Сціпла служыла дабру

На маім жыццёвым шляху сустрэлася мноства па-сапраўднаму высакародных, мудрых людзей, якіх называю сябрамі. Але ж самая любая, самая душэўная і надзейная сяброўка, з якою дзяліла радасці і гора і якая можа служыць прыкладам сціплага служэння дабру, — гэта Ніна Іванаўна Іванова.


Нашай дружбе паўвека. Жывем мы ў розных кутках Беларусі, але заўсёды побач. З Нінай Іванаўнай мы вучыліся на гісторыка-геаграфічным факультэце і жылі ў адным пакоі. Гэта асобая старонка нашага жыцця — лепшыя гады. Можна многа расказваць, як мы жылі на адну стыпендыю, а на другую — куплялі абноўкі, як спалі “валетам” на жалезным ложку, які прагінаўся да самай падлогі, як пілі гарбату з аднаго кубка і пяклі магілёўскую “замазанку” з аднаго яйка, як рыхтаваліся да экзаменаў і здавалі іх у час сесіі, выконвалі “культурную” праграму, як ездзілі ў Рабавічы да цёці Ніны, якая стала для нас другой мамай. Можна многа пісаць аб нашым студэнцкім жыцці, але ж я хачу расказаць менавіта аб сваёй самай лепшай сяброўцы.


Ніна — дзіця вайны. Нарадзілася ў 1940 годзе ў Баку. 21 чэрвеня 1941 года маці з маленькай дачушкай прыехала ў госці да сваёй сястры ў вёску Рабавічы Магілёўскай вобласці, а 22 чэрвеня пачалася вайна. Цяжкія ваенныя і першыя галодныя пасляваенныя гады яны пражылі ў Беларусі. Ніна тут нават закончыла тры класы пачатковай школы, а потым яны вярнуліся ў Баку.


Так склаліся сямейныя абставіны, што Ніна зноў прыехала ў Беларусь да цёці. Закончыла дзесяты клас Рабавіцкай сярэдняй школы з медалём і паступіла ў Магілёўскі педінстытут. Здольная, старанная, сціплая, добразычлівая, яна не толькі сама паспяхова вучылася, але ахвотна дапамагала ўсім тым, хто ў гэтым меў патрэбу. Мы любілі слухаць песні ў выкананні Ніны з рэпертуару К. Шульжэнка. Яе яркі, непаўторны голас звінеў гучна-гучна, “наша Шульжэнка”, “весялушка” называлі яе так. Мне давялося з Нінай Іванаўнай праходзіць педагагічную практыку.


Першыя крокі сведчылі, што шлях выбраны правільны. Урокі праводзіла цікава, змястоўна, захапляюча — заўсёды з адзнакай “выдатна”.


Каля 40 гадоў Ніна Іванаўна аддала школе. Пачынала на Брэстчыне, некалькі гадоў працавала ў Хваенску, а ўсё яе творчае жыццё — Чырвоненская сярэдняя школа. Тут яна вырасла ў майстра сваёй справы, прафесіянала самай высокай пробы. Ад настаўніцы гісторыі і грамадазнаўства, класнага кіраўніка да намесніка дырэктара па вучэбнай рабоце, дырэктара школы.


На ўсіх пасадах Ніна Іванаўна вылучалася добрасумленным стаўленнем да сваіх абавязкаў, уважлівымі адносінамі да вучняў, калег, сяброў, знаёмых. Ніколі не праходзіла міма чужога гора, бяды, усюды паспявала. Яна лепш за якую родную маці магла растапіць лёд у душы дзіцяці, якому не пашанцавала з сям’ёй.


Выйшаўшы на пенсію, Ніна Іванаўна падтрымлівае сувязь са сваімі былымі калегамі, выпускнікамі.


Нядаўна патэлефанавала сваёй сяброўцы, каб задаць заўсёдныя пытанні: што чуваць, як здароўе, чым займаешся? У адказ прагучала: “Вось збіраюся на работу, запрасілі на замену ўрокаў гісторыі і грамадазнаўства”.


Два месяцы працавала з захапленнем, старанна рыхтавалася да кожнага ўрока, радавалася поспехам вучняў, камфортна адчувала сябе ў калектыве маладых калег.


Ніна Іванаўна выхавала сваіх чатырох прыстойных сыноў, у яе падрастаюць 16 унукаў і адна праўнучка. Дзеці і ўнукі любяць ласкавую матулю і клапатлівую бабулю.


Мне пашанцавала, што побач быў такі чалавек, як Ніна Іванаўна. З ёю заўсёды лёгка і проста. Адна яе добразычлівая ўсмешка можа выцесніць з душы згрызобы і сумненні. Дзякуй табе за ўсё, сяброўка! З юбілеем цябе! Жыві яшчэ доўга, шчасліва!


Л. БЫЛІНА.


Ад рэдакцыі. Хутка ў Ніны Іванаўны Івановай — даўняга сябра нашай раённай газеты — юбілей. Сардэчна віншуем сапраўднага педагога з гэтай жыццёвай падзеяй, чарговай прыступкай да шчасця і дабрыні. Моцнага здароўя Вам, Ніна Іванаўна!

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.