Раўнадушнасці не месца, калі размова ідзе пра навядзенне парадку на зямлі

7 чэрвеня адбыўся Дзень кіраўніка. Тэма чарговай размовы кіраўніцтва раёна з кіраўнікамі практычна ўсіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў — добраўпарадкаванне населеных пунктаў, прылягаючых тэрыторый, стварэнне бытавых умоў у прадпрыемствах і арганізацыях раёна. У рабоце нестандартнага па форме выязнога семінара-практыкума прымалі ўдзел старшыня райвыканкама Мікалай Какора, старшыня райсавета дэпутатаў Ніна Рамановіч, намеснікі старшыні райвыканкама Уладзімір Быстрэнка і Валерый Рагалевіч, Сяргей Таболіч, а таксама іншыя афіцыйныя асобы.


Дзень кіраўніка прайшоў на базе трох магутных прадпрыемстваў раёна, патэнцыял якіх з кожным годам расце. Першае наведванне і знаёмства — з умовамі, якія створаны для працы ў адміністрацыйным будынку КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, што размясціўся на першым паверсе будуемай гасцініцы райцэнтра. Як паведаміў кіраўніцтву раёна і калегам А. Савосценка, дырэктар КУП “Жыткавіцкі камунальнік”, зроблена нямала для размяшчэння апарату прадпрыемства. На новым месцы ёсць належныя ўмовы для бухгалтарскай і пашпартна-уліковай службы, і тое, што яны размяшчаюцца цяпер у цэнтральнай частцы горада, а не недзе наводшыбе, добра для ўсіх жыхароў райцэнтра. Хаця ж, у плане добраўпарадкавання вакол адміністрацыйнага будынка, яшчэ трэба нямала зрабіць на гэтым аб’екце, — акцэнтаваў старшыня райвыканкама М. Какора.


Прыемнае ўражанне пакінула ў кіраўнікоў база забеспячэння ААТ “Жыткавічыхімсервіс”. У цэху, дзе наладжана вытворчасць арганічна-мінеральных сумесяў, кіраўнік прадпрыемства Віктар Атліванаў паведаміў, што сумесі пастаўляюцца для патрэб ААТ “Беларуснафта”, прадпрыемствам водаканалаў Беларусі, “Прамбурводу”. У мінулым годзе ім пастаўлена амаль 7 тысяч тон. Акрамя гэтага, тут гатуюцца розныя грунты для пастаўкі ў гандлёвую сетку — гэты запатрабаваны тавар карыстаецца попытам паўсюль. У дастатковай колькасці яго маецца і ў крамах раёна.


Таксама ўдзельнікі Дня кіраўніка наведалі адміністрацыйныя і бытавыя памяшканні, дзе ёсць усе умовы для працы, працуе лазня і міні-басейн, ёсць душ. Чысціня і парадак на тэрыторыі — разбіты клумбы.


Далейшы шлях быў на кацельню “Паўночная”, што падначалена камунальнай службе раёна. Гэта, па-сутнасці, новы, сучасны комплекс, на які затрачана больш двух мільярдаў рублёў. Але, дзякуючы рэканструкцыі, зняты ўсе праблемныя пытанні па забеспячэнню цяплом і гарачай вадой мікрараёна. Высокатэхнічнае забеспячэнне плюс выдатнае добраўпарадкаванне (нават ёсць маленькі фантан і цікавыя кампазіцыі) гаворыць пра тое, што тут працуюць адказныя і творчыя людзі. Дарэчы, такую ж сітуацыю кіраўнікі назіралі на газава-мазутнай кацельні ДПТВ-182, што забяспечвае цяплом і гарачай вадой тры мікрараёны ўжо некалькі гадоў. І тут стварылі на тэрыторыі цікавы водна-кветкавы каларыт. Прыгожа, нічога не скажаш, і, як падкрэсліў старшыня райвыканкама, патрабуе толькі жадання зрабіць былую пустэчу прыгожым кутком, які радуе вока.


