Старанне і працавітасць уласцівы калектыву неўралагічнага аддзялення Жыткавіцкай цэнтральнай раённай бальніцы

Гэтыя якасці дапамагаюць ставіць на ногі самых безнадзейных хворых.


Загадчык аддзялення Таццяна Міхайлава да штодзённых абходаў пацыентаў адносіцца сур’ёзна. Гэта адчуваюць і хворыя, таму адносяцца да маладога ўрача прыхільна і адначасова з павагай.


— Нешта вы забыліся на нас, Таццяна Уладзіміраўна, дні два як у палату не заходзілі, — гэтак пацыенты вітаюць свайго ўрача пасля выхадных.


Таццяна на гэтую жартоўную заўвагу таксама стараецца адказаць вясёлым слоўцам. Калі кантакт устаноўлены, урач пачынае сваю справу. Цікавіцца самаадчуваннем пацыентаў, аглядае, запісвае ў карткі неабходнае лячэнне. Пакуль не агледзіць усіх хворых. Толькі тады ўрач пакідае палату, напаследак выкажа пажаданні хутчэйшага выздараўлення.


— Пацыенты лечацца ў нашым аддзяленні больш пажылога ўзросту і не з самымі лёгкімі хваробамі, — зазначае Таццяна Уладзіміраўна, — таму для іх цёплае слова падтрымкі з’яўляецца такім жа лекам як і медыцынскія прэпараты.


Неўралагічнае аддзяленне не самы лёгкі ўчастак у бальніцы. Тут многія ляжаць пасля складаных аперацый, і каб людзі хутчэй выздараўлівалі, догляд з боку персанала для іх мае вялікае значэнне. Некага і пакарміць неабходна, некаму дапамагчы выйсці ў санвузел, пераслаць ложак і, канешне ж, своечасова правесці ўсе прызначэнні ўрача. Праблем з гэтым няма, аб тым сведчыць высокая прафесійная падрыхтоўка персаналу. У аддзяленні працуе сем медсясцёр, пяць малодшых медыцынскіх сясцёр, адна сястра-гаспадыня, і адна раздатчыца.


— У нашым аддзяленні ўсе медсёстры маюць кваліфікацыйныя катэгорыі, што сведчыць аб іх прафесіяналізме, нават санітаркі з’яўляюцца малодшымі медыцынскімі сёстрамі, — расказвае пра калектыў аддзялення яго старшая медсястра Тамара Леўкавец. — Яшчэ адным плюсам нашага калектыву можна лічыць тое, што ўсе яго работнікі вопытныя і спрактыкаваныя, якія ў сістэме аховы здароўя адпрацавалі па дзесятку і болей гадоў.


Бясспрэчна, што любы кіраўнік рады, калі ў яго падпарадкаванні такія вопытныя работнікі. А калі гэты кіраўнік яшчэ толькі пачаў сваё ўзыходжанне да вяршынь майстэрства. Менавіта так можна сказаць пра Таццяну Уладзіміраўну, якая кіруе аддзяленнем неўралогіі зусім няшмат часу.


У аддзяленні створаны ўсе выгоды, каб добра працаваць і лячыць пацыентаў. Хаця і пэўных праблем пазбегнуць не заўсёды ўдаецца. Усё ж у аддзяленні адначасова лечыцца тры дзесяткі пацыентаў і ў кожнага з іх свой характар, свой нораў, і кожны хоча атрымаць сваё, зыходзячы з уласных меркаванняў пра лячэнне і абыходжанне. Але працавітасць і старанне персанала неўралагічнага аддзялення дапамагаюць абыходзіць такія вострыя вуглы, таму і адчуваюць тут пацыенты сябе камфортна і маюць цвёрдую ўпэўненасць, што ім дапамогуць.


С. БЕЛКА.


НА ЗДЫМКУ: (на першай старонцы) медработнікі неўралагічнага аддзялення ЦРБ (злева направа) санітарка Ларыса Насановіч, сястра-гаспадыня Людміла Давідовіч, паставая медсястра Жанна Амельчышына, в.а. загадчыка аддзялення Таццяна Міхайлава, старшая медсястра Тамара Леўкавец, працэдурная медсястра Ірына Міхайлава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Этот сайт использует Akismet для борьбы со спамом. Узнайте, как обрабатываются ваши данные комментариев.