.


— На цяперашні час вялікія сілы арганізацыі задзейнічаны па выкананню інжынерных і водагаспадарчых мерапрыемстваў па абароне ад паводкі горада Тураў і вёскі Любавічы і сельскагаспадарчых зямель аб’екта “Тураў- Альгомель”.


— Сёлета яго наша арганізацыя павінна здаць у эксплуатацыю, — расказвае галоўны інжынер ПМК-66 Мікалай Пятровіч Масла. — Тут мы выканаем работ на суму 2,4 мільярда рублёў.


Асваенне такіх вялікіх аб’емаў работ найперш сведчыць аб высокай дзеяздольнасці арганізацыі, яе моцы. Зрабілі ж меліяратары на гэтым аб’екце вельмі шмат. Толькі адных дамб і прыдамбавых каналаў насыпана і выкапана працягласцю дваццаць чатыры кіламетры. А яшчэ ўзведзена і помпавая станцыя, іншыя збудаванні.


— Папрацавалі тут мы вельмі добра, — далучаецца да размовы начальнік калоны. — Цяпер вока радуецца, калі глядзіш на шырокія палеткі мясцовай гаспадаркі, што раскінуліся побач з каналам, якія выдатныя там узыходы сельскагаспадарчых культур.


Увогуле, на Тураўшчыне гэта не адзіная справа меліяратараў з ПМК-66. Тут яны сёлета праводзяць рамонт меліярацыйнай сеткі аддзялення “Верасніца” адкрытага акцыянернага таварыства “Тураўшчына”. Ні многа-ні мала, а ўсе работы пацягнуць больш чым на паўмільярда рублёў. Меліяратары праводзяць ачыстку асушальнай сістэмы, будуюць гідратэхнічныя збудаванні. У выніку гэтай працы гаспадарка атрымае трыста гектараў добрых палеткаў. Яшчэ адзін значны аб’ект, дзе працуюць меліяратары, “Інжынерная абарона ад паводкі вёскі Верасніца”. Тут таксама патрабуецца асіліць вялікія аб’ёмы работ, які вымяраецца ў грашовай суме больш чым адным мільярдам рублёў.


Без працавітых рук меліяратараў не абыходзяцца і рыбгасы раёна. Тут спецыялісты арганізацыі вядуць рамонтныя работы на сажалках і дамбах, гідратэхнічных збудаваннях.


Але ўсё ж асноўная іх задача: адрадзіць былую сілу меліяраванага гектара. Гэтую работу плануеццца выканаць на 215 гектарах сельгасугоддзяў у КСУПе “Марохараўскі”. А вось працаўнікамі КСУПа “Чырвоны Бор” ужо ацэнена дзейнасць меліяратараў з ПМК-66. Тут стараннямі апошніх вернута ў севазварот 210 гектараў зямлі, на якіх гэтай вясной сельгаспрадпрыемствам праведзена сяўба розных сельскагаспадарчых культур. Асноўныя работы на гэтых палетках: ворыва, планіраванне, дыскаванне, выроўніванне — праведзены меліяратарамі.


У апошні час кіраўніцтвам нашай краіны надаецца вялікае значэнне аднаўленню меліярацыйных зямель. Як зазначылі ў ПМК-66, задачы пастаўлены перад калектывам даволі значныя, а гэта вялікая адказнасць.


— Аб’ёмы работ павялічаны ўдвая, — расказвае Уладзімір Стахеевіч, — таму, каб з імі паспяхова справіцца, будзем нават прыцягваць іншыя арганізацыі. Зараз маецца дамоўленасць на дапамогу з ПМК-9 з Мінскай вобласці. Гэта даволі сур’ёзная і магутная арганізацыя.


Разам з тым і самі працаўнікі калоны не сядзяць склаўшы рукі. Практычна ўсе даведзеныя планы яны перавыконваюць. Так, за чатыры месяцы аб’ём работ пры заданні 108 працэнтаў выкананы на 112. Такі паказчык невыпадковы. Кіраўніцтва арганізацыі пастаянна клапоціцца аб абнаўленні парка машын. Толькі ў мінулым годзе на гэтыя мэты выдаткавана адзін мільярд семсот восемдзесят мільёнаў рублёў. Дзякуючы гэтаму калона папоўнілася новай сучаснай тэхнікай: экскаватарамі, энерганасычаным трактарам “Беларус” з прычапнымі машынамі, аўтакранам, пагрузчыкам “Амкадор” і іншай тэхнікай.


Скажам, і на перспектыву абнаўленне матэрыяльнай базы з’яўляецца прыярытэтным ва ўсёй дзейнасці арганізацыі. Плануецца набыць устаноўку для паніжэння ўзроўню грунтовых вод, а ў далейшым мець і невялікую перасовачную помпавую станцыю. Неабходнасць у такім абсталяванні маецца вялікая, бо працаваць давядзецца ў пойме Прыпяці. Яшчэ паспяховая дзейнасць арганізацыі залежыць ад прафесіяналізму калектыву. Тут пастаянна клапоцяцца аб павышэнні кваліфікацыі работнікаў, якія накіроўваюцца на курсы перападрыхтоўкі. Таму многія валодаюць некалькімі спецыяльнасцямі, а гэта адбіваецца не толькі на велічыні выкананых работ, але і іх якасці. За апошнім кантроль даволі пільны. Атрыманы сертыфікат якасці ІСО 9001 — прамое сведчанне таго, як працуюць меліяратары ПМК-66 у гэтым накірунку.


З дарогай да аб’ектаў і дадому рабочы дзень меліяратараў з ПМК-66 складае намнога больш, чым восем гадзін. Але работнікі арганізацыі на гэтую акалічнасць не наракаюць, бо бачаць карысць ад сваёй працы, якая надае зямлі новую сілу, а яшчэ перакананы, што быць меліяратарам можна толькі па прызванню.


С.БЕЛКА

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.