Нямала цікавага кіраўнікі даведаліся, наведаўшы вытворчую базу ААТ “Жыткавічыхімсервіс”, дзе агледзелі электрычны, такарны цэхі, майстэрню, бытавыя ўмовы для работнікаў, а таксама нядаўна адчынены магазін, дзе таварыства рэалізуе мяса (маецца свая свінаферма на 800 галоў) і тавары сваіх партнёраў. Магазін, як было заўважана кіраўнікамі, будзе запатрабаваны, нягледзячы, што знаходзіцца крыху ўбаку ад цэнтра горада.


У ААТ “Агратэхсервіс” апошнім часам таксама адбыліся добрыя перамены: тут абсталявалі кабінет па ахове працы, навялі парадак на вытворчай тэрыторыі, ажыццяўляюць пільны кантроль за выхадам аўтатранспарту на лінію, наладзілі абслугоўванне энерганасычаных трактароў. Апошнюю пазіцыю, па словах А. Ляшкевіча, дырэктара ААТ, не так лёгка было ажыццявіць але ў калектыва ёсць жаданне ісці да новых вышынь, як у вытворчым плане, так і ў плане добраўпарадкавання, хоць і робіцца ў гэтым накірунку, як пераканаліся калегі кіраўніка таварыства, сапраўды нямала. Ды і ў асваенні новых відаў прадукцыі — як цагляныя агароджы, розныя цагляныя формы — тут маюць неблагія напрацоўкі.


Пленарнае пасяджэнне адбылося ў актавай зале ААТ “Жыткавіцкі агратэхсервіс”. Пра пралікі ў добраўпарадкаванні і станоўчыя моманты быў паказаны відэарад, які зняты адпаведнымі службамі. На жаль, недахопы значна перакрываюць добрае, што ўжо зроблена. Таму і размова была патрабавальнай: як палепшыць справы? Як пераўтварыць горад і населеныя пункты ў прывабныя воку далягляды?


Пра праблемы і перспектывы добраўпарадкавання населеных пунктаў раёна паведамілі прысутным начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама М.Зубко, начальнік аддзела архітэктуры і будаўніцтва А.Савіч, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Л. Белка.


Як адзначыў старшыня райвыканкама Мікалай Какора, задача ўсіх без выключэння кіраўнікоў — зрабіць свой горад прыгожым і прыцягальным. Зрухі, зразумела, да лепшага ў нас назіраюцца, але гэта толькі зрухі, а сур’ёзнай працы пакуль няма. Яна нібыта ў планах. І чаму прадпрыемствы забываюцца на так званыя чыстыя чацвяргі? Есць жа адпаведнае рашэнне райвыканкама. А прыбраць, давесці да ладу тэрыторыі выходзяць адзінкі людзей. Гэтая праблема не можа не хваляваць, адзначыў М. Какора.


На думку кіраўніцтва раёна, ёсць неабходнасць да тэмы добраўпарадкавання падыходзіць і больш творча. І калі асабіста кіраўнік павернецца тварам да гэтай праблемы, то размовы ўсе будуць дарэмныя. Але ж уладныя структуры пакідаюць за сабой права спытаць за выкананне дзяржаўных праграм і дакументаў. І гэтае права, як адзначалася, будзе выкарыстоўвацца ў поўнай меры.


На падвядзенні вынікаў Дня кіраўніка, які, як адзначалася, праз знаёмства з працай калег падштурхоўвае іх паляпшаць сітуацыю ў многіх накірунках, у тым ліку вытворчых, і навядзенні парадку на зямлі, размова ішла аб стварэнні новых перспектыўных вытворчасцяў — на думку начальніка аддзела эканомікі А.Чорнай, у іх бачыцца паспяховае развіццё рэгіёна. Таксама начальнік упраўлення па занятасці, працы і сацыяльнай абароне Н. Макарэвіч зрабіла аналіз і паведаміла пра перспектывы росту заробку працоўнымі на прадпрыемствах раёна рознай формы ўласнасці.


У. МІКАЛАЕЎ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.